ГРАЕ ЛЮБА НА БАЯНЕ, ФАРТЭПІЯНА І ГІТАРЫ!

Общество

А яшчэ — спявае, складае сцэнарыі, вядзе праграмы… Умее рабіць лялькі, карціны з саломкі… Во колькі талентаў мае Любоў Ванцеева са Смілавічаў! Недарэмна яна абрала для сябе спецыяльнасць «культурна-адпачынкавая дзейнасць». А са жніўня мінулага года Люба працуе мастацкім кіраўніком Турэцкага сельскага Дома культуры.

Чытачы «раёнкі», напэўна, заўважылі, што апошнім часам павялічылася колькасць заметак аб мерапрыемствах гэтай установы культуры. Аповеды сціплыя, інфармацыйныя. І гэта — яшчэ адзін талент Любові Ванцеевай — уменне коратка расказаць пра галоўнае, але так, каб было цікава.

Шмат прыемнага пра яе я чула ўжо і ад дырэктара Турэцкага сельскага Дома культуры Анастасіі Няпеўнай, і ад іншых работнікаў культуры раёна. Маўляў, працуе з выдумкай, з агеньчыкам. Чалавек, улюбёны ў сваю прафесію. Вось і захацелася бліжэй пазнаёміцца з гэтай таленавітай дзяўчынай і пазнаёміць вас, шаноўныя чытачы.

І першае ж пытанне, зразумела, аб прафесіі:

— Скажы, калі ласка, а чаму ты абрала менавіта сферу культуры?

— Для мяне праца ў культуры — самая прыемная, падабаецца вельмі. Заўсёды весела, розная абстаноўка, іншыя мясціны, новыя знаёмствы… Словам, амаль штодзень — свята. Таму і вырашыла паступіць у Мінскі дзяржаўны каледж мастацтваў. Атрымала дзве спецыяльнасці — «арганізатар культурна-адпачынкавай дзейнасці» і «кіраўнік народнага калектыву». Пасля заканчэння па размеркаванні трапіла сюды. Зараз завочна вучуся ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтва па першай з названых спецыяльнасцей. Дарэчы, да каледжа я паступала ва ўніверсітэт на рэжысуру. Прайшла на платнае, але не мела магчымасці там вучыцца. Таму пайшла ў каледж. І не шкадую! Бо за гады навучання мы шмат дзе пабылі з канцэртамі. Выступалі нават у Палацы Рэспублікі! Усё было даспадобы. Таму і ва ўніверсітэце завочна абрала тую ж спецыяльнасць. Хаця ў дзяцінстве пра гэта нават не марыла…

— А кім ты хацела стаць, калі не сакрэт?

— Мне падабалася тады і падабаецца зараз ваенная форма (ўсміхаецца). Заўсёды ўяўляла сябе ў форме. Але, на жаль, былі праблемы са здароўем, і мара не ажыццявілася. Затое зараз даводзіцца з’яўляцца на публіцы ў розных абліччах, у розных строях. І гэта — здорава!

— А як табе працуецца ў Турцы?

— Прынялі мяне тут добра. І ў працоўным калектыве, і ў ансамблі народнай песні, і ў вёсцы. На працы, нягледзячы на тое, што я самая малодшая, ставяцца з павагай, прыслухоўваюцца. Да таго ж, тут у мяне жыве малады чалавек, з якім мы сустракаемся больш за два гады. Ён мне таксама дапамагае. І на дыскатэках разам са мною, і на мерапрыемствах. Мая падтрымка і апора. Тым больш, што напачатку страшнавата было: першае працоўнае месца, новыя людзі…

— Люба, а якія асабістыя таленты ты маеш?

— Іграю на баяне, фартэпіяна, гітары. Па класу баяна скончыла музычную школу. Агульныя навыкі ігры на фартэпіяна атрымала ў каледжы. Гітару асвойвала сама. А дапамагаў мне ў гэтым настаўнік музычнай школы г.п.Смілавічы Аляксандр Вавілаў. Яшчэ я спяваю. Як народныя песні, так і эстрадныя. Сола і ў хоры. Калі вучылася ў школе, захаплялася саломкай, рабіла карціны. Надзея Альхімёнак вучыла мяне рабіць лялькі. Памятаю, з адной на абласным конкурсе я заняла трэцяе месца.

— А тут у цябе ёсць гурткі?

— Так. Вяду дзіцячы вакальны. Спяваем таксама розныя песні — і эстрадныя, і народныя. І яшчэ — гурток вядучых, як від тэатральнай дзейнасці. Робім дзіцячыя гульнявыя праграмы. Мае гурткоўцы выступаюць у розных абліччах — і скамарохі, і клоуны… Сама спяваю ў хоры. Наш акампаніятар Сяргей Карпачоў падбірае рэпертуар. Я стараюся знайсці месца для канцэртаў. І праз аддзел культуры, і сама дамаўляюся.

— Наколькі я чула ад іншых, ты з гэтай працы не збіраешся сыходзіць і пасля адпрацоўкі?

— Так. І няхай сабе гэта не высокааплатная праца, затое ў мяне ёсць пачуццё, што я — на сваім месцы. Мне падабаецца, калі ідзе падрыхтоўка да мерапрыемстваў, усё віруе, шыюцца касцюмы… А калі ідзе канцэрт, і я бачу на тварах гледачоў усмешкі, радасць… Калі пасля падыходзяць і кажуць: «Было здорава, весела, класна…» Я разумею, што вынік працы ёсць. І адчуваю новы прыліў сіл, натхненне. Стараюся рабіць усё шчыра, ад душы, каб людзям падабалася. Хацелася б, калі надарыцца такая магчымасць, больш паглыбіць свае веды па акцёрскаму майстэрству. Здаецца, на трэцім курсе ва ўніверсітэце можна будзе абраць дадатковую спецыяльнасць, якая таксама ідзе ў дыплом. Хаця і так дзве атрымаю па заканчэнні — «арганізатар культурна-адпачынкавай дзейнасці» і «выкладчык сацыяльна-культурнай дзейнасці».

— Мяркуючы па тваіх заметках, вы ў Турцы часта ладзіце мерапрыемствы…

— Так, стараемся. Амаль кожны тыдзень штосьці праводзім. Ну, і ў залежнасці ад канцэртаў. У тым ліку і выязных. У нас за паўгода іх было шмат. Да кожнага свята мяняўся сцэнарый, рэпертуар. У асноўным, у якасці вядучай выступаю я — адна ці з кімсьці ў пары.

— Люба, ты чаму-небудзь вучышся ад старэйшых калег? Альбо сама іх чамусьці вучыш?

— У нас атрымліваецца супрацоўніцтва — узаемакарыснае. Бо ў мяне болей тэарэтычных ведаў, а ў іх — практычных. Яны тут жывуць, доўгі час працуюць. Таму падказваюць, што варта ладзіць, а што — не пройдзе. А дзесьці я падказваю, як нас вучылі ў каледжы. Дапамагаем адно аднаму.

— А якое было тваё дэбютнае мерапрыемства ў якасці вядучай?

— Мерапрыемства да Дня маці. Я сюды запрашала і сваю маму, каб паглядзела, чым дачка займаецца. У нас была канцэртная праграма з сольнымі нумарамі, дзе я ўпершыню спявала на сцэне ў Турцы. І ў ансамблі народнай песні — таксама. Тады шмат ладзілі канцэртаў да Дня маці. З імі аб’ездзілі многа вёсак. Я толькі паспявала сцэнарыі пісаць. І думала: «Нічога сабе праца віруе ў сельскім Доме культуры!»

Наступнае яркае мерапрыемства, якое запомнілася, — навагодняе. Асабіста для мяне яно сталася незвычайным. Было такое адчуванне, што вёска — гэта адна вялікая радня. У любых конкурсах — любыя дзеянні, актыўны ўдзел, падтрымка… Мы ладзілі цікавае прадстаўленне — «Валёнкі». Распачалі праграму ў 20.00… 31-га снежня! Памятаю, я напярэдадні вельмі дзівілася: «Як гэта — 31-га праводзіць?! Усе ж рыхтуюцца, сталы накрываюць…» Але наша дырэктар Анастасія Паўлаўна сказала: «Мы заўсёды так робім, людзі прыходзяць». І сапраўды. Гляджу — народ ідзе. Да заканчэння ў 21.30 і ўвогуле ўжо месца вакол ёлкі не было…

Таксама весела прайшло мерапрыемства да 8-га Сакавіка. Інфармацыя друкавалася ў «раёнцы».

— І якія водгукі ты атрымліваеш ад гледачоў?

— Пакуль толькі станоўчыя. І таксама шмат прапаноў. Моладзь просіць зноў спартландыю правесці, пабольш канцэртаў. Тут ёсць актыўныя вяскоўцы і нават цэлыя сем’і, якія ўдзельнічаюць ва ўсіх мерапрыемствах. Калі ў чымсьці трэба дапамагчы, заўсёды робяць гэта з ахвотаю. Бацькі дзяцей, якія прыходзяць да мяне на гурткі, таксама шмат часу ўдзяляюць. На канцэрты прывозяць, усім цікавяцца. Нават могуць па пяць разоў на дзень патэлефанаваць і папытацца, што дзіцяці лепей апрануць.

— Што б табе хацелася змяніць у сваёй працы ў будучым?

— Хацелася б, каб умовы палепшыліся. Гэта найперш. Бо многае залежыць і ад музыкі, і ад апаратуры, і ад самога памяшкання. У нашым ансамблі народнай песні няма мужчын, апрача музычнага кіраўніка. Хацелася б усё ж, каб да нас прыйшлі. Ёсць у планах знайсці фундатара, каб набыць більярдны стол. Але, зноў такі, апрача ўсяго іншага — праблемы з памяшканнем. Таму гэта пакуль — у планах далёкіх.

— А ў бліжэйшых?

— Просім, каб набылі нам камп’ютар, прынтар, мікрафон. Без гэтага — як без рук. Хацелася б мець касцюмы для розных персанажаў. Пакуль нам набылі толькі навагоднія — Дзеда Мароза і Снягуркі. Плюс касцюмы для ансамбля народнай песні. Мы, канешне, стараемся многае рабіць сваімі рукамі… Але ўсё ж не зробіш…

Гутарыла

Святлана АДАМОВІЧ.

Фота аўтара

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *