РЭАГАВАННІ АТРЫМАНЫ — ПЫТАННІ ЗАСТАЛІСЯ…

Общество

У №№ 44-46 «Раённага весніка» за 24 сакавіка мы змясцілі крытычны погляд нашага карэспандэнта «Тры «заліўныя месцы» вуліцы Барыкіна, альбо Душ з граззю заказвалі?». Публікацыю накіравалі на рэагаванне дырэктару УП «Чэрвеньская ЖКГ» Ігару НАВІЦКАМУ і атрымалі такі адказ:

«Па вуліцах г.Чэрвень пры ўкладцы асфальтабетону не было прадугледжана абсталяванне сцёкавай каналізацыі, што і прыводзіць пры выпадзенні атмасферных ападкаў да ўтварэння лужынаў па вуліцы Барыкіна».
А ў №№ 68-70 за 5 мая быў надрукаваны крытычны ліст «Так быть благоустройству или нет?», у якім пенсіянерка Вера Ніціеўская ад імя ўсіх жыхароў дома №99 па вуліцы Барыкіна распавядала аб шматлікіх праблемах, недаробках і недахопах у галіне добраўпарадкавання. Гэтая публікацыя пайшла па таму ж адрасу. Вось адказ:
«Работы па рэканструкцыі і добраўпарадкаванні каля дамоў №№ 101, 99, 97 адноўлены з 10 мая гэтага года. Вядзецца ўкладка бардзюрнага каменя на праезнай частцы, робіцца засыпка і планіроўка ямаў гранулятарам на праезнай частцы і стаянцы. Работы, пачатыя ў 2011 годзе каля дамоў №№ 103, 101, 99, 97 па добраўпарадкаванню стаянкі і гульнявых дзіцячых пляцовак, будуць выкананы да верасня 2012 года».
Пасля атрымання гэтых рэагаванняў узнікла шмат думак — як кажуць, па абавязку службы і не толькі… І напачатку хочацца нагадаць пра Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 630 «Аб рэагаванні адказных асобаў на крытычныя выступленні ў дзяржаўных сродках масавай інфармацыі». У ім, у прыватнасці, гаворыцца:

«2. Кіраўнікі прадпрыемстваў, устаноў і арганізацый незалежна ад формаў уласнасці (у тым ліку дзяржаўных органаў) абавязаны:
— забяспечваць разгляд апублікаваных у перыядычных выданнях, заснавальнікамі якіх з’яўляюцца рэспубліканскія і мясцовыя органы, або прагучаўшых у праграмах тэле- і радыёканалаў крытычных матэрыялаў у свой адрас ці ў адрас падначаленых работнікаў і ў межах кампетэнцыі прымаць меры, прадугледжаныя заканадаўствам РБ;
— накіроўваць звесткі аб разглядзе паведамленняў аб невыкананні альбо неналежным выкананні адказнымі асобамі і работнікамі прадпрыемстваў, устаноў і арганізацый Канстытуцыі РБ, рашэнняў Прэзідэнта РБ, законаў РБ, рашэнняў Савета Міністраў РБ, а таксама аб прынятых мерах у адпаведныя сродкі масавай інфармацыі на працягу месяца з моманту апублікавання ці выхаду ў эфір такіх паведамленняў.
3. Вызначыць, што крытычныя матэрыялы па вострых грамадска-палітычных і сацыяльна-эканамічных праблемах, якія не вырашаны з-за безадказных адносінаў да справы адказных асобаў дзяржаўных органаў, прадпрыемстваў, устаноў і арганізацый незалежна ад формаў уласнасці, разглядаюцца на калегіях адпаведных дзяржаўных органаў альбо кіраўнікамі прадпрыемстваў, устаноў і арганізацый у месячны тэрмін з дня іх апублікавання.
4. Ускласці на кіраўнікоў прадпрыемстваў, устаноў і арганізацый незалежна ад формаў уласнасці персанальную адказнасць за выкананне патрабаванняў, выкладзеных у пунктах 2 і 3 гэтага Указа.
Невыкананне без паважлівых прычын гэтых патрабаванняў цягне прымяненне да ўказаных адказных асобаў мераў дысцыплінарнай адказнасці, да вызвалення іх ад займаемых пасадаў».
Здаецца, тут усё зразумела. Але чамусьці некаторым адказным асобам прадпрыемстваў, устаноў, арганізацый Чэрвеньшчыны трэба нагадваць пісьмова ці вусна па 2-3 разы… Ды што там нагадваць?! Літаральна выпрошваць, каб той адказ у рэдакцыю яны даслалі. Бо ў нас ёсць свае кантралюючыя органы, якія мы павінны штоквартальна інфармаваць аб рэагаванні на крытычныя матэрыялы і звароты грамадзян.
Апошнім часам у сувязі з уступленнем у сілу новага Закона РБ «Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асобаў» у сродках масавай інфармацыі ў выступленнях кіраўнікоў усіх узроўняў шмат гаворыцца пра тое, што адказы, рэагаванні павінны быць тэрміновымі, дзейснымі, канкрэтнымі, вычарпальнымі.
Дык вось што датычыцца першага з камунгаса. У ім толькі сцвярджаецца тое, пра што гаварылася ў публікацыі (цытую): «Хацелася б, каб адказныя асобы звярнулі-такі ўвагу на тры «заліўныя месцы» Барыкіна, якія, між іншым, узніклі не ўчора і не сёння. Прычым першае і трэцяе ператвараюцца ў рэкі з-за адсутнасці выхаду вады — сцёкаў ліўневай каналізацыі ці чагосьці накшталт гэтага». І — глядзім на адказ у пачатку матэрыялу. Дык дзе ж канкрэтыка?! Будзе штосьці рабіцца (на вуліцы Мінскай, казалі, прабівалі якіясьці адтуліны) ці не будзе?
Што датычыцца адказу пад нумарам два… Так атрымалася, што я жыву ў адным з пералічаных шматпавярховых дамоў, якія трапілі пад добраўпарадкаванне тэрыторыі. І таму з дакладнасцю магу сказаць, што, калі і як там робіцца альбо… не робіцца, за які перыяд косіцца трава і г.д.

Усё станоўчае вітаю, з задавальненнем пішу пра гэта. Як пра вялікі суботнік работнікаў камунгаса пару гадоў таму, падчас якога яны шмат чаго пачысцілі, у тым ліку і за нядобрасумленнымі жыхарамі шматпавярховак, якія кідалі смецце ў зараснікі… Менавіта тады я і пачула аб плане па добраўпарадкаванні тэрыторыі, які складаўся з запрашэннем дызайнераў.
Усё добра, апрача… аднаго «але», якое ўзнікла нядаўна. Не паспелі яшчэ жыхары мікрараёна прызвычаіцца да кантэйнераў уздоўж сцежкі, смецце з якіх расцягваюць сабакі, каты і птушкі, разносіць вецер па зямлі ў радыусе некалькіх метраў (здымак унізе зроблены 10 красавіка, абсалютна выпадкова), як іншае новаўвядзенне. Бетонны плот-загарадку вакол кантэйнераў пераносяць… прама на асфальтавую пляцоўку, праз якую ходзяць людзі, дзе стаяць і разварочваюцца машыны. Прама ля дарогі, дзе тыя ж машыны ездзяць, а людзі ходзяць (на фота).
Не, планы камунгаса зразумелыя. Зручна пад’язджаць смеццяўборачнай машыне, якая да гэтага ўвесну змясіла частку двара і сама тапілася ў глыбокіх каляінах. Яе кіроўцу не пазайздросціш. Зрэшты, пра гэта таксама пісалася ў артыкуле — пра добраўпарадкаванне праходу праз двор, дзе ў сезон — бруд па калена. Але і пра гэта ў рэагаванні — ні слова…
Вядома, можна прыдумаць, што, маўляў, праход праз двор не прадугледжаны, нават загарадзіць яго… Але ж ні па вуліцы Ціміразева, ні па адрэзку шляху, які кругам выводзіць да Барыкіна… не прадугледжаны ходнікі! І па абочынах не пройдзеш. Па-першае, у сезон яны ў лужынах, па-другое, там едуць машыны. Бо па тым жа ўчастку дарогі ад дома № 97 міма дома № 99 і далей на Барыкіна та-а-а-кія яміны, што на машыне едзеш, бы на «амерыканскіх горках»!
Але вернемся да кантэйнераў для смецця і планаў камунгаса па добраўпарадкаванні. Ніхто не адмаўляецца, як кажуць, жыць прыгожа. Але чаму б ні абмеркаваць такія істотныя змены з людзьмі? Гэта ж нам там жыць… У той антысанітарыі… З жахам чакаем лета і плюс да ўсяго — хмары мух, разносчыкаў інфекцыі…
Увогуле, менавіта да абслугоўваючых арганізацый традыцыйна шмат пытанняў. Дык чаму б ні наладжваць жывыя дыялогі з жыхарамі? Бо ні ў лістах у арганізацыю, ні па тэлефоне (а яшчэ ж паспрабуй, каб цябе дапусцілі да кіраўніка!) іх шмат не вырашыш.
Часта можна чуць прэтэнзіі агулам: «Вы забіваеце каналізацыю», «Вы засмечваеце ўчасткі», «Вы закідваеце падвал»… Прабачце, асабіста ў нашай сям’і гэта не прынята рабіць. А як злавіць нядобрасумленных за руку — прыдумайце самі…
Яшчэ адзін маленькі прыклад. У нашым падвале пераварвалі трубы. Спачатку, я так разумею, ацяпленне. З жахам думаю пра наступленне новага ацяпляльнага сезону, калі, відаць, ізноў давядзецца мерзнуць і даказваць сваё права на атрыманне цяпла праз нервы… за свае грошы, якія плаціш нароўні з тымі, у каго з ацяпленнем праблем аніякіх. Справядліва, вы лічыце?
Затым у тым жа падвале ўзяліся за трубы водаправодныя. Вада ў кватэрах знікла знянацку. А калі з’явілася, дык доўга-доўга ішла рудая, брудная… Яе давялося доўга ж і спускаць. А лічыльнік круціцца, круціцца… А мы плацім за ваду, якую спажываць немагчыма. Але, згодна паказанняў, атрымліваецца, што мы яе спажываем?..
Мяне заўсёды цікавіць: а чаму б, як у цывілізаваных краінах, ні вывесіць зараней ля пад’ездаў абвесткі? Маўляў, такога і такога чысла з такі па такі час у сувязі з пэўнымі работамі не будзе вады. Каб людзі загадзя яе набралі. Хаця ад наступстваў у выглядзе рудога струменю, на жаль, не пазбавіцца… І ўсё ж… Здаецца, гэта элементарная ветлівасць…
Карацей, хочацца дыялогу. Хочацца нармальнага стаўлення і адносінаў. Сустрэчаў адказных асобаў з жыхарамі. Наладжвання «прамых ліній» і асабістага прыёму з удзелам рэдакцыі з наступным асвятленнем на старонках «раёнкі» праблем і (ўвага!) захадаў па іх вырашэнні. Хіба ж мы хочам замнога?..

Святлана АДАМОВІЧ.
Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *