ПРЫГАДАЛІ ЮБІЛЕІ ТВОРЦАЎ…

Общество

Падчас чарговага пасяджэння літаратурна-паэтычнага клуба «Ветразь» мы ўзгадалі жыццё і дзейнасць траіх адметных творцаў.

Пад рубрыкай «Наш каляндар» пра жыццё і творчасць беларускага літаратуразнаўцы, крытыка, перакладчыка Міколы Прашковіча (80-годдзе з дня нараджэння) распавяла бібліятэкар Кацярына Дзямахіна. Добра ведаў яго старшыня клуба «Ветразь» Уладзімір Дарагуж. Прашковіч вучыўся на адным факультэце з яго жонкай. Яны разам сябравалі. Уладзімір Георгіевіч паказваў на мультымедыйнай устаноўцы фотаздымкі з сямейнага альбома. Асабіста ведаў Прашковіча і колішні настаўнік роднай мовы і літаратуры Яўген Несцяровіч, бо яны — землякі. Яўген Антонавіч ахарактарызаваў Міколу як сумленнага, адкрытага, адукаванага чалавека.

Далей бібліятэкары ўзгадалі жыццё і творчасць беларускага паэта, празаіка, публіцыста Сяргея Панізніка (70 гадоў з дня нараджэння). Уладзімір Дарагуж удакладніў, што Панізнік працаваў яшчэ і на тэлебачанні. Ён асабіста бачыў юбіляра падчас прэзентацый фільмаў і кніг. Старшыня клуба прапанаваў увазе прысутных два невялікія фрагменты з фільма Аляксандра Матафонава «Чаму ж мне не пець», знятыя аматарскай камерай Сяргея Панізніка пра спевака Міхася Забэйду-Суміцкага ў Празе. Удзельнікі клуба чыталі вершы паэта і слухалі песню на яго словы.

А затым прысутных запрасілі на паэтычную гадзіну «Каханне нас вяртае ў маладосць», прысвечаную 65-годдзю з дня нараджэння беларускай паэткі Раісы Баравіковай. Грунтоўна, дасканала, узнёсла, эмацыянальна распавяла пра яе жыццё і творчасць бібліятэкар Кацярына Лазарчук (на здымку). Яўген Несцяровіч узгадаў, як упершыню сустрэўся з Р.Баравіковай, калі настаўнічаў у СШ №4 г.Чэрвеня. Удзельнікі чыталі шмат вершаў паэткі. А яшчэ з задавальненнем і ўзнёслым настроем спявалі песні на словы юбіляркі пад акампанемент настаўніцы Вайнілаўскай БШ, сяброўкі клуба «Ветразь» Тамары Рухловай, зямлячкі Раісы Баравіковай.

Святлана ЖДАНОВІЧ,

загадчыца аддзела абслугоўвання і інфармацыі Чэрвеньскай цэнтральнай бібліятэкі.

Фота аўтара

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *