У «ДАМАВІЦКУ» ЎСЁ ПА ТЭХНАЛОГІІ…

Аграрный сектор

Надышло доўгачаканае лета, а з ім і адказны для працаўнікоў сельскай гаспадаркі перыяд пашавага ўтрымання жывёлы. Ён мае выключна важнае значэнне ў павелічэнні прадуктыўнасці дойнага статку, умацаванні здароўя і ўзнаўленчай функцыі кароў, зніжэнню сабекошту атрыманага малака, а ў перспектыве — здаровага прыплоду.

Каб забяспечыць дастатковай колькасцю зялёных кармоў на працягу ўсяго пашавага перыяду, гаспадаркі павінны былі арганізаваць зялёны канвеер, стварыць культурныя пашы непадалёку ад ферм, каб пры перагонах не траўміравалася жывёла і не страчвалася малако. Да таго ж, вызначыць колькасць загонаў, парадак выкарыстання пашы пры кругласутачнай пасьбе, праводзіць мерапрыемствы па яе догляду, стварыць жывёлаводам належныя ўмовы быту і аплаты працы. Там, дзе да гэтага перыяду сур»ёзна падрыхтаваліся і адразу пачалі прытрымлівацца вызначанай тэхналогіі выпасу, у першыя ж тыдні былі бачны пэўныя станоўчыя вынікі.
Як адзначыў першы намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Віктар Ляснеўскі, за першы месяц пашавага перыяду запланавана павялічыць надоі ад каровы на 2 кілаграмы малака. Пакуль гэта ўдаецца толькі тым гаспадаркам, якія лепш за іншых падрыхтаваліся да летняга сезону і захоўваюць увесь тэхналагічны працэс ўтрымання жывёлы.

Гэта тычыцца найперш ПСГ «Дамавіцкі». Сюды да гурта, які выпасваўся ля вёскі Асінаўка, мы і завіталі. Тут паша нагадвае прыгожы і раўнюткі газон: акуратныя пракосы, з якіх каровы спажываюць траву.
— На гэтым загоне знаходзіцца гурт у 170 галоў, — распавядае галоўны заатэхнік ПСГ «Дамавіцкі” Тамара Клындзюк. — Вядзем франтальную пасьбу. Размяркоўваем пашу вешкамі, якія пераносім прыкладна раз у суткі па меры паядання травы. Вада падвозіцца рэгулярна. Ёсць і запасная бочка на ўсялякія непрадбачаныя сітуацыі. У рацыёне жывёлы пастаянна ёсць соль і мінеральныя дабаўкі. Праводзім трохразовае даенне перасоўнымі даільнымі ўстаноўкамі. На гэтым гурце працуюць 4 даглядчыкі ў дзве змены. Ім створаны неабходныя ўмовы для працы і адпачынку: ёсць абсталяваны ўсім неабходным вагончык, арганізавана трохразовае харчаванне, выдаецца пасцельная бялізна. Сёння тут працуе сям»я даглядчыкаў муж і жонка Рэзвяковы (на здымках). Гэта адказныя работнікі, якія заўсёды добрасумленна ставяцца да сваіх абавязкаў.
З выхадам на пашу надой малака ў гэтым гурце павялічыўся на 2,5 кілаграмы. Усяго ў гаспадарцы 500 кароў, якія знаходзяцца на пашавым утрыманні. Плануем, што пры захаванні належных ўмоў і тэхналогіі, будзем мець у летне-пашавы перыяд штодзень па 16 кілаграмаў малака ад каровы ў чэрвені.

 

...У «РАВАНІЧАХ” І «ВАЛЕВАЧАХ» — З ПАРУШЭННЯМІ

А вось ў ААТ «Раванічы» наўрад ці змогуць пахваліцца падобнымі дасягненнямі. Гурт кароў каля фермы «Дубаўручча» выпасаўся на непадкошанай пашы. Частка іх ляжала і толькі пры з»яўленні галоўнага заатэхніка даглядчыкі пачалі іх падымаць. На пытанне, чаму не захоўваецца тэхналогія пашавага ўтрымання статку, галоўны заатэхнік гаспадаркі Ірына Роганава адказала, што належнага догляду за пашай не вядзецца. На ўчастку, дзе знаходзіцца 200 кароў, пасля першага страўлівання неабходна было падкасіць рэшткі травы. Але з-за недахопу касілак, гэтага не зрабілі. Таму трава адрастала няроўна, купінамі, і цяпер жывёла пасецца на «чубах». Апроч таго, у гаспадарцы нізкая вытворчая дысцыпліна. На момант наведвання пашы ў в. Красны Дар адзін даглядчык працаваў без адпачынку ўжо другія суткі, бо яго напарнік не выйшаў на працу. Між тым, даглядчыкаў у гаспадарцы хапае і зарплата неблагая — каля трох з паловай мільёнаў, ды толькі адказнасці за сваю справу ў некаторых няма. Таму і асаблівых поспехаў, якія павінны былі ўжо радаваць жывёлаводаў, пакуль не назіраецца.

Падобныя недахопы, а яшчэ і адсутнасць неабходнай колькасці даглядчыкаў, існуюць і ў ААТ «Валевачы».

Тэхналогія ўтрымання жывёлы на пашы, умовы працы і быту даглядчыкаў будуць і надалей абследвацца ў кожнай гаспадарцы.

Людміла РАБЕЦКАЯ. Фота аўтара

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *