АДПАЧЫЛІ АД ТУРБОТ І ПАВЕСЯЛІЛІСЯ

Общество

Нядаўна ў нашым сельскім Доме фальклору (СДФ) сабраліся пажылыя людзі вёсак Горкі і Горкаўская Слабада — на свята «Нам засталася спадчына», якое ладзілася сумесна з бібліятэкарам мясцовай сельскай бібліятэкі Святланай Вайцяховіч. Прысутным яна распавяла пра тое, што ў гэтым годзе святкуецца 130-годдзе слынных класікаў беларускай літаратуры — Янкі Купалы і Якуба Коласа. Была прыгожа аформлена кніжная выстава і праведзены агляд літаратуры. Удзельнікі мерапрыемства з задавальненнем паслухалі песні «Мой родны кут», «Явар і каліна», «Нашто бабе агарод», «Шумныя бярозы» ў выкананні акампаніятара Горкаўскага СДФ Андрэя Каленіка. Прагучалі ўрыўкі з вершаў Якуба Коласа.

У гэты дзень адзначаўся трэці Спас. Таму другі мастацкі кіраўнік СДФ Таццяна Савонава выйшла да прысутных з ласункамі — мёдам, яблыкамі, арэхамі — і распавяла пра народныя жнівеньскія святы. У выкананні фальклорнага калектыву «Далінушка» гучалі песні — «Далінушка», «Жыта ў полі», «Каваль», «Харашуха». Весела падпявалі госці.

А потым пачалася танцавальная праграма. Таццяна Савонава разам з дырэктарам нашага СДФ Вольгай Маковіч развучылі з прысутнымі танец «Полька па-горкаўску». Яго перадала нам у спадчыну аднавяскоўка Таццяна Сцяпанаўна Тумус. Напрыканцы ўсе разам выканалі любімую песню — «Вёсачка мая». Таццяна Савонава пачаставала ўдзельнікаў мерапрыемства мёдам, арэхамі і яблыкамі.

Галіна ВОРНІК,

мастацкі кіраўнік Горкаўскага сельскага Дома фальклору

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *