ПАЛЕССЕ

Общество

(ПРАЦЯГ)

Юравічы.

Гэтае даўняе мястэчка на рацэ Прыпяць, якое ўзгадваецца ў пісьмовых крыніцах 1510 годам,  па многіх прычынах заслугоўвае ўвагі. Пра Юравічы піша ў “Людзях на балоце” Іван Мележ, які нарадзіўся за восем кіламетраў адсюль — у суседняй вёсцы Глінішча. Таму патрапіўшы ў гэтыя мясціны, міжволі ўспамінаеш, як з сыноўняй любоўю апісвае Мележ мясцовыя краявіды. І, вядома ж, цікава пабываць там, дзе калісьці жыў, займаўся творчасцю славуты беларускі пісьменнік.

 

Юравічы — своеасаблівае духоўнае месца, звязанае з глыбокай даўніной. Па расповеду экскурсавода, у 16-17 стагоддзях гэты край быў поўнасцю апустошаны. Часы тады былі вельмі небяспечныя, неспакойныя. І менавіта ў гэты перыяд распачынаецца слава цудатворнай іконы Маці Божай. Як сведчаць пісьмовыя крыніцы, у 1630 годзе ўзбунтаваліся запарожскія казакі. Польскія войскі пад кіраўніцтвам гетмана Станіслава Канецпольскага задушылі паўстанне Багдана Хмяльніцкага, аднак мір не доўга панаваў. Хваля новых бунтаў пракацілася па ўсходніх тэрыторыях Рэчы Паспалітай. Казакі грамілі маёнткі шляхты, рабавалі, забівалі.  Гетман, які сярод сямейных каштоўнасцяў  меў ікону Багародзіцы, аддаў яе на захаванне  езуітам.  Разам з імі ікона вандравала па многіх месцах, тварыла цуды. Урэшце патрапіла да айца Марціна Тыраўскага, душпастырскія справы якога прывялі на Палессе, у Юравічы. Калі місія закончылася, ён з іконаю падаўся на далейшую місію, але як толькі выехаў з Юравічаў на дарогу,  коні спыніліся і ніяк не хацелі зрушыць з месца. Тады айцец Марцін пачаў маліцца да Божай Маці — і коні шпарка пабеглі наперад. Праз колькі дзён Тыраўскі вяртаўся той жа дарогаю. Якім жа было яго здзіўленне, калі коні зноў спыніліся на тым самым месцы, а місіянер пачуў голас: «Дакуль Мяне будзеш замыкаць і няволіць? …Прыйшоў час застацца Мне тут, пастаўленай для народных набажэнстваў».

Тыраўскі пабудаваў драўляную капліцу, у якой выставіў абраз. І да Маці Божай паімкнуліся людзі: ехалі, ішлі пехатою, бедныя, багатыя, вернікі розных канфесій — каб папрасіць дапамогі або аддзячыць за дабро. Абраз стаў шырока вядомы ў Мінскім, Кіеўскім, Чарнігаўскім і Валынскім ваяводствах.

У 1681 годзе ў Юравічы паехаў і ксёндз Барталамей Вансоўскі, каб памаліцца за сваё здароўе, бо цяжка хварэў. І сапраўды, пасля малітвы перад абразом ён адчуў выздараўленне. Удзячны святар распачаў пабудову вялікага мураванага касцёла ў форме крыжа ў стылі барокка. Пасля ўзвядзення новага храма ікону  ўрачыста перанеслі сюды. Цудадзейны абраз і велічны касцёл сталі духоўным цэнтрам Палесся ажно да  1831 года, калі, пасля падаўлення паўстання, пачаліся ганенні на Каталіцкі Касцёл. Мясцовы ксёндз Гуга Гадзецкі прадбачыў нядобрае. Даведаўшыся, што мастачка Ядвіга Кеневіч  зрабіла для сябе копію іконы Маці Божай Юравіцкай, папрасіў  аддаць яму гэтую работу. Тая пагадзілася.  У выніку сапраўдны абраз замянілі на копію, пераклаўшы на яе ўсе воты, срэбныя пазалочаныя кароны, сукенку, а сапраўдны перадалі на захаванне жонцы маршалка Рэчыцкага павету, набожнай Габрыэлі Горват (з роду Ваньковічаў). Праз некалькі месяцаў  выйшаў царскі загад: скасаваць каталіцкую парафію ў Юравічах, а касцёл перадаць праваслаўным.

Горват старанна захоўвала цудадзейны абраз,а калі адчула набліжэнне сваіх апошніх дзен, перадала яго езуітам кракаўскага калегіума. Яна ўзяла з іх пісьмовае абяцанне вярнуць ікону ў Юравічы, калі там адродзіцца касцёл. Езуіты спачатку змясцілі цудадзейны абраз Маці Божай Юравіцкай у капліцы калегіума, а пазней – у касцёле святой Барбары ў Кракаве.

У савецкі час унікальныя будынкі кляштара з храмам у Юравічах пачалі разбураць, расцягваць на гаспадарчыя патрэбы. У 1993 годзе ўсе, што засталося, мясцовыя ўлады перадалі Тураўскай праваслаўнай епархіі. Спачатку тут размясціўся жаночы манастыр, а потым — мужчынскі.

Копія іконы Маці Божай знаходзіцца зараз у капліцы. Абраз Маці Божай Юравіцкай называюць Міласэрным.  Яна працягвае клапаціцца пра сваіх дзяцей і ў нашыя дні. Трэба толькі ўбачыць у Ёй сапраўдную Маці, якая выслухае і абавязкова дапаможа.

Маці Божая Юравіцкая, маліся за нас! — просім і мы, чэрвеньцы.

Пакідаем духоўнае месца з дваякім пачуццём. Узнёслым — ад сустрэчы з цудадзейным  абразам. І смутным — даўнейшыя збудаванні ў жудасным запусценні. І хоць месціцца тут  мужчынскі праваслаўны манастыр, але па ўсім відаць — бедны, без патрэбных сродкаў на рэканструкцыю.

Сядаем у экскурсійны аўтобус і едзем далей — да тутэйшай самай старажытнай (26 тысяч гадоў) на тэрыторыі Беларусі стаянкі чалавека. Яна таксама выклікае пачуццё жалю — недабудаваная, відаць, не хапае грошай. На некалькіх інфармацыйных  шчытах змешчаны аповед пра стаянку першых людзей, гісторыю паселішча, чамусьці назва яго на рускай мове напісана “Юрэвичи”. А па задумцы павінен быць збудаваны музей са шкляным купалам і апорным мурам. Пабудова павінна была накрыць тэрыторыю, дзе адбываліся  раскопкі, а экспанатамі сталі б знаходкі археолагаў. Між іншым, як напісана ў інфармацыйным байнэце, на стаянцы былі знойдзены косці больш 30 мамантаў, а таксама першабытнага быка, дзікага каня, пясца. Археолагі адкапалі таксама крэмневыя нажы, скрабкі, разцы і капалкі. Даследванні праводзіліся ў 1929, 1931, 1959-1961 гадах. Адкрылі стаянку ў 1929 годзе вучоныя Юліан Попель і Канстанцін Палікарпавіч.

Паглядзець знойдзены археолагамі здабытак, зразумела, мы не мелі магчымасці, а таму па  высокай лесвіцы падняліся на пляцоўку (таксама пакуль неабсталяваную), каб з вышыні палюбавацца маляўнічым краявідам на вёску Юравічы і рэчышча Прыпяці.

Да пабачэння, Палессе!

Эма МІКУЛЬСКАЯ. Фота аўтара

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *