ТАКІ ФУТБОЛ НАМ НЕ ПАТРЭБНЫ…

Спорт

Колас» (Чэрвень) — «Жодзіна-2007» — 2:7.

23 чэрвеня. Чэрвень. Гарадскі стадыён. Пераменная воблачнасць. 25 градусаў. 100 гледачоў.

«Колас»: Курыловіч, Цэдрык (Аладка, 85), Люты, Шмаянкоў, Мельцар (Чысты, 63), Суша (Канцур, 46), Хасяневіч, Ліпніцкі (Пракоф’еў, 72), Няхай, Кірнішнюк (Канашэвіч, 83), Шмідаў.

Галы ў «Коласа» — Шмідаў (43), Ліпніцкі (45).

Гэтая сустрэча яшчэ доўга будзе вострай стрэмкай сядзець у сэрцах нашых футбалістаў і балельшчыкаў. Цяжка нават узгадаць, калі ў апошні раз «Колас» прайграваў з такім разгромным лікам на сваім полі…

Госці прыехалі ў Чэрвень раздражнёнымі: у папярэднім туры яны на сваім полі саступілі «Віліі» — 1:2. Чэрвеньцы ж пасля двух запар перамог (дамашняй — над барысаўскай «ДЮСШ-2» — 6:3 і выязной — над маладзечанскай «Забудовай» — 3:2) мелі цудоўны настрой і жаданне прадоўжыць бяспройгрышную серыю. Але, як засведчыў матч з «Жодзіна-2007», аднаго жадання для дасягнення поспеху недастаткова.

Жодзінцы ўжо ў першым тайме азначылі сваю гульнявую перавагу, якая на 29-й і 38-й хвілінах увасобілася ў галы. Аднак, прайграючы 0:2, нашы футбалісты ўсяго за дзве хвіліны здолелі параўнаць лік. Спачатку ўдала падключыўся да атакі Ігар Шмідаў, замкнуўшы дыяганальную перадачу на левым фланзе. А неўзабаве дасягнуў мэты дальні прыцэльны ўдар Аляксандра Ліпніцкага. Палявы ігрок жодзінцаў, які замяніў на апошнім рубяжы траўміраванага варатара, не выратаваў сваю каманду.

Здавалася, што нічыйны лік на табло захаваецца да перапынку, але госці зноў выйшлі наперад ужо на дабаўленых да асноўнага часу першага тайма хвілінах…

З улікам траўмы жодзінскага галкіпера, задача для «Коласа» на другі тайм выглядала гранічна простай: пабольш біць па варотах. Аднак менавіта з гэтым кампанентам гульні ў нашых пасля перапынку практычна нічога не атрымлівалася. Пару-тройку ўдараў «палявы» варатар адбіў. У астатнім абарона гасцей нейтралізоўвала чэрвеньцаў на дальніх подступах да штрафной пляцоўкі.

А тут яшчэ разладзілася гульня нашых ігракоў сярэдняй лініі. Дзякуючы гэтаму, футбалісты «Жодзіна-2007» без цяжкасцяў пранікалі ва ўладаранні чэрвеньцаў. Як вынік, госці павялічылі разрыў у ліку на 56-й хвіліне — 2:4. Што было напрыканцы матча, нават узгадваць не хочацца. Але факт застаецца фактам: за 5 хвілін (з 79-й да 84-й) жодзінцы «адгрузілі» ў вароты Аляксандра Курыловіча яшчэ тры мячы…

Цяжка аправіцца пасля такой «аплявухі». Але трэба. Ужо ў гэтую суботу «Колас» чакае выпрабаванне лідэрам чэмпіянату: чэрвеньцы едуць у Дзяржынск, на матч з мясцовай «Лівадыяй-Юні».

Ігар АДАМОВІЧ

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *