ЗЯЛЁНАЕ ЖНІВО «КРЫНІЦЫ ІГУМЕНШЧЫНЫ»

Аграрный сектор

У ААТ «Крыніца Ігуменшчыны» завяршаюць касьбу траў першага ўкосу. На раніцу ўчарашняга дня гаспадарка — першая ў раёне па тэмпах гэтага віду работ. Травы тут скасілі на 553 гектарах, што складае 91 працэнт ад неабходнага. 76 працэнтаў ад скошанага ўбралі, нарыхтаваўшы 2919 тон сенажу і 87 тон сена. Забяспечанасць травяністымі кармамі на ўмоўную галаву жывёлы (4,73 цэнтнера кармавой адзінкі) больш чым удвая пераўзыходзіць адпаведную мінулагоднюю.
— Дажджлівы пачатак чэрвеня не даў магчымасці высушыць траву на сена, таму займаліся пераважна назапашваннем сенажу, — распавядае галоўны аграном гаспадаркі Аляксандр Фурс. — Заклалі ўжо чатыры траншэі аб’ёмам па 500-800 тон. Трамбоўку зялёнай масы вядзём кругласутачна. Пры нарыхтоўцы сенажу выкарыстоўваем кансервант «Біямакс», які спрыяе добрай якасці і захаванасці кармоў, яны праз месяц-два пасля закладкі набываюць пах мочаных яблыкаў і свежага жытняга хлеба.
Корманарыхтоўчая тэхніка ў полі — з шасці гадзін раніцы да васьмі вечара. На касьбе траў шчыруюць Вячаслаў Заголька і Сяргей Чарапахін, на варушэнні і зграбанні ў валкі — Мікалай Качан, на падборы зялёнай масы — Мікалай Ляпёшка і Яўген Крук, на адвозцы — Андрэй Алейнік, Віктар Салапонаў і Іван Канарскі, на трамбоўцы — Мікалай Зыль і Генадзь Крук…
Паводле слоў Аляксандра Фурса, з-за майскай засухі ў гаспадарцы могуць недаатрымаць мінулагодняга аб’ёму кармоў з першага ўкосу, таму разлічваюць на паўнавартасны другі. Для гэтага зроблена падкормка скошаных палеткаў мінеральнымі ўгнаеннямі. Увогуле ж, каб павысіць ураджайнасць сенажацяў, тут актыўна займаюцца іх перазалужэннем, выкарыстоўваюць комплексныя шматкампанентныя травасумесі.
Ігар АДАМОВІЧ.

Як паведамілі ў райсельгасхарчы, на раніцу ўчарашняга дня травы першага ўкосу скошаны ў раёне на 6205 гектарах, што складае 63 працэнты ад неабходнага. Убрана 5004 гектары — 81 працэнт ад скошанага.
Гаспадаркі нарыхтавалі 40289 тон сенажу (32 працэнты ад плана) і 921 тону сена (11 працэнтаў). У разліку на ўмоўную галаву жывёлы назапашана 4,40 цэнтнера кармавой адзінкі — на 0,65 цэнтнера больш, чым было на такі ж дзень летась. Найлепшы гэты паказчык — у ПСГ «Дамавіцкі» ААТ «Мінскі падшыпнікавы завод» і райаграсервісе — 8,88 і 6,96 цэнтнера кармавой адзінкі, адпаведна.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *