ШТО ЧАКАЕ МУЗЕЙНЫ ПАКОЙ КАРНАЧА Ў КЛІНКУ?

Общество

Яшчэ ўвосень 2010-га года тагачасны дырэктар Кліноцкага сельскага Дома культуры Галіна Акуліч выказвала жаданне пашырыць у гэтай культурнай установе экспазіцыю, прысвечаную яе стрыечнаму дзядзьку, земляку Пятру Аляксеевічу Карначу — беларускаму мастацтвазнаўцу, мастаку, акцёру Тэатра юнага гледача, спеваку, супрацоўніку Акадэміі навук Беларусі, аўтару манаграфій і сааўтару шэрагу кніг, уладальніку Дзяржаўнай прэміі Беларусі… Багата адоранаму, надзвычай таленавітаму і ў той жа час сціпламу чалавеку, які пайшоў з жыцця ў 64 гады.

А сёлета яму споўнілася б 80. І ён сапраўды заслугоўвае і неўміручай памяці аб ім не толькі жыхароў Клінка, а і ўсёй Чэрвеньшчыны, і добрых слоў, і ўспамінаў, і… музея. Магчыма, зараз на Беларусі гэты чалавек і прызабыты. На жаль. Але на малой радзіме ён жыве ва ўдзячнай памяці нешматлікіх ужо родзічаў, а значыць — і аднавяскоўцаў.

Яго стрыечная пляменніца Галіна Акуліч спраўдзіла-такі даўнюю задуму і арганізавала музейны пакойчык. Па меры магчымасці «Раённы веснік» таксама прыгадвае Пятра Карнача. Так, у лістападзе 2010-га года пра свае стасункі з ім хораша ўзгадвала колішняя аднакласніца з Чэрвеня Таццяна Сяргееўна Федарэнчык. Пра яго прыезды ў Кліноцкую школу — колішняя яе, школы, настаўніца Ларыса Рыгораўна Ганчарык. Менавіта яна першай аформіла стэнд на ўшанаванне нашага земляка, які пасля закрыцця школы перадала ў сельскі Дом культуры. Тады ж, у 2010-м, успамінамі падзялілася і Галіна Акуліч. Было змешчана яе фота — на фоне згаданага стэнда і карцін Карнача, што размяшчаліся ў фае.

Ну, а сёлета я з пэўным хваляваннем пераступаю парог невялічкага пакойчыка. Крыху — цемнаватага, крыху — цеснаватага, але разам з тым надзвычай утульнага. З цікаўнасцю разглядаю сапраўдныя экспанаты. Бабінны магнітафон. Кнігі. Фотаздымкі. Малюнкі. Стэнды. Дакументы. Карціны…

 

Колькі ўжо існуе гэты пакой? — цікаўлюся ў Галіны Акуліч.

— З мінулага лета. Штосьці Ларыса Рыгораўна Ганчарык аддала са школьнага музея, штосьці — сястра дзядзі Пеці, Марыя Аляксееўна. Магнітафон вось з дзвюма бабінамі запісаў, пінжак, фотаздымкі, замалёўкі алоўкам… Нават колькі паштовак віншавальных — ад вядомых людзей Беларусі, арыгіналы дакументаў… Як вы ведаеце, калісьці ён працаваў у Тэатры юнага гледача. Апрача артыстычнай дзейнасці, Пётр Аляксеевіч рабіў вось такія эскізы, а па іх ужо стваралі дэкарацыі.

— І гэта яшчэ раз гаворыць пра тое, што чалавекам ён быў рознабакова адораным…

— Так. Калі я заходзіла ў Акадэмію навук, дзе дзядзя Пеця працаваў, да нашай аднавяскоўкі Таццяны Гутнік, дык яна казала, што калегі збіраюцца прыехаць сёлета ўлетку ў Клінок і прывезці ў падарунак шасцітомнік, дзе Пётр Карнач выступаў сааўтарам.

— Галіна Іванаўна, а як часта ён дахаты прыязджаў?

— Ой, кожныя выхадныя! Так любіў сад свой… У іх вялізны быў. Вось ён прыязджае… І заўсёды такі просты-просты, з рукзачком. І — ледзь не бегма. Толькі пераапрануўся — і ўжо дзядзя Пеця з пілачкай у садзе. Увесну штосьці адпілоўвае, улетку — падвязвае… Ён і нацюрморты такія маляваў: букет — і яблыкі, букет — і грушы… Многа-многа!

Калі ён памёр, многія яго калегі, сябры, знаёмыя прыехалі на пахаванне. І вось было нават неяк ніякавата… Калі пахавалі, зайшлі за жалобны стол. А тады ўсталі і хорам спявалі яго песні…

Ведаеце, у хаце ў іх заўсёды пахла яблыкамі. І ўзімку, і ўлетку. Не было склепа, затое частка кухні — без падлогі. Туды ссыпалі бульбу і складвалі яблыкі. Звычайна — у бочкі. Дзядзя Пеця кожны яблычак альбо ў паперу загортваў, альбо саломай перакладваў.

Увогуле, прыгожа ў іх было ў хаце. Адзін пакой, тады другі. Вялікі-вялікі, і ўвесь у карцінах. А падлога не пафарбаваная, а пакрытая лакам.

Яго маці маёй бабулі — родная сястра. Пастаянна ткала, вышывала. І ў хоры калісьці спявала. Там былі жанчыны і толькі адзін дзед Антон. «Восем дзевак — адзін я». Дзядзя Пеця калісьці прыязджаў са здымачнай групай з тэлебачання. Пачыналася перадача так: паказваюць іх хату, маці расчыняе акно і садзіцца, чакае сына. І ён там спявае, і хор той кліноцкі — з дзедам адным…

Яшчэ памятаю, што заўсёды як Вялікдзень ці іншае свята, Карначы выносяць стол на вуліцу. Жанчыны за ім, дзядзя Пеця… І песні — да самай ночы!

Вось у той хаце, з тымі карцінамі быў бы музей дык музей! Але… позна. Прададзена хата. Я яшчэ да гэтага прасіла Марыю Аляксееўну, сястру яго: «Давайце зробім музей!» Ды не дапрасілася…

— А з карцінамі — што?

— Ой, прыйшла я, а яна: «Ты позна прыйшла. Я раздала па вёсцы». Я — да адной, да другой… Быццам бы адна жанчына паабяцала аддаць. Хацелася б, каб у музейным пакоі карцін болей было. Каб болей людзей іх маглі ўбачыць…

— Дык, можа, давайце праз газету звернемся да землякоў?

— А давайце! Шаноўныя аднавяскоўцы! Калі хто мае карціны Пятра Аляксеевіча, не пашкадуйце іх для музейнага пакоя. Давайце разам ушаноўваць яго памяць, збіраючы творы мастацтва…

Памятаю, як дзядзя Пеця падараваў мне карціну «Жоўтыя ружы». Яна мне дужа падабалася. Тады яшчэ школа наша дзейнічала. І ехала якаясьці праверка. Дык я карціну і аддала — у сталовую на сценку павесіць. І куды яна знікла? Не магу тых ружаў знайсці. Шкада. Памяць. Так бы музейны пакой ажывілі.

Яго сястра кажа: «Вось выкінула яго дыпламат…» А хай бы быў у нас! Ледзь не выкінула гэты магнітафон. І толькі дзве бабіны захавалася. На адной — песні ў выкананні Пятра Карнача пад інструментальны аркестр, на другой — пад баян…

Даўней была такая перадача… Дзядзя Пеця амаль пастаянна ў ёй знімаўся. Калі правільна запомніла, называлася «Мой адрас — Савецкі Саюз». Тады ж мабільнікаў не было. Ды і тэлефонаў стацыянарных у вёсцы — не столькі. Дык Пётр Аляксеевіч ці ліст, ці паштоўку дасылаў: «Глядзіце такога і такога чысла…» І мы ўжо ўсёй сям’ёй пасядзем перад тэлевізарам: там наш дзядзя Пеця будзе выступаць…

— А ў гэтым музейным пакоі ці хто бывае?

— Бываюць. Я ўсіх запрашаю. Хто б ні прыйшоў у клуб — сюды. Не ведаю, чаму ў мяне такія трапяткія адносіны. Можа, таму, што ён — мой дзядзька… Але і без гэтага — чалавек, дастойны ва ўсіх адносінах…

Ну вось і зноў спазніліся… Сапраўды, маруднасці не даруюць ні Спадарыня Гісторыя, ні Яго Вялікасць Час. Не давялося пабыць у бацькоўскай хаце Пятра Аляксеевіча Карнача. Але заплюшчу вочы — і так яскрава яна ўстае перада мною з апісанняў Галіны Акуліч…. І такі быў бы там музей — замежнікаў можна было б запрашаць. Эх, каб яшчэ крыху больш настойлівасці, шчырай зацікаўленасці, матэрыяльнай падтрымкі…

Але замест гэтага — бясконцыя «калі б», «калі б», «калі б»… Калі б набыў раён хату ў сястры Пятра Карнача — быў бы музей… Калі б захавалася ў Клінку школа, вучні маглі б сачыненні і цэлыя доследныя працы пісаць па творчай спадчыне земляка. І музейны пакой напаўняўся б тэкставай інфармацыяй, якой відавочна не стае. Калі б не звольнілася з пасады яго дырэктар Галіна Акуліч — энтузіястка, шчыра зацікаўлены чалавек, які столькі ведае пра асобу Пятра Карнача, праца па ўшанаванню яго памяці працягнулася б…

Дык што — нам застаецца толькі шкадаваць, сумаваць па страчаных магчымасцях? Ці штосьці яшчэ можна змяніць? І што чакае музейны пакой Карнача ў Клінку — забыццё ці ўсё ж развіццё? Я — за апошняе!

 

Святлана АДАМОВІЧ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *