ХОЦЬ УМОВЫ НЕ СПРЫЯЛІ, АЛЕ ГОСЦІ ТАК СПЯВАЛІ!..

Общество

Мы вельмі рады, што да нас, у вёску Вайнілава, завіталі народны калектыў народнай песні «Вербніца» і ўдзельнікі ансамбля «Чэрвеньскія балагуры». Вяскоўцы, у тым ліку і з суседніх населеных пунктаў, сабраліся на канцэрт, які напачатку зладзілі на адкрытай пляцоўцы мясцовай школы. Станоўчыя водгукі аб дзейнасці гэтых калектываў дайшлі і да нашых мясцін…

У выкананні народнага калектыву гучалі песні аб родным краі, сямейна-абрадавыя, жартоўныя, лірычныя… Кожная знайшла водгук у нашых сэрцах.

Вельмі спадабаліся песні ў выкананні Надзеі Чарніцкай і Міхаіла Шчэрбача. Гледачы доўга будуць памятаць гумарэскі, жартоўныя песні «Чэрвеньскіх балагураў».

Нягледзячы на неспрыяльныя ўмовы надвор’я (перад заканчэннем канцэрта пайшоў дождж), гледачы не хацелі адпускаць калектывы. І канцэрт прадоўжыўся ў будынку школы. Было вельмі весела. Вяскоўцы прытанцоўвалі і падпявалі «Чэрвеньскім балагурам»…

Гледачы шчыра дзякавалі сапраўдным талентам нашага раёна, мастацкаму кіраўніку народнага ансамбля народнай песні «Вербніца» Таццяне Правасуд, арганізатарам канцэрта — супрацоўніцы аддзела культуры райвыканкама Вользе Лаўніковіч і Вайнілаўскаму сельскаму Дому культуры.

Ад імя жыхароў в.Вайнілава —

Таццяна ГУРЫНОВІЧ

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *