ШТО Ў ЛАГЕРЫ ЦІКАВАГА

Общество

Я і мае сябры наведваем дзённы школьны лагер «Вясёлка». Раніцай праводзім фізкультурную зарадку, потым гуляем у спартыўныя гульні. Але мы не толькі адпачываем, але і даведваемся шмат цікавага. Напрыклад, разам з бібліятэкарам школы Таццянай Фёдараўнай Фесенка зладзілі вандроўку ў парк Ваньковічаў. Таццяна Фёдараўна распавяла нам пра былых гаспадароў  палаца. Мы ўбачылі рэдкія альпійскія чорныя сосны, якія засталіся з мінулых гадоў. Прайшліся па алеі Кахання, затрымаліся ля доміка брамніка…

Неўзабаве заўважылі вялікага вужа, які ляжаў у цяньку. Мы ціхенька яго абкружылі, бо было вельмі цікава паназіраць за ім. Тым больш, што некаторыя з нас бачылі гэту істоту ўпершыню! Таццяна Фёдараўна расказала, чым адрозніваецца вуж ад гадзюкі, чаму яго не трэба баяцца. А я расказаў, як трэба сябе паводзіць у тых месцах, дзе ёсць сапраўдныя, ядавітыя змеі. Вось так мы павандравалі.

Кіраўнік гуртка «Спадчына» Людміла Вацлаваўна Драпеза правяла з намі цікавую гутарку пра Вялікую Айчынную вайну. Мы слухалі пра салдат, якія не шкадавалі свайго жыцця, змагаліся за свабоду Беларусі ад фашыстаў. Многія загінулі, абараняючы Смілавічы. Людміла Вацлаваўна прачытала нам некаторыя пісьмы, якія пасылалі сваім родным салдаты з фронту. Вучні нашай школы і цяпер перапісваюцца са сваякамі загінуўшых.

Разам з педагогам-арганізатарам  Галінай Вадзімаўнай Шатэрнік мы наведалі вёску Саламянку. Там у гады вайны фашысты расстралялі дзве тысячы ні ў чым не павінных людзей за тое, што яны былі яўрэі. Па яўрэйскаму звычаю мы ўсклалі ля помніка каменьчыкі. Я і мае сябры вырашылі заўсёды памятаць пра тых, хто загінуў на вайне.

Паша РАБЕЦКІ,

вучань 3 класа СШ №2 г.п.Смілавічы

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *