НАРОДНЫ КАЛЯНДАР

Общество

Чэрвень.

Што летам нагой коп, то зімой зубамі хоп.

Лета прыгатуе, а зіма з’есць.

Хто ўлетку спіць, той узімку не есць.

Лета праляжыш, то ўзімку ў пазыкі пабяжыш.

Людзі рады лету, а пчолы — квету.

Не прасі лета доўгага, а малі цёплага.

У чэрвені ўбача спадар, што Бог дасць у дар.

Чэрвень не гуляе — ураджай люляе.

Чэрвень сухі — плюнь на баравікі.

Чэрвень мае 30 дзён. Назва яго тлумачыцца з’яўленнем чарвякоў, а таксама чырвоным колерам, які набываюць некаторыя ягады менавіта ў гэтую пару. Старажытнабеларускае найменне месяца — чирвець (червец).

1 чэрвеня. Людзі прыкмячалі: калі ў першы і другі дзень чэрвеня лье дождж — увесь месяц будзе сухі.

2 чэрвеня. У праваслаўных — Троіцкая бацькоўская субота. Памінальны дзень усіх спачылых у праваслаўі адзначаецца ў суботу перад Тройцай. У гэты дзень у  цэрквах адбываецца «ўсяленская паніхіда», падчас якой моляцца за спачын усіх праваслаўных хрысціян.

3 чэрвеня. Алёна (Алёны, Ульяна). Праваслаўныя адзначаюць Дзень Святой Троіцы і Уладзімірскай іконы Божай Маці. Троіца ахоплівае адразу некалькі святаў. Гэта Троіцкая бацькоўская субота, затым сама Троіцкая нядзеля, а таксама наступны за ёй Духаў дзень. Свята Троіца адзначаецца на пяцідзясяты дзень пасля Вялікадня. Называецца так таму, што ў падзеях гэтага дня свету адкрылася жыццяноснае дзеянне ўсёй Прасвятой Троіцы. Людзі пачалі пакланяцца і ўслаўляць тры Асобы адзінага Бога — Айца і Сына і Святога Духа. Пасля сашэсця Святога Духа на апосталаў вучэнне Хрыста пра Трыадзінага Бога і пра ўдзел Трох Божых Асобаў ў выратаванні чалавечага роду дасягнула выключнай паўнаты і яснасці. У гэты дзень Праваслаўная Царква заклікае нас пакланяцца Сыну ў Айцы са Святым Духам. Дзень Святой Троіцы — гэта дзень нараджэння Царквы. 3 даўніх часоў вернікамі захоўваецца добры звычай упрыгожваць на свята Троіцы храмы і сваё жытло галінкамі маладых бярозаў, аерам і кветкамі. Яны прыносяцца Богу як пачаткі жыватворных сілаў вясны і разам з тым з’яўляюцца сімвалам Царквы Хрыстовай. Бярозе надаецца асаблівае значэнне, бо яна зелянее раней за іншыя дрэвы і найбольш увасабляе жыватворную сілу зямлі.

Народная назва свята Троіцы — Сёмуха. Сёмуха — нядзеля, якою завяршаецца сёмы тыдзень пасля Вялікадня. Гэта старажытнае земляробчае свята славянскіх народаў, яно супадае з заканчэннем веснавых палявых работ. Святкуецца Сёмуха тры дні. У гэты час ладзяць гульні, карагоды, плятуць вянкі, потым бывае агульнае частаванне. Сёмушны цыкл з’яўляецца выключна жаночым, галоўнае месца і найважнейшыя ролі ў якіх належаць дзяўчатам шлюбнага (плоднага) узросту і маладым жанчынам, якія ўжо нарадзілі і маглі яшчэ працягваць жыццё роду. Таму адбываецца кумаванне, спраўляецца шмат вяселляў. Дзяўчаты на свята адпраўляюцца ў лес «завіваць бярозкі», бяруць пры гэтым ежу і напоі, спяваюць сёмушныя (траецкія) песні, матывы кахання і шлюбу ў якіх асноўныя. Плятуць на Сёмуху вянкі і пускаюць іх на ваду, вызначаючы такім чынам свой лёс на замужжа. Існуе яшчэ і абрад «ваджэння куста», які мае, як і ўсе сёмушныя ўрачыстасці, аграрны і сямейна-шлюбны змест. Маладую дзяўчыну ўпрыгожваюць галінкамі («маем»), і дзявочы гурт абыходзіць двары з песнямі. «Куставыя» песні маюць велічальны характар і, паводле народных уяўленняў, спрыяюць добраму ўраджаю, замужжу дзяўчат, якім адрасуюцца песні.

4 чэрвеня. Васіліска. «Ад Васіліска і салавей блізка» .

5 чэрвеня. Дзень памяці Ефрасінні Полацкай (Прадславы) — князёўны, манашкі-асветніцы XII стагоддзя. З блізкіх і далёкіх ваколіц людзі пешшу хадзілі ў Полацк пакланіцца «сваёй Ефрасінні» і «абракацца», каб дапамагала ў зямных нягодах.

11 чэрвеня — Пачатак Пятрова посту ў праваслаўных.

14 чэрвеня. Усцін (Юстын і Харытон). З прысвяткам звязаны прыкметы пра рост зерневых раслін. «Юстын цягне ўверх каноплі, Харытон — лён». «На Усціна лета ўдаецца — жыта добрым коласам нальецца».

16 чэрвеня. Лук’ян. Паўднёвы вецер на Лук’яна — на добры ўраджай яравых, а калі падзьме паўночна-заходні — сырое лета прынясе

26 чэрвеня. Акуліна (Акуліна Грэчышніца, Акуліна-задзярыхвост) — прысвятак.

28 чэрвеня. Амос. За прысвяткам замацавалася прыкмета: прыйшоў Амос — цягне ўгору авёс.

29 чэрвеня. Ціхан — дзень заканчэння севу жыта і пачатак вывазу гною. У народзе Ціхан наводзіць асацыяцыі на ціхі дзень. «На Ціхана, і пеўчыя птушкі заціхаюць». «На святога Ціхана сонца ледзьве дыхае»

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *