АКТЫВІСТ, ДОБРЫ СПЕЦЫЯЛІСТ…

Люди и судьбы

Ёсць людзі, якім лёс не дае магчымасці ісці абраным шляхам, займацца ўлюбёнай справай. Але адымаючы адно, ён быццам бы ўзнагароджвае іншым, дае надзею. Трэба толькі мець мужнасць развітацца з марай і настойліва шукаць сваё месца ў жыцці. Звычайна гэта найлепш атрымліваецца ў даваеннага пакалення, на дзяцінства альбо юнацтва якога выпалі голад, холад, нястачы, жахі, страты, у параўнанні з якімі ўсе іншыя выпрабаванні здаюцца дробяззю…

Усё гэта ў поўнай меры можна аднесці да ўраджэнца Дзяржыншчыны, сённяшняга чэрвеньца Іосіфа Уладзіміравіча Жукоўскага. Нарадзіўшыся 12 снежня 1936 года, ён замест бесклапотнага дзяцінства атрымаў вогненнае. Бачыў немцаў і паліцаяў, на сваёй спіне адчуў моц варожага бота, боль і роспач… Па-свойму, па-дзіцячы спрабаваў нанесці фашыстам хоць якую шкоду… Умела ўтойваў сувязь сям’і з партызанамі і тое, што народныя мсціўцы раз-пораз начавалі ў хаце…

Пасля вайны Іосіф Жукоўскі марыў паступіць у сувораўскае вучылішча. Але, відаць, нястачы не прайшлі дарэмна для арганізма — забракавалі па зроку. І з кастрычніка 1953 года яго другой малой радзімай стаў Чэрвень, а месцам працы на доўгіх 55 гадоў і 4 месяцы — Таварыства сляпых (інвалідаў па зроку). Не гэтага, канешне, ён чакаў ад жыцця, не пра такое марыў. Але калі лёс так распарадзіўся, вырашыў усяго сябе аддаць працы, у тым ліку — і грамадскай. Колькі прафесій Іосіф Уладзіміравіч асвоіў! Колькім людзям перадаў свае ўменні — не злічыць…

Ён і зараз памятае цэхі вучэбна-вытворчага прадпрыемства Таварыства сляпых у Чэрвені такімі, якімі яны былі на пачатку пяцідзесятых. Месціліся ў драўляных будынках, усе аперацыі работнікі — з аслабленым зрокам і невідушчыя — выконвалі ўручную. 16-гадовага Іосіфа накіравалі ў цэх, дзе шылі коўдры. І літаральна за тры месяцы здольны хлопец асвоіў мудрагелістую навуку, дзе патрэбны былі, апрача ўсяго іншага, чуйныя пальцы. Шыў коўдры дзіцячыя і дарослыя, палутарныя і двухспальныя… Даводзілася нават шыць іх на выставы, якія ладзіліся ў раёне.

За доўгі час сваёй працы Іосіф Жукоўскі шмат чаму навучыўся. Так, апрача ўсяго іншага, асвоіў вытворчасць валёнак. Рабочым, прыгадвае, даводзілася працаваць у цяжкіх умовах. У цэху здымалі столь, бо парнасць была вялікая. Працавалі паўадзетымі — і ўсё роўна задыхаліся. Ацяпленне было пячное. А печ служыла не толькі для абагрэву. Пасля выпальвання адтуль выграбалі вуглі і… ставілі на ноч гатовыя валёнкі — сушыцца.

Быў на пачатку пяцідзесятых у Таварыстве сляпых і свой вяровачны цэх. Там наладзілі ўвесь працэс. Ачышчалі пяньку, клеілі звычайным сталярным клеем, звівалі-скручвалі… Гэтая прадукцыя была найбольш запатрабаваная калгасамі.

Яшчэ тут рабілі цюфякі. Знаходзілася справа і для надомнікаў. Менавіта Іосіф Жукоўскі ездзіў у Бабруйск, каб асвоіць выраб гаспадарчых сетак для прадуктаў з шаўкова-віскозных нітак, а затым наладзіць іх вытворчасць у Чэрвені. Ніткі атрымлівалі толькі белага колеру, таму іх напачатку фарбавалі. А далей чуйныя рукі надомнікаў пры дапамозе чаўнакоў рабілі сеткі, якія рэалізоўвала райспажыўтаварыства.

Калі ўзвялі двухпавярховы будынак Таварыства сляпых і туды пераехалі цэхі, работа стала больш аўтаматызаванай, прыгадвае Іосіф Жукоўскі. У вытворчасці валёнак бралі ўдзел кулачная машына, электрычная сушылка, а над ваннамі стаялі выцяжкі…

Год ішоў за годам. З рабочых вучэбна-вытворчага прадпрыемства Таварыства сляпых Іосіф Уладзіміравіч дарос да інструктара швейнага цэху і ўжо сам вучыў іншых. Пасля аб’яднання вытворчасці яго прызначылі інжынерам па якасці. Калі чэрвеньскае прадпрыемства аб’ядналася з мінскім і зрабілася яго філіялам, асноўным месцам працы для людзей стаў электразборачны цэх. Іншыя ж паступова ліквідоўваліся. Іосіфа Жукоўскага прызначылі старшым майстрам. На гэтай пасадзе ён з усёй адказнасцю шчыраваў не адзін год. І яшчэ даволі доўга працаваў майстрам.

А яшчэ ён усё жыццё меў важкія грамадскія даручэнні. Напачатку яго прызначылі сакратаром камсамольскай арганізацыі, куды ўваходзілі… ўсяго тры чалавекі. За год Іосіф Уладзіміравіч сагітаваў і прыняў у рады ВЛКСМ 6 чалавек, затым — 13… І хутка камсамольская арганізацыя налічвала тут ужо 26 чалавек. Ладзілі сходы, удзельнічалі ў раённых мерапрыемствах… Апрача ўсяго іншага, займаліся азеляненнем тэрыторыі. Цэлыя алеі садзілі! А рознакаляровай прыгажосцю кветак захапляліся ўсе, хто ішоў міма тэрыторыі Таварыства сляпых. Таксама зараблялі грошы для ўзвядзення ў парку г.Чэрвеня помніка камсамольцам, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Пералічвалі ўласныя заробкі, рэалізоўвалі латарэі… За сваю актыўнасць Іосіф Жукоўскі быў узнагароджаны Ганаровай граматай ЦК ВЛКСМ. Адбылася падзея, па яго словах, у 1960-ым годзе. А за год да гэтага ў асабістым жыцці Іосіфа Жукоўскага адбыліся прыемныя змены. Ён ажаніўся са сваёй каханай Янінай. І разам яны — ужо больш за паўстагоддзя!

Здавалася б, нагрузкі хапае: сямейнае жыццё маладых, вялікая актыўнасць на працы, камсамол… Але вось такі няўрымслівы чалавек Іосіф Жукоўскі! Вырашае яшчэ стаць членам брыгады садзейнічання міліцыі, якая пазней пачала называцца дружынай. І дружыннікам ён быў таксама актыўным. Добра ведаў усіх участковых, а яны — яго. Разам з іншымі добраахвотнымі памочнікамі ездзіў і хадзіў на дзяжурствы, патруляваў вуліцы, грамадскія месцы адпачынку. Двойчы ўзнагароджаны значком «Выдатны дружыннік БССР». А яшчэ Іосіф Уладзіміравіч вырашыў набыць больш ведаў па школьнай праграме. У 1971 годзе заканчвае 11 класаў Чэрвеньскай вячэрняй школы працоўнай моладзі. Не аднойчы накіроўвалі на курсы павышэння кваліфікацыі. А калі адшумелі яго камсамольскія гады, уступіў у партыю, доўгі час быў сакратаром партыйнай арганізацыі Таварыства сляпых…

Калі зараз Іосіф Уладзіміравіч прыгадвае свае шматлікія навыкі, даручэнні, абавязкі, то з прыемнасцю гаворыць пра камандзіроўкі ў Кемерава. Адтуль Чэрвеньскае Таварыства сляпых атрымлівала пластмасавую аснову для электрапатронаў. І вось штоквартальна, чатыры разы на год, Іосіф Жукоўскі накіроўваўся ў Кемерава, каб арганізаваць адпраўку ў Беларусь неабходнай колькасці дэталяў. І, зазначае, у яго гэта атрымлівалася даволі хутка.

Добра ў свой час разбіраўся ён і ў якасці воўны для валёнак. Мог нават забракаваць прапанаваную партыю. Хаця проста так, на вока, неспецыялісту і не вызначыць, у чым там справа. А ён — мог… Стараннасць і адказнасць Іосіфа Жукоўскага ў 1981 годзе ацэнена медалём «За працоўную доблесць». Ён — ветэран працы, таксама мае медаль.

Ну, а ў сям’і нарадзіліся і выраслі дзве дачкі, займелі спецыяльнасці, стварылі свае сем’і, нарадзілі дзяцей… У Іосіфа Уладзіміравіча і Яніны Васільеўны ўжо і праўнукі ёсць…

Звольніўся Іосіф Жукоўскі з працы па ўласным жаданні параўнальна нядаўна — у 2009 годзе. Хаця, зазначае, угаворвалі застацца. Але зрок зусім упаў, цяжка стала працаваць.

Калісьці на пачатку сямідзесятых Таварыства сляпых выкупіла для сваіх работнікаў цэлы пад’езд у доме па вуліцы Барыкіна. Ён удала размясціўся паблізу ад лесапарку. Атрымалі тут кватэру і Жукоўскія. Вось зараз і змагаецца са сваімі хваробамі Іосіф Уладзіміравіч няўрымслівасцю ды актыўнасцю. Імкнецца штодзень гуляць па сцежцы здароўя ў лесапарку, адмяраючы тры, а то і пяць кругоў. Калі дужа мокра, тады па стадыёне, але ўжо — пятнаццаць… А на сваё роднае прадпрыемства прыходзіць на ўрачыстыя сходы ды святочныя мерапрыемствы.

Лёс не даў Іосіфу Жукоўскаму магчымасці стаць вайскоўцам. Але слухаючы яго падказкі, ён здолеў жыць цікава і актыўна. І слабасць зроку не сталася для гэтага перашкодай…

Святлана АДАМОВІЧ

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *