ПАВІНШУЕМ МЕДЫКАЎ З ПРАФЕСІЙНЫМ СВЯТАМ!

Общество

Калі звычайны чалавек выратуе жыццё іншага чалавека, пра яго гавораць як пра героя. А выратаванне людзей для медыцынскіх работнікаў з’яўляецца будзённай працай. Цяжкай, адказнай, якая патрабуе асаблівага прафесіяналізму, вялікай міласэрнасці і ніколі не даруе памылак. Таму нізкі паклон кожнаму доктару, сястрычцы, якія звязалі свой лёс з медыцынай, лечаць хворых не толькі медыкаментамі, але і сардэчным спачувальным словам, шчыра турбуюцца за кожнага пацыента, запальваюць надзею і даюць шанц на выздараўленне нават тады, калі здаецца,  свет для цябе гіне назаўжды…

Наталля Асташонак

Медык — не сам Гасподзь Бог, але калі ён побач у крытычны момант, мы спадзяёмся на яго як на Усявышняга. Дык давайце скажам сардэчны “Дзякуй!” і шчыра павіншуем з прафесійным святам, якое адзначаецца заўтра.

Ірына Шубнікава

У нашым раёне працуюць  амаль 70 урачоў і больш як 240 сярэдніх медыцынскіх работнікаў. Акрамя цэнтральнай раённай бальніцы, медыцынскую дапамогу аказваюць Раваніцкая ўчастковая і Смілавіцкая гарадская бальніцы, а таксама Руднянская, Лядзенская, Хутарская, Валевачоўская і Грабёнская ўрачэбныя амбулаторыі, 19 фельчарска-акушэрскіх пунктаў. Напярэдадні прафесійнага свята разам з галоўнай медсястрой раёна Людмілай Васільеўнай Калтовіч у некаторыя з іх мы і наведаліся.


Руднянская амбулаторыя

 

Святлана Дзержановіч, Вольга Ляпёшка, Іна Жыгімонт, Наталля Карбановіч, Нона Матусевіч

Шмат гадоў загадвае ёю аўтарытэтны ў вяскоўцаў, ды і сярод сваіх калег, урач-тэрапеўт, якая зараз адначасова выконвае і функцыі педыятра, Валянціна Іванаўна Карпаева. Калі мы завіталі сюды, на месцы яе не было — вяла прыём пацыентаў у Новых Зелянках. А разам з ёю на фельчарска-акушэрскі пункт выехала і акушэрка. Кадраў на вёсцы не хапае, а таму  існуе замена, падмена, праца звыш вызначанай стаўкі нікога ўжо не здзіўляе. Цяпер маладыя спецыялісты, правучыўшыся шмат гадоў у горадзе, не жадаюць працаваць у малаперспектыўнай вёсцы. А вось фельчар Вольга Мікалаеўна Ляпёшка, з якой мы размаўлялі ў тутэйшай амбулаторыі, 15 гадоў таму прыехала па размеркаванню пасля заканчэння Слуцкага медвучылішча і прыжылася, выйшла замуж, нарадзіла дзетак. Яны ў яе ўжо амаль дарослыя. Сын Павел, гледзячы на сваю матулю, якая любіць абраную прафесію, аддана служыць людзям, таксама думае звязаць свой лёс з медыцынай. І хоць тая раіць добра разважыць, асэнсаваць, перш чым абраць вельмі няпросты жыццёвы шлях, усё ж  як умее, рыхтуе да яго. Распачнецца дынастыя — і гэта таксама важкі вынік яе працы, яе жыцця. З удзячнасцю прыгадвае, як прыехала сюды зусім нявопытнай — і яе пад сваю апеку ўзяла Валяніцна Іванаўна, ва ўсім падтрымлівала, многае падказвала. Яна і цяпер спяшаецца на дапамогу кожнаму, хто ў гэтым мае патрэбу, не лічыцца з асабістым часам, не звяртае ўвагу на ўласныя праблемы. Прывучыла і весь калектыў працаваць самааддана, нікога не пакідаць у бядзе. Вось патрануюць і сваіх блізкіх суседзяў — аддзяленне сацыяльнай службы для кругласутачнага знаходжання састарэлых жыхароў.

Медыцынскую дапамогу ў Руднянскай амбулаторыі  аказваць могуць самую разнастайную.  Кабінеты  абсталяваны усім неабходным. Маглі б яшчэ дадаткова і фізіапрацэдуры рабіць, ды месца не хапае — распачатае будаўніцтва памяшкання яшчэ не закончана, пра што  шчыра шкадуюць не толькі вяскоўцы, якім было б зручна тут прайсці электра-і светалячэнне, інгаляцыю, але і  самі работнікі ўстановы: апаратура ёсць, а не прымяняецца. Зразумела, у экстраных выпадках медыкі, напрыклад, і капельніцу паставяць, аднак належных для гэтага ўмоў пакуль няма. Праўда, у 15 кіламетрах знаходзіцца вёска Раванічы, дзе ёсць участковая бальніца, і многія пытанні  вырашаюцца там. Наталля Андрэеўна Жэкава, яе загадчыца, ніколі не адмаўляе ў дапамозе.

Рудня хоць і далекавата ад райцэнтра, аднак медыкі прафесійна не стаяць на месцы. І не толькі таму, што чытаюць спецыяльныя часопісы, цікавяцца новымі дасягненнямі, а і пастаянна раз у месяц ездяць вучыцца ў Чэрвень. Вольга Мікалаеўна, у прыватнасці вельмі ўдзячна намесніку галоўнага ўрача Ірыне Андрэеўне Вядзёрка, якая курыруе медыцыну вёскі і ніводнага пытання не пакідае без вырашэння. З нагоды прафесійнага свята дасылае ёй, а таксама ўсім медыкам раёна, сардэчныя віншаванні і пажаданні моцнага здароўя, вялікага цярпення, прафесійнага ўмення.


Грабёнская амбулаторыя

Людміла Мельнік

Жыхарам Грабёнкі і навакольных вёсак больш пашанцавала, бо будынак прасторны, светлы і прыгожы. Праўда, і тут адчуваецца недахоп урача-тэрапеўта. Таму, калі мы патрапілі сюды, вяла прыём ўрач агульнай практыкі з Валевачоўскай амбулаторыі (першапачатковая адукацыя — педыятр) Ірына Пятроўна Шубнікава. Да яе якраз завітала васьмігадовая Яначка, якая прыехала з Мінска на канікулы да сваіх бабуль ды пасля ўжывання марожанага крыху прыхварэла. Чакалі сваёй чаргі на прыём і дарослыя пацыенты. Два разы на тыдзень прыязджае Ірына Пятроўна да тутэйшых вяскоўцаў, таму наведвальнікаў часам збіраецца да дваццаці чалавек. Не толькі з прастуднымі хваробамі, але і хранічнымі, парушэннем крывянога ціску. Урач агульнай практыкі — гэта асобная катэгорыя ўрачоў, спецыяліст, як кажуць, на ўсе рукі. Ірына Пятроўна звыклася з такім шырокім прафесійным профілем, бо нават ад вузкага спецыяліста ў няпростай сітуацыі людзі чакаюць дапамогі і не цікавяцца стаматолаг ты ці хірург. Слова “ўрач” абавязвае да многага.

Вікторыя Лук’янава

— Калі  здараюцца такія моманты, узнікаюць дасведчанасць, поўная мабілізацыя сіл — і ты ведаеш як і што трэба рабіць. Вочы баяцца, а рукі робяць — праўдзівая пагаворка, — зазначае Ірына Пятроўна. А на пытанне ўзгадаць найбольш цяжкі выпадак з практыкі, адказвае, што іх было шмат. Успамінае некалькі, ад жахлівага уяўлення якіх моцна здзіўляешся, як гэтая мілая жанчына спраўляецца з крытычнымі сітуацыямі, вырываючы жыцці практычна з кастлявых рук смерці. Дарэчы, у Грабёнцы ўсе медыкі з высокай кваліфікацыяй, і загадчыца амбулаторыі з 26-гадовым працоўным стажам Людміла Віктараўна Мельнік, дарэчы па спецыяльнасці стаматолаг, ганарыцца сваім дружным, добра адукаваным калектывам. Пра кожнага падначаленага гаворыць з вялікай павагай. Даўно працуюць тут усе, акрамя фельчара: дзяўчына пасля заканчэння вызначанага тэрміну ў горад падасца, аб чым вельмі шкадуе Людміла Віктараўна, бо малады спецыяліст талковы і многаму ўжо навучылася. А работы  хапае — абслугоўваюць больш як 1300 мясцовых жыхароў.


Людміла Пянкрат

Валевачоўская амбулаторыя

На момант нашага прыезду хворых вяскоўцаў прымала  фельчар Наталля Сяргееўна Асташонак.  Загадчык амбулаторыі Аляксандр Леанідавіч Шубнікаў хоць і знаходзіўся ў водпуску, аднак паспяшаўся на сустрэчу і шмат цікавага распавёў пра ўласнае жыццё, абраную спецыяльнасць (па адукацыі стаматолаг), згадваў незвычайныя выпадкі з урачэбнай практыкі. З удзячнасцю гаварыў пра жонку, якая ва ўсім яму падмога — як у жыцці, так і ў працы. Сціплы, не спешчаны на вёсцы пільнай ўвагай да сваёй асобы, ён вельмі хваляваўся. Размову прыпынялі тэлефонныя званкі вяскоўцаў, якія прасілі ў яго, доктара, парады, заходзілі з пытаннямі пацыенты…  Хтосьці хварэў, а хтосьці выздараўліваў. У дзённым стацыянары на ложках ляжалі пажылыя жанчыны — атрымлівалі капельніцы.

Аляксандр Шубнікаў

Як адміністратар, Аляксандр Леанідавіч выказаў надзею, што амбулаторыю з часам удасца поўнасцю ўкамплектаваць кадрамі, але пакуль на вёсцы рэальнасць іншая. У Шубнікавых у саміх двое сыноў-медыкаў. Аднак старэйшы, адпрацаваўшы пэўны тэрмін, пакінуў медыцыну і ўладкаваўся на больш прыбытковую работу — трэба ж маладому мужчыне нармальна ўтрымліваць сям’ю, не чакаючы грашовай дапамогі ад бацькоў. І Ірына Пятроўна, і Аляксандр Леанідавіч, вядома ж,  моцна перажывалі з-за гэтага, ды моладзь вырашае ўсё па-свойму. А можа яна і мае рацыю? Малодшы сын ужо пяцікурснік,  заканчвае медыцынскі ўніверсітэт, у Мінску на практыцы. А як далей складзецца яго лёс — пакажа час.


Эма МІКУЛЬСКАЯ. Фота аўтара

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *