УЛЮБЁНАЯ Ў БЕЛАРУСЬ І… КІРГІЗІЮ

Люди и судьбы

Яна танцуе хіп-хоп і піша папяровыя лісты. Спявае, складае вершы і марыць навучыцца іграць на гітары. Знаходзіць агульную мову з дзецьмі, падлеткамі, моладдзю і думае аб магчымасці больш творчай працы. А яшчэ вельмі сумуе па сваёй радзіме — Кіргізіі, адкуль прыехала сямігадовай малой.

Знаёмцеся, шаноўныя сябры. Яна — гэта намеснік дырэктара Турэцкага дзіцячага сада-базавай школы па выхаваўчай рабоце Алена Сяргееўна. Да нядаўняга часу — Хомчанка. Зараз — Ляўковіч. Пасля вяселля ўзяла прыгожае прозвішча мужа, якое асацыюецца з рамантычнымі Ляўкамі Купалы.

Гэта — яшчэ адна маладая энтузіястка з Турца, якая ўносіць свой уклад у духоўнае развіццё аграгарадка. Да таго ж, Алена — цікавая субяседніца з адметным поглядам на жыццё.

Падчас нашага знаёмства захацелася найперш даведацца пра тое, як Беларусь стала для дзяўчыны другой радзімай:

— Алена, а як ты апынулася ў нас?

— Пераехала на пачатку дзевяностых, калі ў нашай Кіргізскай Рэспубліцы пачалася нацыяналізацыя. І лічыліся мы бежанцамі. Прытуліў нас Хойніцкі раён Гомельскай вобласці. Бацькі і да гэтага часу там жывуць. Увогуле, я пайшла ў першы клас у Кіргізіі яшчэ, у школу імя Астроўскага горада Ташкумыра. З кіргізскай мовы назва перакладаецца як «каменны вугаль». А больш у памяці з кіргізскай нічога не засталося. Тата рабіў шахцёрам, мама — прадаўцом… Але вучыцца там не давялося. 15 кастрычніка 1993 года мы прыехалі ў Беларусь.

— І як яна табе паказалася?

— Прыгожая. Хаця напачатку даволі цяжкай падалася мова. Памятаю першы клас. Я тады ўвогуле нічога не разумела з таго, што дзеці гавораць. Хаця была здольнай і ўжо чытаць па-руску ўмела добра. Але, мабыць, таму, што жыла ў вёсцы, беларускую мову «схапіла» адразу. І песні спявала па-беларуску. Маім бацькам гадоў сорак было, калі сюды перасяліліся. Дык яны на «трасянцы» зараз гавораць. А я, калі трэба, размаўляю па-беларуску нармальна, мерапрыемствы праводжу. Але падрыхтоўка, канешне, патрэбна. А як жывецца на Беларусі? Ды ўсё добра. Прынялі нас на Гомельшчыне добразычліва. З’явіліся новыя сябры. Людзі нам дапамагалі. Можа, зноў-такі, таму, што ў вёсцы. У вялікім горадзе да нас бы і справы не было. А так… Дзякуй ім усім! Да гэтага часу сябруем…

— А дзе ты атрымлівала вышэйшую адукацыю?

— У Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Ф.Скарыны. Адпрацавала два гады як малады спецыяліст у тым жа Хойніцкім раёне. Першы нават давялося выкладаць гісторыю, хаця па адукацыі я — настаўнік рускай мовы і літаратуры. А ў жніўні 2011-га пераехала да сястры Людмілы ў Турэц.

— Якія асабістыя здольнасці, таленты маеш?

— Ой, спецыяльную адукацыю я не атрымлівала, хаця вельмі хацела — музычную. Па лініі таты ў мяне — скрозь музыканты. Натуральна, усе меркавалі, што і я працягну гэтую справу. Мяне ж, зрэшты, і хацелі аддаць у музычную школу. З кастрычніка 1993-га я павінна была ўжо наведваць яе. Але… Пачалося зусім іншае жыццё. Так што з музыкай не склалася. Не іграю. А хацелася б вельмі асвоіць гітару. Але спадзяюся, што ў мяне яшчэ ўсё наперадзе (ўсміхаецца).

А так… Спяваю нядрэнна. Быў такі раней конкурс — «Усе мы родам з дзяцінства». На жаль, не прайшла апошні адборачны этап, хаця былі дадзеныя. Толькі не мелася дастойнага музычнага суправаджэння. Вядома, у вёсцы жыла, у глыбінцы… І займаліся са мною толькі тамтэйшыя педагогі.

Яшчэ танцую нядрэнна. І беларускія народныя, і сучасныя танцы. У гэтым навучальным годзе вяла ў школе харэаграфічны гурток. У асноўным, яго дзяўчаты наведвалі. Хаця калі мы ездзілі на конкурс ЮІР, хлопец з дзявятага класа таксама танцаваў.

— І якія танцы?

— Пераважна хіп-хоп.

— Адкуль уменне, Алена?

— Ну, ёсць прыродныя дадзеныя. Відэа гляджу, вучуся. Штосьці дзеці падказваюць. У нас даволі творча працэс ішоў — з чаяпіццем, у цёплай сяброўскай абстаноўцы…

— І як успрымаюць дзеці такую маладую, маленькую, вытанчаную выкладчыцу?

— Думаю, што мой знешні выгляд мне дапамагае ў стасунках з вучнямі — уліцца ў калектыў, быць такімі, як яны. Не, адлегласць патрэбная паміж намі ёсць. Але я стараюся жыць іх праблемамі, радасцямі, перамогамі… Робім усё разам. І ўжо ёсць пэўныя поспехі на раённым узроўні. Нас заўважылі.

— Наколькі цяжкая праца ў намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце?

— Цяжка ў тым плане, што трэба сумяшчаць працу з дзецьмі і… з паперамі. Бывае, не ведаеш, за што хапацца! І калі папяровую працу адразу бачна, гэтага рознага віду справаздачы, дык працу з дзецьмі… Не заняў прызавое месца — слаба працуеш. Хаця ёсць у нашым актыве і прызавыя. Зрэшты, усе ж адразу не могуць быць першымі… Але ўдзельнічаем мы ва ўсіх конкурсах. Падчас навучальнага года з дзецьмі, бывала, рэпеціравалі да ночы! Але яны малайцы, заўсёды нас падтрымлівалі.

— А як настаўнік-прадметнік ці задаволена?

— Клас, які я вяла сёлета, быў слабым. Цяжкавата з імі. Але нічога. На ўроках рускай літаратуры спрабавала зацікавіць дзяцей вершамі. Зрэшты, сумяшчаць адміністрацыйную і выкладчыцкую працу сапраўды няпроста. Хацелася б займацца чымсьці адным. І пажадана больш творчым. Можа, нават у мяне і журналісцкая праца пайшла б…

— Алена, а чаму менавіта настаўніца рускай мовы і літаратуры?

— Мабыць, у гэтым вялікая заслуга дырэктара школы, у якой я вучылася — у вёсцы Партызанская Хойніцкага раёна. Ніна Міхайлаўна Прыходзька літаральна ўлюбіла мяне ў свой прадмет. Я вельмі добра пераказвала прачытанае, аналізавала… Вершы ўласныя складала. Да гэтага часу перапісваюся са сваім дырэктарам. Так, лісты не электронныя — звычайныя.

— Гэта цікава! З аднаго боку — сучасны хіп-хоп, а з другога — папяровыя лісты…

— Я і сама не разумею, як так усё сумяшчаю, усё паспяваю. Зрэшты, я ж працую з дзецьмі. Мы заўсёды разам. І яны мяне зараджаюць сваёй энергіяй.

— А на Радзіму, у Кіргізію, хацелася б з’ездзіць?

— Вельмі! Мы з сястрой размаўляем на гэтую тэму. Вось разглядалі старыя фотаздымкі нашага горада Ташкумыр і сучасныя — у Інтэрнэце. Не дужа ён зараз выглядае. Але хацелася б з’ездзіць. Сустрэцца з родзічамі… Адчуць тое, ад чаго я ўжо далёкая. Сястра дык добра памятае ўсё гэта. Яна дарослая была, як мы пераязджалі. Прырода там найпрыгажэйшая. Горы, рэкі… Цёпла заўсёды…

З дапамогай Інтэрнэту мы перапісваемся з родзічамі. Фота глядзім, відэа. Хочам сабрацца вялікай дружнай сям’ёй. На жаль, бабуляў і дзядуляў у мяне ўжо няма ні па татавай, ні па мамінай лініі. Але ў мамы ёсць чатыры сястры і брат. Лёс пасля той вайны ў Кіргізіі раскідаў іх па ўсяму СНД. Хто ў Татарстане жыве, хто ў Піцеры… А тата казаў, што якісьці там яго стрыечны брат нават… у Амерыцы! Таму сувязі ў нас пакуль толькі з тымі родзічамі, хто бліжэй жыве. Вось так даволі сумна атрымалася…

Зрэшты, сумаваць Алена Ляўковіч доўга не ўмее. Толькі быў сум у вачах, а ўжо — смяшынкі. Спрадвечным жаноцкім какетлівым жэстам папраўляе валасы перад аб’ектывам фотаапарата. І вось яна ўжо зноў жыццярадасная і актыўная. Улюбёная ў Кіргізію і Беларусь адначасова… Няхай табе шчасціць, Алена!

 

Святлана АДАМОВІЧ.

Фота аўтара

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *