А вы ведаеце, што такое мамардзіка?

Общество

Я, напрыклад, не ведала, пакуль пра яе не распавялі нашы чытачы Пілуі з Натальеўска. Валянціна Іванаўна вырасціла экзатычную расліну на сваім агародзе. Аказваецца, плады мамардзікі па форме нагадваюць агурок даўжынёю 15—20 сантыметраў. Пры выспяванні з зялёнага становiцца ярка-аранжавым.  Каляплоднiк — рубiнавага колеру, на смак нагадвае хурму.  Спелыя плады могуць захоўвацца 2-3 тыднi. Іх ядуць свежымі, на зіму — марынуюць.  Назва паходзiць ад лацiнскага momordicus, што азначае куслiвая. Чаму? Ды таму што, калі раслiна развiваецца, яна пячэцца як крапiва. І толькі пры з’яўленнi першых спелых пладоў мамардзiка перастае «кусацца». Не дзіўна, што яе называюць шалёны агурок, шалёная дыня…

Уражваюць карысныя якасці. Мамардзіка садзейнічае лячэнню цукровага дыябету, бо рэгулюе ўзровень цукру ў крыві.  Таксама павышае гемаглабін і ўмацоўвае імунную сістэму чалавека. Выкарыстоўваецца і для лячэння страўнікавай хваробы, гастрытаў, пры кашлі, гіпертаніі.

Як вырошчваюць мамардзіку Пілуі, дзе можна набыць насенне і многія  іншыя падрабязнасці раскажу наступным разам, пасля таго, калі наведаюся да гасцінных гаспадароў. Яны запрасілі да сябе і абяцалі не ўтойваць усе вядомыя ім сакрэты пра цікавую ліяну з Паўднёва-Усходняй Азіі.

Падрыхтавала Эма Мікульская

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *