АДНЫ — СТВАРАЮЦЬ, А ДРУГІЯ — РАЗБУРАЮЦЬ…

Общество

На жаль, гэта было, ёсць і, відаць, будзе… Закладзены ў чалавеку якісьці разбуральны пачатак. Толькі хтосьці абмяжоўваецца тым, што ў дзяцінстве знішчае пабудаваныя са стараннем і любоўю таварышам па гульнях пясочныя замкі. А хтосьці ў дарослым жыцці ломіць платы, лаўкі, выдзірае «з коранем» дарожныя знакі… Мы ж, у большасці сваёй, па розных прычынах абыякава праходзім міма, тым самым спрыяючы ўкараненню ў душах варвараў пачуцця беспакаранасці… А тым, хто адказны за зламанае, так і даводзіцца штораз траціць сілы і сродкі на аднаўленне разбуранага. Але ж ёсць і так званае «грамадскае», якое быццам бы нікому не належыць…

А яшчэ мы з гадамі прызвычайваемся да навакольнага, няхай сабе і непрыгляднага. І проста перастаём заўважаць непарадкі-непаладкі. Да таго часу, пакуль хтосьці ні зірне «свежым вокам»… Альбо не адбудзецца які-небудзь міжасобасны канфлікт, што прымусіць кагосьці шукаць праўду ў мясцовых органах улады, міліцыі, судзе, пракуратуры альбо… рэдакцыі.

Так, да нас патэлефанавала Вера Сцяпанаўна Бабушкіна, якой у спадчыну ад сястры дасталася кватэра ў адным з двухпавярховых дамоў вёскі Грабёнка. Маўляў, населены пункт апошнім часам прыгажэе, але і праблем стае… Хтосьці добраўпарадкуе міні-парк, высаджвае там расліны, а хтосьці іх знішчае. Ці прадугледжана за гэта якая адказнасць? І паколькі тэма актуальная для многіх — выязджаем, каб на месцы зірнуць на тое, пра што распавяла па тэлефоне Вера Сцяпанаўна.

Адкінем убок прадузятыя адносіны, згаданыя міжасобасныя канфлікты ды іншае. Выслухаем аповеды, прэтэнзіі, каментарыі адказных асобаў і зірнём на ўсё вачыма старонняга назіральніка. Неабыякавага, зразумела ж…

МЕСЦА АДПАЧЫНКУ — ЁСЦЬ, А ПАРАДКУ — МАЛА…

Першы маршрут пралягае праз добраўпарадкаваную, добра выкашаную вялізную тэрыторыю мясцовай школы. А затым у суправаджэнні яе дырэктара (і па сумяшчальніцтве — дэпутата Валевачоўскага сельскага Савета дэпутатаў) Мікалая Барбука выпраўляемся ў згаданы міні-парк. На яго тэрыторыі — раскіданыя пэт-бутэлькі ды іншае смецце, някошаная трава і… прыкметы варварства.

— Ужо другі дзясятак гадоў наша школа з’яўляецца адной з апорных па экалагічнаму выхаванню ў раёне, — распавядае Мікалай Барбук. — Мы стараемся добраўпарадкаваць тэрыторыю школы. Вы самі бачылі, як годна яна выглядае. Агульная плошча — 4 гектары, гэта вельмі шмат. Насупраць школы знаходзіцца міні-парк. І вось мы захацелі зрабіць там невялікую зону адпачынку. Са свайго матэрыялу змайстравалі і паставілі лавачкі, вынеслі старыя сталы… У спякоту тут адпачывалі і гулялі дзеці, людзі старэйшага пакалення… Але зараз самі бачыце, што тут робіцца. Сталы зламаныя, перакуленыя. Паўсюль — бутэлькі, іншае смецце… На жаль, у некаторых аднавяскоўцаў культура — на нулі! Асабліва ў аматараў спіртнога. Улетку я разам са сваім унукам і яго сябрамі прыходзіў сюды. Мы збіралі шматлікія пластыкавыя бутэлькі, наводзілі адносны парадак. Але людзі ізноў засмечвалі. А мы ж цэлую вясну з дзецьмі выграбалі тут усё, наводзілі парадак… Карацей, шкада сіл і сродкаў…

Здаецца, усё тут зразумела… Пакуль смеціць не перастануць, адным прыбіраннем толку не даб’ешся. А вось цікава… Ці можна паставіць у міні-парку сметніцы? Усё ж калі ёсць куды выкідаць непатрэбнае, хоць хтосьці гэта зробіць. Праўда, камусьці ж трэба будзе іх рэгулярна вызваляць ад смецця…

 

ДВАРОВЫЯ КАНТРАСТЫ І ПРЫЕЗДЖЫЯ ЭНТУЗІЯСТЫ…

На падыходзе да дома, дзе жыве Вера Сцяпанаўна Бабушкіна, на вочы трапляюцца драўляныя хлеўчукі. Ля некаторых — смецце, частка хаваецца за дзядоўнікам.

Двухпавярховыя дамы відавочна патрабуюць рамонту. Ля іх — кветнікі, агародчыкі… Позірк запыняецца на частцы падмурку, які размаляваны раслінамі, птушкамі… Усё — яркае і надзвычай ажыўляе як падмурак, так і наваколле.

Як тлумачыць Мікалай Барбук, аўтарка — мінчанка Таццяна Тараненка, якая ўлетку прыязджае з дзецьмі ў Грабёнку да свекрыві на адпачынак.

— Феліксаўна! — гукае пад вокнамі Мікалай Андрэевіч. — Выйдзіце да нас. Пакажыце яшчэ свой дворык прыгожы…

Нявестка мясцовай жыхаркі, аматаркі чысціні Людмілы Віктараўны Тараненка вядзе мяне да прыватнага дворыка і на хаду распавядае пра сваё захапленне:

— Жывём мы ў Мінску. Я — выхавальнік у дзіцячым садку. Штокольвечы раблю і там — размалёўваю, фігуркі ствараю… Хобі ў мяне такое. Ну, а падчас прыездаў у Грабёнку час ад часу двор грамадскі прыводзім у парадак. Вось гэта (на здымку) — наша прыватная тэрыторыя. Ну, а дом, дзе жыве мая свякроў, самі бачыце — непрывабны з выгляду. Яго ж ніхто не рамантуе. Вось мне і падумалася: «А дайце-ка я што-небудзь прыдумаю…». Спачатку пабялілі падмурак, потым я яго размалявала. Атрымалася ярка. Кожны, хто міма ідзе, запыняе позірк. Затое культура ў некаторых жыхароў, а дакладней — яе адсутнасць, уражвае. Напрыклад, хтосьці не абцяжарвае сябе вынасам смецця, а шпурляе яго з акна! Ну, а што датычыцца кветак… Таксама садзілі, але козы аб’елі…

 

ЦІ ШКОДЗЯЦЬ КОЗЫ НАВАКОЛЛЮ?

Ну вось і падышлі мы ўласна да таго, пра што хацела распавесці Вера Сцяпанаўна Бабушкіна. Напачатку яна вядзе мяне ў той жа міні-парк, эмацыянальна распавядаючы:

— Вось я сёлета і летась назірала, як школьнікі прыбіралі міні-парк, пазалетась — садзілі саджанцы. Разам з імі была настаўніца… Як падказвае Мікалай Андрэевіч — Марыя Іванаўна Асташонак. І вось настолькі яна іх натхніла, што дзеці пранікліся: хаця парк і грамадскі, але яго трэба прыбіраць, упрыгожваць. І яны, разумееце, з жаданнем гэта рабілі. Трэба ж так падахвоціць…

Усё было пасаджана, пачало расці. Ды… козы з’елі. Вось Людміла Віктараўна Тараненка з мужам пасадзілі яблыньку, яна пачала ўжо плады даваць. Зірніце — і яе ўгрызлі. Вінаград абгрызлі. Што там хаваць — скандаліла з гаспадынямі коз. З-за многага… Тут у іншым доме жыве Соня Прохарчык. Яна — інвалід па зроку, ціск верхні бывае — 230. Але яна, лежачы на баку (!), садзіла на вуліцы кветкі, каб было прыгожа. Кажа, і там раней аб’ядалі…

Праходзім з Верай Сцяпанаўнай міма двухпавярховых дамоў. Прыдамавая тэрыторыя адных радуе вока кветкамі, іншых — вытаптанай зямлёй… І тут кантрасты. Вера Сцяпанаўна па ходу паказвае, дзе і што, па яе меркаванню, з’елі козы. А заадно распавядае пра смецце, якое людзі пачынаюць прыбіраць. Вось хтосьці зрэзаў дрэвы і цяпер чакае дзяцей, каб вывезці. Іншыя распачалі рамонт у кватэры, выкінулі старое пад вокны, пасля павінны прыбраць…

Па дарозе Вера Сцяпанаўна інтэлігентна «адшывае» прыгожую трохколерную кошку (не яе, чужую), якая з даверлівым «мяў!» прастуе да яе:

— Усё, мая дарагая, адыдзі… Кажуць, што я цябе не кармлю, а тручу…

Малой дачцэ Таццяны Феліксаўны, якая падбягае да яе і з размаху абдымае, тлумачыць, што занятая. А дзяўчынка таксама дапамагала садзіць на вуліцы кветкі ў калёсы.

— Насця, хто з’еў кветкі?

— Козы.

Нарэшце бачу на адным з задніх двароў двухпавярховак і саміх віноўніц разборак… За імі таксама якіясьці недабудаваныя хлеўчукі, дзе-нідзе — з усюдыісным дзядоўнікам… Вывад напачатку просіцца толькі адзін. Асабіста я не хацела б вось такі малюнак назіраць штодзень са свайго акна. Так, гэта вёска, а не горад. І тое, што свойскія жывёлы ходзяць, дзе хочуць, — справа звыклая, будзённая. Сапраўды, назірала такое не раз і не два. Але! У вёсках са звычайнымі хатамі. Не сярод двухпавярховых дамоў. Гэтыя будынкі мімаволі асацыююцца з горадам.

А вось і сталая жанчына — гаспадыня коз. Спрабую высветліць яе пазіцыю.

— Я — з рэдакцыі раённай газеты. Ці можна з вамі пагаварыць? Кажуць, што вашы козы ўсё аб’ядаюць… А дзе іх выпасваць трэба?

— Во тут і пасу. Бачыце, колькі ўсяго… Ніхто нічога не косіць, ніхто нічога не прыбірае. Зноў смецце носяць. Дык якая дзе тут чысціня?

— Кажуць, што кветкі аб’ядаюць козы…

— А галіны, дрэвы вунь піляць ужо. Гэтая бабка (Вера Сцяпанаўна Бабушкіна. — рэд.) спіліла маю рабінку, а цяпер у газету піша…

— Піляць-то піляць… А козы вашыя — ядуць?

— Што?!

— Кусты, дрэвы…

— Ну, вунь зрэзалі. Тыя аб’елі…

— А тое, што не зрэзана, аб’ядаюць?

— Ну дзе, у каго яны аб’елі?

— Напрыклад, у парку…

— У парку?! У парку яны не ходзяць!

— А ў мінулым годзе?! — пытаецца Вера Сцяпанаўна.

— А што ў мінулым?! Там пазразалі.. Вось жа с…

Далей цытаваць не буду — пераходзяць на асобы. Раблю слабую спробу прысарамаціць (усё ж суседкі!!!) і… падвесці вынік гутарцы.

— Дык, значыць, з козамі ўсё нармальна. Яны нічога чужога не ядуць…

— Я іх адусюль адганяю! Крукам над імі стаю…

Вось так. У кожнага, як кажуць, свая праўда. Праводжу Веру Сцяпанаўну да пад’езда. А ў галаву (мо, усё ж я прадузята стаўлюся?!) лезе то народны фальклор (памятаеце пра казу: «Бегла цераз масточак, ухапіла кляновы лісточак…» Хапаюць яны ўсё вакол, аказваецца…), то задачка — пра ваўка, казу і капусту…

Бачу, як гаспадыня коз ідзе да гэтага ж — свайго! — пад’езда. За ёю бягуць козы. Сыходжу праз міні-парк да машыны. Абарочваюся. І бачу, як літаральна за секунду, як вокам міргнуць, козы… ўхапілі галоўкі кветак, што раслі на вуліцы. Не ўсе, крышачку, што паспелі. І гаспадыня сапраўды іх адагнала…

… Як пішуць у сцэнарыі спектакля — «Заслона».

Калі ізноў паспрабаваць адкінуць прадузятасць і эмоцыі, узнікае такое пытанне: а дзе ў Грабёнцы павінны выпасваць коз? На так званым заднім двары ці на спецыяльна адведзенай тэрыторыі? Пытанне ж менавіта ў гэтым, а не ў тым, можна трымаць іх ці не… І ў тым, што яны аб’ядаюць пасаджанае ў наваколлі…

Усе тры праблемы — парадак у міні-парку, дзядоўнік вакол хлявоў, месца выпасу коз — адрасую па тэлефоне выконваючай абавязкі старшыні Валевачоўскага сельвыканкама Алене Міхайлаўне Чыканоўскай. Дарэчы, жыхарцы Грабёнкі. Яна зазначае, што пра канфлікт з козамі нічога не чула, да яе ніхто не звяртаўся. А так ходзяць яны гадамі, і ніхто да гэтага не скардзіўся — вёска… Добраўпарадкаваннем тэрыторый пачала займацца адразу пасля прызначэння. А ўвогуле, паколькі праблемы агучаны, з імі будзе разбірацца тэрмінова. Стэлефаноўваемся на наступны дзень (чацвер).

 

«ПРАСЦЕЙ ЗРАБІЦЬ САМОЙ, ЧЫМ НЕКАГА ПРЫМУСІЦЬ…

Як і любы добрасумленны кіраўнік, Алена Міхайлаўна адразу ж пачынае перажываць. Маўляў, крыўдна так пачынаць працу на гэтай пасадзе… Але ж яна выконвае абавязкі старшыні Валевачоўскага сельвыканкама яшчэ толькі з пачатку чэрвеня гэтага года… І апякуецца над 23 населенымі пунктамі. Усё адразу, зразумела, не ўхопіш… Ды і ўсё напісанае — зусім не крытыка яе працы, а спроба дастукацца да людскога сумлення вяскоўцаў…

Дык вось што патлумачыла Алена Чыканоўская:

— Яшчэ раз падкрэслю: раней пытання па козах не ўзнікала. А зараз, паколькі праблему акрэслілі, праведзена гутарка з гаспадынямі коз. Ім прапанавана альбо ганяць іх на выпас, прызначаны для кароў, альбо ўтрымліваць у загоне. Загон у іх ёсць. І яны вырашылі, што ім зручней туды прыносіць харчаванне, чым ганяць на выпас. Сапраўды, свойскія жывёлы павінны ўтрымлівацца ў вызначаных месцах — хлявах, загонах, на выгане. Зрэшты, пагадзіцеся, дакладна гэтак жа не павінны вольна бегаць па вёсцы сабакі, якія належаць гаспадарам…

Што датычыцца міні-парку… Зразумела, наглядчыка там не паставіш. А паколькі людзі несумленна аднесліся… Я прапанавала ініцыятару добрай задумкі, дырэктару школы Мікалаю Барбуку прыбраць зробленыя імі сталы. А вось лавачкі вырашылі пакуль пакінуць, бо для нямоглых пенсіянераў яны — сапраўдны паратунак пры шпацыры, напрыклад, ад хаты да крамы… Таксама школа павінна выкасіць тую частку тэрыторыі парку, якая за ёй замацавана. Ну, а сельвыканкам сваімі сіламі выкасіць згаданы вамі дзядоўнік ля хлявоў. У тых хлявоў, канешне, ёсць гаспадары. Але паверце: мне прасцей зрабіць гэта самой, дамовіцца з кімсьці, чым паспрабаваць прымусіць іх — прадпісаннямі ды штрафамі…

* * *

Уяўляю сабе, колькі нерваў патрачана ўсімі бакамі падчас гэтых разборак. Колькі крыўды на ўсіх…

Турбуе мяне ў гэтай сітуацыі яшчэ адно пытанне. І раней неаднойчы сутыкалася з тым, як гадамі зацята варагуюць суседзі, а то і родзічы. Бывае — з-за дробязі. Але кожны стаіць на сваім, а то і подласць адно аднаму стараюцца зрабіць. Усе мы, вядома, не ідэалы, усе не без граху. І ўсё ж — як прымірыць варагуючыя бакі? Абмяркуем, шаноўныя чытачы? А мо, у кагосьці і станоўчы вопыт прымірэння ёсць? Дык падзяліцеся, калі ласка…

Святлана АДАМОВІЧ.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *