САЛОДКІ СМАК ПЕРАМОГІ

Спорт

«Забудова-2007» (Маладзечна) — «Колас» (Чэрвень) — 2:3.

16 чэрвеня. Маладзечна. Пераменная воблачнасць. 25 градусаў. 50 гледачоў.

«Колас»: Курыловіч, Аладка (Качановіч, 79), Камісаранка (Люты, 46), Шмаянкоў, Мельцар, Суша, Ліпніцкі, Хасяневіч (Пракоф’еў, 66), Масько, Шмідаў (Няхай, 46), Яблонскі.

Галы ў «Коласа»: Хасяневіч (46), Яблонскі (48), Ліпніцкі (61).

Акрыленыя першай перамогай у чэмпіянаце над барысаўскай «ДЮСШ-2», чэрвеньцы скіраваліся ў Маладзечна з намерам замацаваць поспех. І сапраўды, нашы шанцы выглядалі даволі прывабна, паколькі «Забудова» сёння зусім не той грозны сапернік, якім яна была некалькі гадоў таму.

Тым не менш, першы тайм сустрэчы прайшоў з відавочнай перавагай гаспадароў поля, якія адкрылі лік ужо на 7-й хвіліне гульні. Адзінае, што ўдалося «Коласу» да перапынку, дык гэта не прапусціць яшчэ. У астатнім наша каманда выглядала вялай, безыніцыятыўнай, затарможанай. Здаецца, так дрэнна яна не гуляла сёлета нават у прайграных матчах.

У перапынку трэнер чэрвеньцаў Аляксандр Курыловіч асабліва не падбіраў слоў і выразаў, даючы ацэнку гульні ў першай палове матча, дзеянням як каманды ў цэлым, так і асобных ігракоў. Не абышлося і без замен: замест Яўгена Камісаранкі ў другім тайме на поле выйшаў Ігар Люты, а замест Ігара Шмідава — Аляксандр Няхай.

Падобна, што сур’ёзная мужчынская размова ў раздзявальні дапамагла камандзе «прачнуцца». Не паспеў пачацца другі тайм, як «Колас» за дзве хвіліны забіў два мячы і выйшаў наперад. Спачатку пасля падачы Максімам Шмаянковым вуглавога вызначыўся Аляксандр Хасяневіч, затым дакладна прабіў па варотах Яўген Яблонскі.

Неўзабаве маладзечанцы параўналі лік: Аляксандр Курыловіч не здолеў спыніць мяч пасля дальняга ўдару. Прапушчаны мяч зусім не засмуціў чэрвеньцаў, наадварот — раззлаваў. Яны толькі ўзмацнілі ціск на вароты «Забудовы». У выніку поспех прынесла ўдалая гульня Аляксандра Ліпніцкага на дабіванні, пасля таго, як мяч у штрафную гаспадароў поля навесіў Антон Масько. 3-2 на карысць «Коласа» — канчатковы вынік сустрэчы.

Гэтая перамога дала магчымасць чэрвеньцам перамясціцца з 12 на 10 месца ў турнірнай табліцы. І суседства ў нас цяпер строга адпавядае геаграфічнаму знаходжанню Чэрвеня: паміж Беразіно і Мар’інай Горкай.

Ігар АДАМОВІЧ.

Фота аўтара

На здымках: «Колас» у атацы.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *