Мы спыталі ў чытачоў: “Дзе будзеце святкаваць Дзень Незалежнасці?”

Общество

Лідзія Смірнова, пенсіянерка, разам з унучкай:

У Дзень Незалежнасці абавязкова з унучкай Карынай сходзім на мітынг. Дзіця просіцца на свята. Вялікая Айчынная прайшлася па нашай сям’і. Мой дзядуля загінуў у першы дзень вайны дзесьці на Беразіне. Дагэтуль не ведаем, дзе ён пахаваны. Майго бацьку Канстанціна Сцяпанавіча Козела ў 16-гадовым узросце дэпартавалі з-пад Слуцка, адкуль родам наша сям’я, у Германію. На каляндары стаяў 1942-і год. У выхадны дзень 16-гадовы юнак пайшоў на рынак і трапіў …пад аблаву. Тых, хто апынуўся ў руках фашыстаў, пагрузілі ў цягнік, які кіраваўся ў Германію. Да сканчэння вайны бацька знаходзіўся ў выпраўленча-працоўным канцлагеры. Пасля яшчэ колькі часу служыў на дальнеўсходнім флоце. Сёлета тату пайшоў 88-ы год. Яму цяжка ўспамінаць пра такое юнацтва — у жахлівых умовах канцэнтрацыйнага лагера.

На франтах Вялікай Айчыннай ваяваў мой свёкар Міхаіл Паўлавіч Смірноў. Ён служыў танкістам на Каўказе. Фашысцкія войскі ў 1942-м годзе занялі частку тамашніх паўночных тэрыторый. Міхаіл Паўлавіч быў паранены. Яго не стала ў 66 гадоў.

Дзякуючы ім, усім тым, хто не шкадаваў сябе ў 40-ых, вайна скончылася. Яны крывёю заваявалі нашу незалежнасць.

Вольга Урублеўская, выкладчыца беларускай мовы і літаратуры, разам з вучаніцамі СШ №4:

Штогод 3 ліпеня хаджу на мітынг — ушанаваць памяць ветэранаў і загінуўшых падчас Вялікай Айчыннай. Мы павінны аддаць належнае тым, хто ваяваў. У дзяцінстве пра вайну мне распавядала бабуля Марыя Уладзіміраўна Дзянісава. Яна родам з Гомельшчыны, падчас вайны была партызанкай. Яе ўжо няма ў жывых. Як і многія сённяшнія школьнікі, у дзяцінстве мы дапамагалі ветэранам: у каго падлогу падмесці, каму дровы скласці. Зараз мы знаходзімся каля помніка Герою Савецкага Саюза Георгію Філіпавічу Барыкіну. Разам з вучаніцамі Надзеяй Мінчонак, Ганнай Ермаковіч, Валерыяй Падаляка і Елізаветай Шут (на здымку) добраўпарадкоўваем тэрыторыю каля манумента.

Гісторыю нельга забываць. Колькі мы памятаем вайну, столькі яе і не павінна быць. Калі б дзеці не даведваліся ад настаўнікаў, бацькоў пра мінулае, калі б ветэраны не гаварылі, як яны жылі ў той час, у які нікому не пажадаеш жыць, — у час вайны, то ніхто б з маладога пакалення не задумваўся, каму абавязаны сказаць «дзякуй» за мірнае жыццё. Каб зберагчы гісторыю, з дзецьмі ў школе праводзім гутаркі на ваенна-патрыятычныя тэмы, запрашаем на сустрэчы ветэранаў, наведваем тых, у каго ўжо няма сіл хадзіць.

Дзмітрый Байко, старшыня Чэрвеньскага ДТСААФ:

На Дзень Незалежнасці запланаваны паказальныя выступы карцінгістаў, удзельнікаў мотаклуба Чэрвеньскага ДТСААФ, накшталт тых, што прайшлі на стадыёне ў Чэрвені два гады назад. У мінулым годзе мы правялі ў лесапарку ў зоне адпачынку спаборніцтвы па стральбе з уручэннем прызоў.

Свята не пройдзе незаўважаным. Дзень Незалежнасці — гэта сімвал свабоды, якую нам падаравалі ветэраны. Вайна закранула і маю сям’ю. Бацька Андрэй Мітрафанавіч Байко ваяваў на франтах Вялікай Айчыннай. Атрымаў два раненні, ляжаў у шпіталі пад Ленінградам. На падставе заключэння ваенна-медыцынскай камісі яго звольнілі ў запас па стане здароўя. Узнагароджаны медалём «За адвагу», ордэнам «Чырвоная зорка», двума ордэнамі Славы. Ордэн Славы атрымліваюць асобы радавога i сяржанцкага складу Чырвонай Арміі, а ў авіяцыі яшчэ і малодшыя лейтэнанты, якія праявілі ў баях адвагу, мужнасць і бясстрашнасць. Узнагароджванне ідзе паслядоўнае, пачынаючы з трэцяй ступені. Поўны Кавалер ордэна Славы прыраўноўваецца да Героя Савецкага саюза. Больш за 10 гадоў, як Андрэя Мітрафанавіча не стала.

Алена Матвеева, намеснік дырэктара Чэрвеньскай ЦБС па рабоце з дзецьмі:

Стала добрай традыцыяй: штогод працоўным калектывам 3 ліпеня ўдзельнічаем у мітынгу. Амаль у кожнага з нас у сямь’і былі ці ёсць людзі, якія ваявалі ў 1940-х. Мой дзядуля Лаўрэн Васільевіч Саўчанка прайшоў праз дзве вайны — фінскую і Вялікую Айчынную. Я ганаруся ім. Дзядуля памёр, калі я скончыла 8 класаў. Пахаваны на радзіме, на Магілёўшчыне. Два яго браты таксама ваявалі: Сяргей загінуў, Максім вярнуўся інвалідам, жыў з намі па-суседству. Завітваў у госці з гітарай, добра граў і спяваў.

Павіншаваць ветэранаў, з якімі мяне звёў лёс, падтрымаць іх — справа гонару. Яны завітвалі да нас у бібліятэку, размаўлялі з дзецьмі пра вайну — Клаўдзія Філіпаўна Дзербан, Леанід Францавіч Камароўскі, Елізавета Іванаўна Гурэвіч і іншыя.

Наша пакаленне вырасла на ваенна-патрыятычнай кнізе. Нас мала цікавілі прыгоды ці фантастыка. Аднак неабходна і сучасным дзецям аддаць належнае. Ёсць рабяты, якіх не трэба прымушаць чытаць, — яны цікавяцца ваенна-патрыятычнай тэмай. На кнігу Іллі Турычына «Крайні выпадак» нават займаюць чаргу. Часам тэлефаную дзецям, калі яна зноў з’яўляецца на паліцы. Вось і цяпер яе няма — знаходзіцца «на руках».

 

Пытанне задавала і фатаграфавала Сняжана КАЎГАРЭНЯ

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *