РУКА Ў РУЦЭ — УЖО 60 ГАДОЎ…

Люди и судьбы

Шэсць дзясяткаў гадоў — і яшчэ 4 месяцы. Столькі доўжыцца сямейнае жыццё Кацярыны Антонаўны і Адама Іванавіча Шкораў з Чэрвеня. Жыццё, якое на ўсім сваім працягу было напоўнена каханнем і любасцю, будзённымі справамі і святочнымі момантамі. І трагічнымі, на жаль, — не без гэтага. А ў апошні час — ці не штохвілінным клопатам жонкі пра мужа, які ўжо некалькі гадоў не можа хадзіць. Ды што там хадзіць — бывае, уранні сесці на ложку не атрымліваецца без жончынай дапамогі… А калісьці ж, як кажуць, зямлі пад нагамі не адчуваў…

Калісьці вясковы хлопчык, ураджэнец вёскі Восава Адам Шкор, як і ўсе яго аднагодкі, то бесклапотна галёкаў па вуліцах, то спасцігаў навуку ў Дамавіцкай школе, то дапамагаў бацькам па гаспадарцы… А калі падрос — тату, работніку леспрамгаса, у лесе… Можа б, і вывучыўся за каго… Можа б, і з’ехаў з вёскі ў горад, хаця тады гэта зусім няпроста было зрабіць… Можа, і былі ў яго амбіцыйныя дзіцяча-юнацкія мары, якія забыліся за столькі дзясяткаў гадоў… Ды — вайна…

Бамбёжкі, уначы — партызаны, удзень — паліцаі… Дужа цяжкае, ды ўсё ж — жыццё… І — памятны 1944-ы. Памятны не толькі вызваленнем Беларусі ад ворагаў, але і прызывам на вайсковую службу. Кароткае навучанне — і наперад, у Польшчу, у Германію… На варожую тэрыторыю, на перадавую. Кёнігсберг штурмаваў. А вось да Берліна не дайшоў — вайна скончылася…

З мяккай разгублена-вінаватай усмешкай Адам Іванавіч просіць прабачэння, што не можа падрабязна распавесці пра свой удзел у вайне. Маўляў, дзевяносты год пайшоў. Забываецца нават надзённае. Што ўжо казаць пра справы далёкія — не ў памяці яны. Але на сэрцы — цяжкімі перажываннямі, чый водгалас на пачуццёвым узроўні не ў сілах сцерці нават дзесяцігоддзі…

Затое памятаецца шаноўнаму ветэрану, што ён не адразу дэмабілізаваўся. На Японію накіравалі іх часць. Праўда, прыпыніліся чамусьці ва ўкраінскіх Сумах. Ды там і затрымаліся, пакуль і Японія ваенныя дзеянні не закончыла. А кармілі салдат некалькі месяцаў запар  ці не адной фасоляй. Іншага, мо, і назаўсёды ад яе адвярнула б. Але Адам Шкор так прывык… І зараз — падабаецца… Чаканая дэмабілізацыя — і вярнуўся ён у родную вёску. Праз два гады пасля заканчэння вайны…

У чымсьці — падобны, а чымсьці — розніцца аповед пра жыццё Кацярыны Антонаўны Тоўсцік (дзявочае прозвішча). 6 жніўня 1926 года нарадзілася яна трэцяй дзяўчынкай у сям’і, што жыла ў Хвойніках. Затым яшчэ брацік з’явіўся. А тады — вось гора! — маці памерла. Праз пэўны час бацька другую жонку ўзяў і з ёй займеў яшчэ дзвюх дзяўчат. Шматдзетная была сям’я…

Тата, прыгадвае Кацярына Антонаўна, адукаваным быў. Хацеў, каб усе яго дзеці скончылі па 10 класаў, вывучыліся… Трэцяя дачушка толькі сем паспела скончыць. Іспыты здавалі тады пасля кожнага класа, а пасля сямі і ўвогуле найсур’ёзнейшыя, бо тады, як зараз пасля дзевяці класаў, у любы тэхнікум прымалі. Здала Кацярына разам з аднакласнікамі апошні іспыт — і… Так, вайна… Канец усім марам, надзеям і чаканням. Апрача аднаго чакання — Перамогі.

І праз шмат доўгіх-доўгіх трывожных-трывожных дзён і начэй яна прыйшла. А папярэднічала ёй, вядома, яшчэ адна радасная падзея — Вызваленне…

І вось дзесьці з канца саракавых і да пачатку пяцідзесятых паралельнымі шляхамі крочылі Адам Іванавіч Шкор і Кацярына Антонаўна Тоўсцік. Так атрымалася, што абое трапілі ў сістэму гандлю. Толькі Адам Іванавіч напачатку пяць гадоў судовым выканаўцам адпрацаваў, а тады ўжо — у гандаль. А Кацярына Антонаўна так усё жыццё і прарабіла ў сістэме гарпо-райпо.

Пазнаёміліся ж маладыя людзі ў адной з крамаў Чэрвеня. Яна — прадавала, ён — купляў… Слова за слова…Спадабаліся адно аднаму. І вось ужо ў лютым 1952-га зашумела-загуло вяселле ў бацькоўскай хаце Кацярыны Антонаўны ў Хвойніках. Там маладыя і затрымаліся на год. І адначасова будавалі сваю хату ў Чэрвені — непадалёк ад бойні… З добрага лесу, які дапамог выпісаць стрыечны брат мужа, ляснік. А абразаць яго тата Кацярыны наняў старавераў з Вішанькі. Атрымліваецца, што і хата сёлета — «юбілярка-шасцідзесятніца»!

Сваімі свежымі драўляна-смалістымі сценамі яна лавіла тады звонкія галасы двух хлопчыкаў — сыноў Кацярыны і Адама Шкора. Цікавы фотаздымак захаваўся ў сямейным альбоме. Маладыя прыгожыя бацькі. Прыязная ўсмешка таты, уважлівы позірк крыху ўбок ад фатографа мамы. З касой, выкладзенай вакол галавы, і… у валёнках! Такая мілая сямейная ідылія, што проста сэрца радуецца.

У той час ужо абое бацькоў рабілі ў гандлі. Кацярына Антонаўна — то ў прадуктовай краме, то ў прамтаварнай… Адам Іванавіч — у ларку, які знаходзіўся на ўчастку леспрамгаса ў Ляжнёўцы. А яшчэ прадукты на кані развозіў па дзялянках, дзе лес валілі, тралявалі. Там і сталоўкі арганізоўвалі, дзе гатавалі з прывазных тых прадуктаў…

А тады адказнага і стараннага Адама Шкора запрасілі на працу ў Чэрвеньскі лясгас. З год, прыгадвае, заўхозам прарабіў. А затым амаль 15 — майстрам, ці, па-іншаму, — начальнікам участка «Загор’е». Да пенсіі. А пасля яшчэ крыху больш за чатыры гады — лесніком Натальеўскага лясніцтва. Вось так атрымалася ў жыцці: спачатку лес пілаваў, малоў хвойную муку і г.д., а затым — абараняў яго… Як салдат… Па жыцці…

Вялікую гаспадарку ў свой час трымалі Кацярына Антонаўна і Адам Іванавіч Шкоры. Вясковая загартоўка, працавітыя абое. Была карова, а то і дзве, свінні, куры, гусі, качкі, індыкі… Выпас жа вялізны побач. На дужа выгадным месцы хату паставілі. І цэнтр, і акраіна… І горад, і вёска…

Здавалася, жыві ды радуйся. Але гора прыйшло ў хату — загінуў адзін з сыноў. Вечны боль бацькоўскі. А тут і старасць неўпрыкмет падкралася, а з ёю і хваробы незлічоныя… І ўсё ж…

Усё ж яны — разам. Падтрымка і апора адно аднаму. Як і 60 гадоў таму, па-ранейшаму рука ў руцэ. І без ніякіх сакрэтаў-прычын такога доўгага сумеснага сямейнага жыцця. Дзень пры дні, дзень пры дні… І 60 гадоў таксама неўпрыкмет…

За хоць і невялікімі зараз, але неабходнымі клопатамі. З дапамогай сацработніка. У чаканні прыезду сына, унукаў з праўнукамі… І візітаў добрых людзей. Такіх, як намеснік дырэктара Чэрвеньскага лясгаса па ідэалагічнай рабоце Жанна Чарнавец, якая не толькі па абавязку, а і па поклічу сэрца наведвае іх, як і іншых ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, колішніх работнікаў лясгаса.

Дык няхай Бог дае вам яшчэ шмат светлых дзён у жыцці, шаноўныя Кацярына Антонаўна і Адам Іванавіч! Здароўя вам, мужнасці, бадзёрасці, аптымізму, цярпення і веры… А паважанаму ветэрану Вялікай Айчыннай — наша шанаванне і нізкі паклон!

 

Святлана АДАМОВІЧ.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *