НА ФОРВАРДАРЫ ПРАЦУЕ ПЕРАМОЖЦА І ПРЫЗЁР!

Общество

Васямнаццаць з паловай гадоў шчыруе ў Чэрвеньскім лясгасе Міхаіл Вінцэнтовіч. За гэты час ваджэнне рознай лесанарыхтоўчай тэхнікі асвоіў, розныя аперацыі на ёй. Пагрузка, разгрузка, траляванне, вываз драўніны… Трактар, пагрузачна-транспартная машына МПТ 461.1… З году ў год расло яго майстэрства. Таму недарэмна сёлета пасля Новага года менавіта Міхаілу Вінцэнтовічу даверылі новенькі форвардар — вялізную машыну вагой у 15 тон (і гэта без загрузкі!), дзе пярэднія колы — амаль у рост чалавека.

Каб добра ўпраўляцца з маніпулятарам, машыніст форвардара скончыў выязныя курсы. Ну, а справіцца з ваджэннем такой дужа сур’ёзнай тэхнікі дапамаглі навыкі, набытыя за рулём папярэдніх машын, уласнага аўто і, відавочна, гены, атрыманыя ў спадчыну ад таты-трактарыста.

Апрача працоўных поспехаў у Чэрвеньскім лясгасе Міхаіл займеў ужо і сур’ёзныя на спаборніцтвах. Толькі паўгода яшчэ адпрацаваў на форвардары, а такія годныя вынікі, такое прызнанне майстэрства мае.

Так, у сярэдзіне чэрвеня на базе Старобінскага лясгаса адбыліся абласныя спаборніцтвы «Лесаруб-2012», якія штогод праводзяцца ў мэтах павышэння прафесійнага майстэрства вальшчыкаў лесу, аператараў пагрузачна-транспартных машын, распаўсюджвання перадавога вопыту высокавытворчай і бяспечнай працы на лесасечных работах, павышэння прэстыжу прафесіі. У яго рамках спаборнічалі і машыністы форвардараў. Міхаіл Вінцэнтовіч заняў першае месца!

А ў сярэдзіне ліпеня на базе Гомельскага лясгаса адбыўся адкрыты Рэспубліканскі чэмпіянат вальшчыкаў лесу «Лесаруб-2012», у якім, апрача каманднага заліку, былі і індывідуальныя. Машыніст форвардара Чэрвеньскага лясгаса Міхаіл Вінцэнтовіч заняў другое месца сярод сямі ўдзельнікаў.

І падчас абласных, і падчас рэспубліканскіх спаборніцтваў на форвардары ён удзельнічаў у эстафеце (пагрузка, разгрузка, «змейка») і складаў з дапамогай маніпулятара піраміду з цурак. Як зазначыў у гутарцы сам пераможца і прызёр, усе навыкі ён адпрацаваў ужо да аўтаматызму. Таму, маўляў, і рабіць нескладана, і ў спаборніцтвах удзельнічаць. Ну, а ў паўсядзённым жыцці ён на форвардары збірае на ўчастках і вывозіць драўніну да пад’язных шляхоў. Працуе на тэрыторыі ўсяго раёна, бо такая тэхніка ў Чэрвеньскім лясгасе — у адным экземпляры.

Усе рухі яго — кароткія, дакладныя, трапныя. І на пытанні Міхаіл адказвае гэтак жа — коратка і нешматслоўна, па-мужчынску ўзважана. А яшчэ ён — надзвычай сціплы. Каля я запыталася, што прывяло да прызавых месцаў, адказаў: «Само так атрымалася». Але пасля ўсё ж дадаў, што хацелася паказаць добрыя вынікі, таму, канешне ж, вельмі стараўся.

Вось такі ён, машыніст форвардара Чэрвеньскага лясгаса Міхаіл Вінцэнтовіч. Шчыра зычым яму новых поспехаў, добрых вынікаў, годнага заробку і толькі вышэйшых прыступак п’едэсталу гонару!

 

Святлана АДАМОВІЧ.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *