І ДА НАС ЗАЗІРНУЛІ АЎСТРАЛІЙСКІЯ ГОСЦІ…

Общество

Наш сельскі Дом фальклору ўжо не аднойчы наведвалі госці з розных куткоў свету. Былі тут і далікатныя англічане, і ўзнёслыя французы, і няўрымслівыя кітайцы, і прагматычныя амерыканцы… А нядаўна ў Іванічы, як распавядаў ужо «Раённы веснік», завіталі Міхаіл Ладуцька і яго жонка Тамара з далёкага «зялёнага кантыненту» — Аўстраліі.

Гэтая сямейная пара прыехала да землякоў, родзічаў — сям’і М.Ф.Карасік. Але галоўная іх мэта, як ведаюць ужо чытачы «раёнкі», — дапамагчы будаўніцтву храма ў нашай вёсцы. Цікавіла ж іх абсалютна ўсё: як і чым жывуць людзі, як вучацца і адпачываюць дзеці, што хвалюе жыхароў і г.д.

Перад ад’ездам госці наведалі і наш сельскі Дом фальклору. Трэба было бачыць і чуць той калейдаскоп эмоцый і ўражанняў! Кожны экспанат прыцягваў увагу: а для чаго патрэбны жорны, а як карыстацца самапрадкай, а колькі часу праслужыў гаспадару гэты калаўрот…

Некаторыя прадметы побыту здаліся знаёмымі Міхаілу. А гледзячы на даматканую посцілку, ён успомніў, што матуля засцілала яго ложак такой самай. Госці з задавальненнем і якімсьці дзіцячым захапленнем прымяралі на сябе беларускія касцюмы, фатаграфаваліся і здымалі на відэакамеру ўсё, што бачылі. А Тамара, нібы сапраўдная беларуская бабуля, з важным выглядам паспрабавала ткаць і прасці.

Роспыты пра побыт мясцовых жыхароў, пра традыцыі, звычаі працягваліся бясконца. І, адказваючы на іх, я сама сабе задала пытанне: чаму людзі з другога канца свету праяўляюць такую шчырую непадробную зацікаўленасць нашай гісторыяй, культурай, а мы, тутэйшыя, не заўсёды ведаем пра сябе, пра мінулае свайго краю, пра векавыя традыцыі нашых продкаў? Як жа наша моладзь будзе ствараць будучае, калі не ведае свайго мінулага?

Развітваючыся, Тамара прамовіла кранальныя словы: «За гэты час, што я пабыла тут, я напалову стала вашай, я люблю Беларусь!» Дык давайце ж і мы будзем не напалову, а цалкам сваімі на сваёй роднай зямельцы. Давайце ашчаджаць і шанаваць гэты неацэнны скарб — нашу найкаштоўнейшую спадчыну!

Ларыса АРЭХАВА,

супрацоўніца Іваніцкага сельскага

Дома фальклору

Фота прадастаўлена аўтарам

 



1 комментарий по теме “І ДА НАС ЗАЗІРНУЛІ АЎСТРАЛІЙСКІЯ ГОСЦІ…

  1. Дорогая Лариса,
    Спасибо Вам за наш незабываемый день с вами в Доме Фольклору. Вы сделали праздник моему мужу Михаилу Ладутько,его родственникам и мне. Вы открыли окно в Михаила родину -которую он потерял когда ему было семь лет- он увидел как жили его родители и его предки. Вы даете шанс молодому поколению учится и гордитсяи быть Белоруссом.

    Храни Вас Господь,
    Тамара Вентура-Ладуска
    Сидней, Австралия

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *