БЕЛАРУСІ НЕАБХОДНЫ МОЦНЫ І ІМКЛІВЫ РЫВОК НАПЕРАД

Власть

Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 8 мая, звяртаючыся са штогадовым Пасланнем да беларускага народа і Нацыянальнага сходу, паведамілі ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.

«Нашы асноўныя прынцыпы і наш шлях нязменныя. Але гэта не значыць, што Беларусь назаўсёды застанецца ранейшай. Мяняецца час, і трэба смела ісці далей. Мы не павінны адстаць! Неабходны моцны, імклівы рывок наперад. Гэта датычыцца ўсіх сфер жыццядзейнасці дзяржавы. І перш за ўсё фундаменту — эканомікі», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, каб надаць новую якасць усёй эканамічнай дзейнасці, у бліжэйшай перспектыве трэба сканцэнтраваць намаганні на некалькіх асноўных напрамках. Сярод іх мадэрнізацыя эканомікі, прыцягненне прамых інвестыцый, рост даходаў насельніцтва, павышэнне эфектыўнасці кіравання эканомікай, падтрыманне стабільнасці беларускага рубля, нарошчванне экспарту, імпартазамяшчэнне і эканомія, развіццё навукі і інавацый, аграпрамысловага комплексу, жыллёвага будаўніцтва.

Адной з найважнейшых задач Аляксандр Лукашэнка назваў стрымліванне росту цэн і аднаўленне дакрызіснага ўзроўню даходаў насельніцтва.

«Нельга ўсё аддаваць рынку. Разумны кантроль за цэнамі павінен і будзе мець месца, цэнавага бязмежжа не будзе, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Мы паступова ідзём да ўсё больш свабоднага цэнаўтварэння. Але сёння патрэбна залатая сярэдзіна. Абсалютна жорсткае рэгуляванне прыводзіць да дэфіцыту і вывазу тавараў з краіны. А так званы свабодны рынак — да спекуляцыі, якая моцна б’е па кішэні простага чалавека».

«Мы не павінны дапусціць павелічэння спажывецкіх цэн больш як на 20 працэнтаў за год, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Тым больш што ні адна краіна свету не адмаўляецца ад іх рэгулявання».

На думку Аляксандра Лукашэнкі, «трэба менш разглагольстваваць аб свабодных цэнах, але пры гэтым зрабіць усё, каб рыначныя адносіны ў Беларусі на справе набылі цывілізаваны характар».

Прэзідэнт лічыць, што ні ў якім разе нельга дапусціць манапалізацыі ўнутранага спажывецкага рынку буйнымі гандлёвымі сеткамі або цэнавай змовы паміж імі. «Разам з гіпер- і супермаркетамі павінны развівацца невялікія прыватныя і дзяржаўныя магазіны, аб’екты «крокавай даступнасці», — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Больш таго, адносна буйных гандлёвых сетак трэба прыняць і сацыяльныя абцяжарванні. Праграмы дысконтных картак для пенсіянераў, шматдзетных сем’яў, інвалідаў павінны стаць абавязковай умовай іх прысутнасці на нашым унутраным рынку».

Кіраўнік дзяржавы даручыў губернатарам, асабліва старшыні Мінгарвыканкама, узяць гэтыя пытанні пад асабісты кантроль.

«Шмат хто гаворыць аб тым, што ў нас цэны на прадукты харчавання паўзуць. Я адкажу на гэта проста: калі вы хочаце карміць увесь свет бясплатнымі беларускімі прадуктамі харчавання, самымі якаснымі і смачнымі, можна трымаць гэтыя цэны. Але вы бачыце, што адбывалася і што адбываецца да гэтага часу: у нас цэны ў два-тры разы ніжэйшыя, чым у суседзяў, граніцы не закрыеш сёння — Адзіную эканамічную прастору, нават Украіну не закрыеш. Таму тут свабодны ператок, і куды нашы танныя прадукты ідуць? Туды! Там іх па нармальных цэнах прадаюць, а грошы — у кішэню не толькі нашым беларусам», — сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка растлумачыў: «На жаль, мы вымушаны рэагаваць на тое, што адбываецца ў свеце, і баланс цэн павінен быць. У нас ніколі цэны не будуць вышэйшымі, чым ва Украіне і Расіі. Ніколі! Але яны павінны быць набліжаны да тых цэн, каб было нявыгадна скупляць і вывозіць… Мы на гэтым павінны зарабляць».

Гаворачы аб даступнасці тавараў для беларусаў, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што трэба павышаць заработную плату. «Тады і людзі будуць спакойна рэагаваць на гэта і разумець, што калі цана крыху вырасла, дык і зарплата вырасла», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт запатрабаваў дабіцца сярэдняй заработнай платы да канца года ў эквіваленце $500. «Мы павінны арыентаваць усе рэгіёны краіны, усіх кіраўнікоў, каб гэта задача была выканана», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Ён дадаў: «Наўрад ці ў бягучым годзе ўдасца дабіцца таго, каб зарплата $500 была ва ўсіх беларусаў, але выйсці на паказчыкі сярэдняй заработнай платы павінны, і мы ўжо недалёка ад гэтага». Тэмп росту эканомікі сведчыць аб тым, што да канца бягучага года Беларусь можа выйсці на гэты ўзровень, перакананы кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на неэфектыўную работу па прыцягненню перш за ўсё прамых замежных інвестыцый. «Гаворым мы пра гэта шмат, а толку мала. Здаецца, ёсць інвестары, асобныя праекты, але ў цэлым усё гэта — кропля ў моры, — заявіў Прэзідэнт. — Акрамя саміх сябе вінаваціць тут няма каго. Да нас хочуць ісці, укладваць грошы. Замежных бізнесменаў прыцягвае стабільнасць у Беларусі, наша прыстойнасць і надзейнасць, нізкі ўзровень карупцыі. Аднак сцяна бюракратызму і абыякавасці, з якой яны сутыкаюцца ў выканкамах і міністэрствах, адбівае ўсялякае жаданне інвесціраваць».

«Яшчэ больш складана ідуць справы, калі інвесціраваць хочуць нашы айчынныя прадпрымальнікі. Тыя наогул прабіцца нікуды не могуць, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — А калі б мы далі ім магчымасць укладваць грошы ва ўласнай краіне, менш было б утойвання даходаў і вывазу капіталу».

Прэзідэнт запатрабаваў ад членаў урада, прадстаўнікоў выканкамаў, усіх кіраўнікоў радыкальна змяніць стыль і метады работы з інвестарамі — як з замежнымі, так і з беларускімі. Важным крокам у гэтым напрамку таксама з’яўляецца чаканае прыняцце закона «Аб інвестыцыях».

Мадэрнізацыя эканомікі — задача не толькі дзяржаўнага сектара, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. У яе вырашэнне неабходна ўключыць увесь айчынны бізнес і максімум замежных інвестараў. «Ураду, усёй выканаўчай вертыкалі ўлады і кіраўнікам прадпрыемстваў неабходна радыкальна мяняць псіхалогію. Мадэрнізацыя не азначае шчодры паток дзяржаўнага фінансавання, нярэдка пад бяздумную закупку абсталявання або будаўніцтва заводаў, чыя прадукцыя потым нікому не патрэбна. Ёсць праект або ідэя — шукайце пад яе інвестара. Угаворвайце яго, стварайце для яго ўмовы. Прычым інвестыцыі павінны быць прамымі, а не замаскіраванай формай крэдыту», — падкрэсліў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў Беларусі можа быць прыватызавана любое прадпрыемства на вызначаных і вядомых умовах. «Той, хто хоча нешта купіць у дзяржавы, павінен заплаціць справядлівую цану», — нагадаў Прэзідэнт. Пры гэтым галоўным пры прыняцці рашэнняў аб прыватызацыі будзе захаванне інтарэсаў работнікаў прадпрыемстваў.

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, павышэнне эфектыўнасці дзяржаўных актываў, у тым ліку шляхам прыцягнення інвестараў, будзе адбывацца паслядоўна на аснове сучаснай нарматыўнай прававой базы. Ніякага абвальнага масавага распродажу пры гэтым не будзе. «Сёння сусветная супольнасць прыйшла да таго, што прыватызацыя не павінна быць масавая. Яна павінна быць празрыстая, зразумелая і кропкавая, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Гэта нармальны працэс, калі прадпрыемствы, у тым ліку дзяржаўныя, прадаюцца і купляюцца. Так адбываецца і ў Беларусі».

«Вынікам прыватызацыі павінна стаць далейшае больш паспяховае развіццё прадпрыемства. Каго задавольваюць такія ўмовы — калі ласка. Але тыя, хто спадзяецца нагрэць рукі на беларускай прыватызацыі, дарэмна губляюць час», — заявіў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка асобна адзначыў перавагі, якія атрымала Беларусь ад стварэння Адзінай эканамічнай прасторы.

Гаворачы аб сітуацыі на валютным рынку, кіраўнік дзяржавы запэўніў, што ў Беларусі будуць строга прытрымлівацца прынцыпу свабоднага фарміравання валютнага курсу. «Рэзкіх ваганняў абменнага курсу больш нельга дапускаць. І мы па-ранейшаму будзем строга прытрымлівацца прынцыпу — свабода фарміравання валютнага курсу ў выніку адкрытых, празрыстых біржавых таргоў», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

У якасці аднаго з важнейшых напрамкаў у развіцці беларускай эканомікі кіраўнік дзяржавы назваў стабільнасць беларускага рубля. «Курс нашай валюты паступова і спакойна ўмацоўваецца. Як мне дакладваюць, у бягучым годзе насельніцтва прадало праз абменнікі паўтара мільярда долараў ЗША, што на паўмільярда больш, чым купіла. Па ўсіх валютах адзначаецца штодзённы рост укладаў. Гэтыя прыклады сведчаць аб стабілізацыі на валютным рынку, даверы да нацыянальнай валюты і банкаўскай сістэмы. І ў гэтага даверу ёсць рэальныя падставы», — адзначыў Прэзідэнт.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, кожны рубель, які знаходзіцца ў абарачэнні ў краіне, на 150 працэнтаў пакрыты валютнымі рэзервамі па бягучаму рыначнаму курсу.

На яго думку, у Беларусі эфектыўнасць кіравання эканомікай з’яўляецца адным з асноўных напрамкаў далейшага развіцця. «Для росту капіталізацыі дзяржаўных актываў, зніжэння затрат і павышэння эфектыўнасці кіравання мы ўзялі курс на стварэнне холдынгаў і буйных вытворчых аб’яднанняў у прамысловасці. Гэта, па сутнасці, дзяржаўныя карпарацыі. Тыя ж працэсы адбываюцца і ў сельскай гаспадарцы. У гэтым годзе мы практычна завершым узбуйненне і стварэнне аптымальных сельгаспрадпрыемстваў і холдынгаў там, дзе гэта магчыма», — адзначыў Прэзідэнт.

«Ужо ў 2012 годзе мы павінны атрымаць якасны эфект ад арганізацыйных рэформ, радыкальна знізіць невытворчыя затраты, расходы і не менш як у два разы — адміністрацыйна-кіраўніцкі персанал», — заявіў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка таксама чакае ад урада і НАН Беларусі прапаноў па змяненню сістэмы кіравання навукай і інавацыямі. «Без інтэлектуальнага і інавацыйнага складальнікаў мы не зможам забяспечыць магутны эканамічны ўздым. Пакуль, на жаль, і з навукай, і з высокімі тэхналогіямі не ўсё ў нас добра», — лічыць кіраўнік дзяржавы. Яшчэ адзін з немалаважных напрамкаў эканамічнага развіцця — укараненне сучасных механізмаў стымулявання рэсурсазберажэння. «У 2012 годзе мы павінны забяспечыць зніжэнне матэрыялаёмістасці прадукцыі ў прамысловасці не менш чым на 2 працэнты, энергаёмістасці ВУП — на 3 працэнты, што сэканоміць амаль 1,5 млн.т умоўнага паліва. Кошт пытання — $1 млрд.», — падкрэсліў Прэзідэнт.

«Трэба разумець: адным адміністрацыйным націскам нічога не даб’ешся. Неабходны сучасныя механізмы стымулявання рэсурсазберажэння».

Аляксандр Лукашэнка ў сваім выступленні закрануў і такую сацыяльна значную тэму, як жыллёвая палітыка. «У 2012 годзе варта кардынальна павысіць эфектыўнасць дзяржаўнай жыллёвай палітыкі», — заявіў беларускі лідар.

Паводле слоў Прэзідэнта, падтрымку «прамым рублём» за кошт дзяржавы атрымаюць толькі канкрэтныя катэгорыі грамадзян. «Па ўсіх заключаных дагаворах ільготнага крэдытавання дзяржава выканае свае абавязацельствы. Указ падпісаны, — заявіў Аляксандр Лукашэнка. — Астатнім, як кажуць у народзе, «трэба даць не рыбу, а вуду. І прынцып просты — кожны чалавек павінен мець магчымасць палепшыць жыллёвыя ўмовы, але льготнае, а ў многіх выпадках бясплатнае жыллё атрымаюць тыя, хто ў гэтым мае асаблівую патрэбу: шматдзетныя сем’і, людзі, аб’ектыўна абмежаваныя ў даходах, і тыя, хто нясе павышаную адказнасць перад грамадствам».

Для тых, у каго грошы ёсць і хто можа іх зарабіць, будуць створаны самыя шырокія магчымасці вырашэння жыллёвага пытання. Яны даўно вядомыя ў свеце — іпатэчнае крэдытаванне, жыллёвыя будзберажэнні і іншыя інструменты. «Тут дзяржава таксама не адыдзе ўбок, — адзначыў Прэзідэнт. — Прадаставім ільготы ў выглядзе падатковых вылічэнняў, прывабных умоў камерцыйнага крэдытавання, бясплатнай зямлі пад індывідуальную забудову тым, хто ў гэтым мае патрэбу. Бяры зямлю, атрымлівай падатковыя льготы і будуй свой уласны дом».

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка нагадаў аб недапушчальнасці раздачы сельгасзямель пад прамысловае будаўніцтва.

Нараўне з гэтым Прэзідэнт даручыў стварыць цывілізаваны рынак арэнднага жылля, а ўсе дагаворы найму зрабіць празрыстымі і зразумелымі. Закрануў у выступленні кіраўнік дзяржавы і тэму ўзаемаадносін Беларусі з Захадам.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што «ў Еўрасаюзе разумеюць, што ў Беларусі не менш дэмакратыі, чым на Захадзе». «Беларусь часта крытыкуюць звонку за быццам бы недастатковую дэмакратычнасць. Гэтыя абвінавачанні даўно сталі рытуальнымі», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

«Вось яны нас крытыкуюць, што ў нас недэмакратычна, што ў нас дрэнна, што ў нас зусім справы дрэнь, але здарыўся гэты канфлікт з пасламі Еўрасаюза. Гэта не сакрэт: вельмі балюча для мяне, для нас было пытанне, не толькі для Еўрасаюза. Мы проста глядзелі, што вакол адбываецца, размаўлялі з людзьмі, з іх (пасольстваў) работнікамі і гэтак далей. І калі мне прынеслі аналітычную запіску з усімі фактамі, я быў прыемна здзіўлены: ні адзін замежны дыпламат, які пакінуў нашу краіну тады або вымушаны быў пакінуць, гэтага не хацеў. Рэфрэн адзін размоў: цудоўная краіна, добры народ, спакойна на вуліцах, можна адпачыць, цывілізаваная, еўрапейская, тут не горш, чым у Германіі і іншых краінах», — адзначыў Прэзідэнт.

«Яны нас публічна крытыкуюць, б’юць, выціраюць аб нас ногі, але на самай справе ісціна іншая: яны любяць нашу краіну, цэняць яе, і гавораць, што тут, у Беларусі, дэмакратыі не менш, чым у іх», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

«Ды мы і самі ведаем, — дадаў ён. — Мы ж бачым, як там паліваюць слёзатачывым газам, брансбойтамі разганяюць, цягаюць гэтых людзей, жанчын, дзяцей, за ногі, за рукі і гэтак далей».

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што пасля выбараў 2010 года Беларусь разлічвала ісці тым жа шляхам — паглыбляць дыялог з Еўропай, ЗША, развіваць так званую грамадзянскую супольнасць, унутрыпалітычны дыялог, удасканальваць палітычную сістэму.

«Але Захад і наша пятая калона вырашылі інакш. Яны не проста адмовіліся ад дыялога, але пачалі атаку на нашу краіну праз націск і санкцыі», — адзначыў кіраўнік дзяржавы. «Спадзяюся, што сёння многія пераканаліся — гэта шлях у тупік», — дадаў ён.

«З-за дзіўнай еўрапейскай палітыкі страчана шмат часу, але наша пазіцыя застаецца ранейшай — мы гатовы да дыялога», — падкрэсліў Прэзідэнт Беларусі.

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што Беларусі і Захаду пераадольваць рознагалоссі трэба дыялогам, а не санкцыямі і забаронамі.

«Дыялог — іншага не дадзена. Тым больш, што нашы нацыянальныя інтарэсы вельмі простыя. Гаворачы звычайнай мовай, мы хочам жыць з усімі ў міры і дружбе, свабодна гандляваць і шчыра супрацоўнічаць па ўсіх пытаннях, якія цікавяць нас і нашых партнёраў”, — сказаў ён.

«Цяпер зноў многія «аналітыкі» круцяць старую пласцінку: вы туды ці вы сюды? Вы з тымі ці з гэтымі? «Арэлі» гэта ці не?» — адзначыў Прэзідэнт.

На яго думку, усё гэта ўстарэлыя падыходы, прымітыўнае мысленне. «Разумныя палітыкі разумеюць: няма ніякіх «арэляў» — ёсць аб’ектыўныя інтарэсы краіны, якія дыктуюцца сённяшнім днём і будучым», — лічыць кіраўнік дзяржавы. «А стратэгічнае будучае ў тым, што два вялікія саюзы не павінны быць варожыя адзін аднаму. Яны павінны не дзяліць кантынент, а аб’ядноўваць яго», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт падкрэсліў, што стаўка на інтэграцыю — свядомы выбар Беларусі. «Мы цудоўна разумеем: у сучасным свеце выжыць можа або той, хто мае вялікі ўнутраны рынак, які вымяраецца як мінімум сотнямі мільёнаў чалавек, або той, хто фарміруе такі рынак за кошт інтэграцыйных утварэнняў. Сёння выразна вырысоўваецца мадэль нашай інтэграцыі. Разам з Расіяй і Казахстанам (я ўпэўнены, не за гарамі і іншыя краіны) мы стварылі Мытны саюз, затым — Адзіную эканамічную прастору з адзіным рынкам у памеры 170 млн. чалавек», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Агульны рынак прадастаўляе дадатковыя магчымасці па збыту прадукцыі, найперш высокатэхналагічнай. Праз такую інтэграцыю можна атрымаць роўны доступ да сыравінных і энергетычных рэсурсаў, без якіх не можа нармальна развівацца ніводная дзяржава. «Гэты шлях у поўнай меры адпавядае інтарэсам Беларусі і яе народа, паколькі нацэлены на ўмацаванне пазіцый беларускай дзяржавы ў сусветным маштабе і павышэнне дабрабыту грамадзян, — лічыць Аляксандр Лукашэнка. — Нашы структуры адкрыты для далучэння іншых краін і, адпаведна, для далейшага пашырэння сумеснага рынку. Але і гэта не мяжа. У парадку дня — стварэнне Еўразійскага эканамічнага саюза, да 2015 года ён будзе ўтвораны».

Прэзідэнт адзначыў: «Ацаніце маштаб зробленага: ад берага Атлантычнага акіяна да Ціхага акіяна асноўную прастору дзеляць паміж сабой два буйнейшыя інтэграцыйныя ўтварэнні. І Беларусь — у ліку заснавальнікаў аднаго з іх. Гэта дарагога каштуе. Два вялікія саюзы, якія ўвабралі ў сябе Еўропу і Еўразію, і іх суседства не могуць не з’яўляцца ключавымі фактарамі глабальнага свету».

«Для доўгатэрміновай стабільнасці нашай дзяржавы двух вектараў па восі Усход-Захад недастаткова. Трывалую стратэгічную пазіцыю мы зоймем, калі пабудуем трэцюю апору Беларусі ў знешнім свеце — на Сусветным Поўдні», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

У першую чаргу размова ідзе аб Кітаі. Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што тут у Беларусі ёсць важная перавага, паколькі краіна ўжо некалькі гадоў разглядаецца як стратэгічны партнёр Кітая. «Сёння мы павінны канверсаваць палітычныя перавагі ў эканамічныя. Менавіта гэта мы маем на ўвазе, калі гаворым аб «вялікім прыходзе» Кітая ў Беларусь», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Што датычыцца Паўднёвага паўшар’я, то Беларусь ужо паспяхова замацоўваецца на рынках не толькі Венесуэлы, але і суседніх краін Лацінскай Амерыкі. На думку Прэзідэнта, новыя намаганні трэба сканцэнтраваць на пранікненне ў Індыю, Паўднёва-Усходнюю Азію і Афрыку, дзе беларуская эканамічная прысутнасць пакуль недастатковая. «Апошнім часам у нас намеціліся сур’ёзныя зрухі ў супрацоўніцтве з Турцыяй, Катарам, іншымі краінамі Заліва. Гэты напрамак неабходна ўсяляк развіваць», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што добрыя перспектывы можа мець супрацоўніцтва з Ізраілем, асабліва ў галіне высокіх тэхналогій і сельскай гаспадаркі. «У гэтай краіне вельмі многа выхадцаў з Беларусі, якія маглі б прынесці ў нашу краіну не толькі капіталы, але і найноўшыя тэхналогіі. Гэта людзі, якія шчыра любяць нашу краіну, і гэтым трэба карыстацца», — сказаў Прэзідэнт.

Ён запатрабаваў, каб органы дзяржкіравання больш актыўна прабівалі дарогу беларускай прадукцыі і вытворчасцям у новыя рэгіёны свету. «Час, каб у замежных установах побач з дыпламатамі працавалі прадстаўнікі нашых асноўных экспартаарыентаваных галін. Адпаведныя юрыдычныя магчымасці вам прадастаўлены. Трэба ўсямерна пашыраць брэнд «Зроблена ў Беларусі», — падкрэсліў Прэзідэнт.

Паводле слоў беларускага лідара, свет дваццаць першага стагоддзя будзе развівацца зусім не так, як у мінулым стагоддзі — куды больш маштабна і імкліва, часта непрадказальна. «Склад сусветных лідараў хутка мяняецца. Усходняя Азія кідае выклік старой Еўропе. Але ранейшай барацьбы цэнтраў сілы, прывычнай для дваццатага стагоддзя, ужо няма. Таму што глабальная эканоміка робіць усе краіны ўзаемазалежнымі, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — У гэтай сістэме няма пераможцаў і прайграўшых. Ад эканамічнага буму выйграюць, ад эканамічнага крызісу прайграюць абсалютна ўсе».

Новая якасць свету найбольш яскрава праяўляецца на прыкладзе двух гігантаў — Злучаных Штатаў і Кітая. Іх эканомікі ўсё больш нагадваюць сімбіёз, у якім ніводны бок не можа абысціся без другога.

«На жаль, сусветная палітыка значна адстае ад сусветнай эканомікі, — адзначыў Прэзідэнт. — Палітыкі ўсё яшчэ гавораць на мове сілы, войнаў і пагроз. Чалавецтва так і не выпрацавала надзейных механізмаў забеспячэння бяспекі. Спакуса рассекчы, а не разблытаць «гордзіеў вузел сусветнай палітыкі» ўсё яшчэ моцная сярод вядучых дзяржаў свету».

«Усе гэтыя рэчы мы не можам змяніць, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Беларусь павінна прыстасоўвацца да таго светаўладкавання, які фарміруецца ў значнай ступені незалежна ад нашай волі. Я неаднаразова гаварыў: у Беларусі няма геапалітычных амбіцый. Але мы павінны выразна бачыць сваё месца ў свеце і адстойваць усімі спосабамі нашы нацыянальныя інтарэсы».

Пры гэтым Прэзідэнт звярнуў увагу на тое, што Беларусь не можа адмовіцца ад сваіх базавых прынцыпаў. «Стабільнасць у грамадстве і дзяржаве — наша важнейшая каштоўнасць», — падкрэсліў Прэзідэнт. «Мы нацэлены на далейшае паслядоўнае і спакойнае ўдасканаленне грамадска-палітычнага жыцця ў нашай Беларусі», — заявіў ён.

Асобна кіраўнік дзяржавы ў выступленні спыніўся на ролі парламента ў жыцці нашай дзяржавы. «Краіне патрэбны моцная заканадаўчая ўлада і моцны парламент. Таму развіццё парламентарызму з’яўляецца адным з асноватворных элементаў станаўлення беларускай дэмакратычнай дзяржавы», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, дзеючае скліканне парламента адыграла важнейшую ролю ва ўмацаванні дзяржавы. «Восенню ў нас павінны адбыцца чарговыя парламенцкія выбары. Вядома, для краіны важна захаваць пераемнасць. Калі частка дэпутатаў цяперашняга склікання ўвойдзе ў новы парламент, а мы гэту практыку ўжо напрацавалі, гэта створыць найлепшыя ўмовы для прадаўжэння карпатлівай заканадаўчай работы», — адзначыў Прэзідэнт.

«Гарантую, што маючая адбыцца выбарчая кампанія пройдзе на высокім узроўні і ў строгай адпаведнасці з законамі і Канстытуцыяй нашай краіны. Ні кроку ўлева-ўправа, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Нічога мы мяняць напярэдадні маючых адбыцца парламенцкіх выбараў не будзем».

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што некалькі гадоў таму ў рабочым парадку ў вузкім коле распрацоўваліся варыянты рэфармавання выбарчай сістэмы: «Мы падышлі і да выбрання часткі дэпутатаў па партыйных спісах. Вывучалі гэта пытанне, многія навелы, гаворачы на мове юрыстаў, якія існуюць у суседніх дзяржавах. І калі на нас пайшла гэта атака, нас пачалі душыць (пасля снежаньскіх падзей 2010 года), то тыя, хто мне гэта прапаноўваў, самі сказалі: «Аляксандр Рыгоравіч, не час». Таму не трэба нас папракаць у тым, што мы застылі ў тым ліку ў рабоце па заканадаўству». «Вы самі ўгробілі гэты працэс», — сказаў кіраўнік дзяржавы, маючы на ўвазе прыхільнікаў санкцый і націску на Беларусь у заходніх дзяржавах і ўнутры краіны.

Як адзначыў Аляксандр Лукашэнка, існуючая ў Беларусі сістэма парламенцкіх выбараў не стварае праблем у грамадстве або суседняй дзяржаве, не адхілена народам і не зжыла сябе. «Навошта яе сёння ламаць. Давайце будзем яе акуратна і спакойна ўдасканальваць», — лічыць кіраўнік дзяржавы. Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка запэўніў, што Прэзідэнт і ўлада ў краіне чуе і тых людзей, меркаванне якіх знаходзіцца ў меншасці: «Мы чуем, аналізуем, але зыходзім з патрабавання пераважнай большасці нашага грамадства. Так будзе і ў далейшым. Мы гатовы чуць і галасы з Еўрасаюза, Амерыкі, Расіі, але жыць мы будзем сваім розумам у інтарэсах сваіх грамадзян. І будзем з задавальненнем браць тое, што сёння існуе ў Еўрасаюзе і прымальна для нас. Не толькі ў эканоміку, але і ў палітычную сістэму нашага грамадства. Але ўсё будзе спакойна, ціха, высакародна, у інтарэсах беларускага народа».

На думку Прэзідэнта, новы парламент павінен стаць цэнтрам энергічнай заканатворчасці. «Ніякага аўтаматызму пры прыняцці законаў быць не павінна. Пры гэтым, калі неабходна, трэба пераадольваць устарэлыя падыходы, канструктыўна дыскутаваць з урадам. Якасць нарматворчай дзейнасці павінна стаць настолькі высокай, каб забяспечыць рэальную і працяглую стабільнасць заканадаўства. Пакуль з гэтым у нас яшчэ ёсць праблемы», — канстатаваў беларускі лідар.

«Дэпутаты павінны быць людзьмі, здольнымі «пайсці ад зямлі» і суаднесці кожнае палажэнне закона з рэальным жыццём, з пільнымі патрэбамі людзей», — дадаў ён.

Прэзідэнт лічыць, што Беларусі неабходна далейшае развіццё палітычнай сістэмы. Ён заўважыў, што абнаўленне, якое дыктуецца жыццём, немінуча закранае ўсе сферы дзяржавы і грамадства. «Відавочна, што будзе ўзмацняцца роля палітычных партый. І мы павінны прыйсці да нармальнай цывілізаванай партыйнай сістэмы. Магчыма, па меры ўмацавання партыйных структур мы будзем гатовы для пераходу на змешаную выбарчую сістэму, у тым ліку тую, якая прадугледжвае выбары па партыйных спісах», — не выключыў Аляксандр Лукашэнка.

«Народ па мажарытарнай сістэме павінен выбіраць дэпутатаў. Дэпутат павінен максімальна быць набліжаны да сваёй акругі. Яго павінны канкрэтна на пэўнай тэрыторыі выбіраць людзі і добра ведаць, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — А спісы? Гэты пайшоў, наступны па спісу прыходзіць. Хто цябе выбіраў? Што гэта за сістэма, што гэта за выбары? Гэта супярэчыць ментальнасці беларускага народа. Таму асабіста я супраць».

Паводле яго слоў, сапраўдная дэмакратыя — гэта ўлада добрапрыстойных грамадзян, якія шануюць закон, а не тых, хто штурмуе будынкі, спачувае тэрарыстам і заклікае да пагромаў. «Праблемы грамадства павінны абмяркоўвацца ў сценах парламента, а не на плошчах і мітынгах. А калі і на мітынгах, то арганізаваных там, дзе належыць, так, як у многіх заходніх дзяржавах, якія з’яўляюцца апорай дэмакратыі», — адзначыў беларускі лідар.

«Відаць, настаў час, калі нам трэба мяняць адносіны да жыцця, сябе, дзяржавы. А нашы партнёры на Захадзе павінны зразумець: грамадзянская супольнасць і дэмакратыя не нараджаюцца росчыркам пяра на прэзідэнцкім указе. Яны зараджаюцца і прарастаюць у розумах мільёнах адказных грамадзян. Такое не адбываецца за дзень. Для гэтага патрэбны гады», — лічыць Прэзідэнт.

«Беларусь цвёрда ідзе да гэтай мэты. Але падганяць і панукваць нас на гэтым шляху бессэнсоўна і бескарысна», — рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы.

Яшчэ адной важнай тэмай, на якой акцэнтаваў увагу Прэзідэнт, з’яўляецца развіццё інфармацыйных тэхналогій. На думку Аляксандра Лукашэнкі, для Беларусі бурнае развіццё Інтэрнэту адкрывае выдатныя перспектывы.

«На працягу тысячагоддзяў галоўным багаццем чалавецтва была зямля. З надыходам эры капіталізму перавага была аддадзена грашам. Але ў апошняй чвэрці мінулага стагоддзя чалавецтва ўступіла ў новую эпоху — эпоху інфармацыйнага грамадства», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Ён звярнуў увагу на тое, што Інтэрнэт здзейсніў рэвалюцыю ў самых розных сферах жыцця — ад фінансаў і гандлю да сродкаў масавай інфармацыі і забаў. «Для Беларусі бурнае развіццё Інтэрнэту, інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій адкрывае выдатныя перспектывы. Інтэлект нашых людзей, нашай моладзі пачынае прыносіць значны прыбытак краіне. У далейшым гэта галіна можа і павінна стаць адной з ключавых у эканоміцы», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Ён таксама дадаў, што па даступнасці і разнастайнасці электронных паслуг Беларусь павінна заняць першае месца ў СНД.

«Новае дыханне трэба надаць Парку высокіх тэхналогій. Безумоўна, яго дзейнасць дала салідны эфект для развіцця інфармацыйных тэхналогій, процідзеяння «ўцечцы мазгоў», забеспячэння занятасці маладых праграмістаў. Але тое, чым цяпер займаецца парк, простая рэгістрацыя фірм для атрымання льгот. Гэта добра, але мала. Перад ПВТ павінны быць пастаўлены новыя задачы, перш за ўсё прыцягненне ў краіну венчурных інвестараў, а таксама найноўшых тэхналогій, неабходных нашай эканоміцы», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Ён даручыў ураду і Адміністрацыі Прэзідэнта падрыхтаваць і ўнесці праект адпаведнага дэкрэта.

Гаворачы аб развіцці праваахоўнай і судовай сістэмы, кіраўнік дзяржавы адзначыў, што Беларусь пачала сур’ёзнае ўдасканаленне работы праваахоўнай сістэмы і ў цэлым усяго сілавога блока. «Сілавыя структуры ў адносінах да простых грамадзян, прадпрымальнікаў, дзяржаўных служачых абавязаны дзейнічаць у строга ўстаноўленых законам рамках. Ніякага беззаконня, ніякіх наездаў, ніякіх распраў і звядзення рахункаў з непажаданымі быць не павінна. Усе гэтыя заганныя з’явы мы будзем выпальваць гарачым жалезам», — папярэдзіў Прэзідэнт.

Пры гэтым ён падкрэсліў, што не трэба прыкрывацца барацьбой з карупцыяй. «Пад гэтай маркай можна працягнуць і расправу са смелым, незалежным кіраўніком, які ні пад каго не прагінаецца, і звядзенне асабістых рахункаў, і так званае апекаванне, і расправу з адным бізнесам па заказу другога, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Процістаяць усяму гэтаму — адна з галоўных задач нядаўна створанага Следчага камітэта». Стварэнне Следчага камітэта Аляксандр Лукашэнка назваў абсалютна правільным крокам. «І гэта першае, але не апошняе рашэнне на шляху паступовага, але паслядоўнага рэфармавання нашай праваахоўнай сістэмы», — рэзюмаваў Прэзідэнт. «Не адкрыю сакрэт, калі скажу, што следам — МУС. Мы вельмі акуратна, спакойна, нікога не крыўдзячы, у бліжэйшы год, а можа і раней, цалкам рэфармуем МУС», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што беларускім праваахоўнікам неабходна пераадолець абвінаваўчы ўхіл у сваёй дзейнасці. «Суд не павінен станавіцца ні на чый бок. Eн заўсёды павінен кіравацца выключна законам, выносіць справядлівае рашэнне. Трэба актыўна рухацца да мадэлей, ужо апрабаваных у свеце, — суда прысяжных, адміністрацыйных судоў», — сказаў ён.

«Апошняе асабліва важна для грамадзян. У гэтым выпадку ім не трэба будзе гадамі «шукаць праўду» ў дзяржаўных органах, — прадоўжыў Прэзідэнт. — Менавіта такія суды павінны вырашаць спрэчкі паміж грамадзянамі і чыноўнікамі. Як паказвае сусветны вопыт, яны дапамагаюць зламаць кругавую паруку чыноўнікаў і абараніць звычайнага, простага чалавека».

«Нам неабходна зрабіць больш гуманным крымінальнае заканадаўства і судовую практыку па эканамічных злачынствах. Далёка не заўсёды пазбаўленне волі — адэкватная мера пакарання і перавыхавання. Генеральнай пракуратуры і Следчаму камітэту неабходна дасканала прааналізаваць практыку прымянення такой меры стрымання, як заключэнне пад варту», — лічыць кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт адзначыў, што практыка заключэння пад варту стала практычна татальнай. «Навошта аддзяляць ад знешняга свету энергічных, здольных людзей, калі яны ўчынілі правапарушэнні, што не нясуць ніякай небяспекі для жыцця і здароўя грамадзян? Вазьміце залог, падпіску, але не кідайце чалавека на нары. Помніце, толькі суд выносіць вердыкт, але пры гэтым павінна быць гарантавана, што ён не ўцячэ», — сказаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы даручыў ураду аператыўна падрыхтаваць праект закона аб амністыі, якую можна будзе прымеркаваць да галоўнага дзяржаўнага свята — Дня Незалежнасці.

Гаворачы аб кантрольнай дзейнасці, Прэзідэнт канстатаваў, што дабіцца рашучага пералому тут не ўдалося: колькасць праверак празмерная, яны маюць не папераджальны, а карны характар.

«І самае крыўднае тое, што мы часам правяраем не тых, ідзём не ў тыя месцы, куды трэба было б пайсці. Апошнім часам усё больш і больш выяўляецца фактаў абуральных паводзін кіраўнікоў прадпрыемстваў, найперш, дзяржаўнай формы ўласнасці. Я асабіста займаюся цяпер гэтым пытаннем, і не дай Бог мне даложаць у гэтым плане штосьці істотнае…», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што ўсё, што робіцца ў дзяржаве, робіцца не дзеля лічбаў і паказчыкаў. «Эканоміка і палітыка — сродкі для дасягнення найважнейшай і вышэйшай мэты: павышэнне ўзроўню і якасці жыцця людзей. Усе гэтыя гайкі, балты, малако, мяса толькі тады маюць сэнс, калі гэта накіравана да чалавека. І новыя падыходы ў эканоміцы не адмяняюць галоўнага: Беларусь — гэта дзяржава для народа», — падкрэсліў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Беларусь у сацыяльнай сферы ўжо дасягнула многага. Па якасці адукацыі Беларусь займае 20-е месца ў свеце, па ахове здароўя — 30-е, па сацыяльнаму капіталу — 20-е сярод усіх краін свету.

«Усё гэта сведчанне таго, што чалавечы капітал для дынамічнага росту ўзроўню дабрабыту ў Беларусі ёсць», — сказаў ён.

«Асноўныя напрамкі сацыяльнай палітыкі, развіцця медыцыны, адукацыі, культуры, іншых сфер, якія закранаюць інтарэсы чалавека, зацверджаны Усебеларускім народным сходам. І незалежна ад фінансавай і эканамічнай сітуацыі ў краіне мы ні на крок не адступім ад намечаных планаў», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Асобна Аляксандр Лукашэнка спыніўся на праблемах сістэмы адукацыі. Прэзідэнт падкрэсліў, што ніякіх новых рэформ і эксперыментаў у сярэдняй школе не будзе. Ён лічыць, што ўсю ўвагу неабходна засяродзіць на павышэнні якасці адукацыі з выкарыстаннем сучасных інфармацыйных тэхналогій. «Трэба падшліфаваць сярэднюю школу, абсталяваўшы яе нармальнымі праграмамі, пасільнымі для вучняў», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт таксама даручыў у бліжэйшы час вырашыць праблему дэфіцыту месц у дашкольных дзіцячых установах. «Будзе забяспечана крокавая даступнасць дзіцячых садоў, у тым ліку за кошт стварэння дамашніх і сямейных груп», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Акрамя таго, Прэзідэнт лічыць, што ў Беларусі неабходна істотна палепшыць і пашырыць сістэму падрыхтоўкі рабочых і спецыялістаў сярэдняга звяна, запатрабаваных на рынку працы. «У Беларусі выпускаюць празмерную колькасць спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй, асабліва па гуманітарных спецыяльнасцях, у той жа час ёсць сур’ёзны дэфіцыт кадраў масавых прафесій», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Ён даручыў Міністэрству эканомікі разам з Міністэрствам адукацыі ўважліва вывучыць праблему і скарэкціраваць планы падрыхтоўкі спецыялістаў розных узроўняў. Аляксандр Лукашэнка паставіў задачу паскорыць рэалізацыю праекта па стварэнню нацыянальнай электроннай бібліятэкі.

Гэты год абвешчаны Годам кнігі, і ў гэтым закладзены глыбокі сэнс. Галоўная задача — адрадзіць любоў ўсёй нацыі, перш за ўсё маладога пакалення, да літаратуры. У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка даручыў міністэрствам культуры і інфармацыі асаблівую ўвагу ўдзяліць камплектацыі бібліятэк: больш актыўна прыцягваць да гэтага пытання прадстаўнікоў бізнес-супольнасці, сумесна са СМІ прапагандаваць кнігу.

Яшчэ адзін важны напрамак у развіцці духоўнасці беларускай нацыі — адраджэнне знакамітых слуцкіх паясоў. «Гэты праект унікальны. У ім спляліся разам духоўнасць, традыцыі, гісторыя, культура, тэхналогіі і эканоміка. Тут мы не толькі павінны адрадзіць старадаўні промысел, але і зрабіць яго сучасным брэндам, які дасць магчымасць нам зарабляць валюту і праслаўляюць Беларусь», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

«Адраджэнне значных культурных і гістарычных сімвалаў, выхаванне патрыятызму, любові і павагі да сваёй Радзімы на аснове багатага культурнага і гістарычнага багажу краіны, якім усе беларусы павінны заслужана ганарыцца, — гэта важная частка фарміравання і развіцця нацыянальнай ідэі», — рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.

На заканчэнне выступлення Прэзідэнт адказаў на пытанні парламентарыяў. Кіраўніку дзяржавы было зададзена паўтара дзясяткі пытанняў, найбольш хвалюючых на гэты час грамадства. Адно з пытанняў датычылася магчымасці ўвядзення мараторыю ў Беларусі на смяротную кару. Аляксандр Лукашэнка прызнаўся, што ён асабіста ніколі не прыме такога рашэння.

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што тыя, хто выступаў супраць вынясення смяротных прыгавораў асуджаным за тэракт у мінскім метро, выказвалі не столькі сваё асабістае меркаванне. «Яны па чыёйсьці ўказцы трубілі, а іншыя проста за кампанію. Яны такую пазіцыю займаюць. Але я думаю: а калі б ты трапіў або твая сям’я ў такую сітуацыю, якую б ты пазіцыю заняў?» — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

«Мы калісьці рызыкнулі параіцца з народам, вынеслі гэта пытанне на рэферэндум. Для мяне — гэта закон», — сказаў Прэзідэнт.

У кіраўніка дзяржавы таксама пацікавіліся, ці будзе ў Беларусі па прыкладу іншых краін штогод зацвярджацца графік пераносу рабочых дзён. «Я атрымліваў такія прапановы. Урад у бліжэйшы час падрыхтуе праект указа, і да канца года ён будзе падпісаны, каб людзі загадзя ведалі», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Разам з тым Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ад колькасці рабочых дзён у тым ліку залежыць узровень зарплат. У якасці прыкладу ён прывёў Японію з непрацяглымі водпускамі. «Таму яны багатыя», — адзначыў Прэзідэнт.

«Мы павінны выпрацаваць на будучы год адпаведны графік, не адбіраючы ў людзей святочныя дні. І лепш ужо недзе аб’яднаем пад дачны сезон, каб чалавек мог выехаць туды, зрабіць пасадкі, прывесці ў парадак», — дадаў кіраўнік дзяржавы.

Адказваючы на адно з пытанняў, Аляксандр Лукашэнка закрануў тэму адносін Беларусі і Расіі.

Прэзідэнт упэўнены ў прагрэсе ў адносінах Беларусі і Расіі. «Некаторыя думаюць, што Пуцін прыйшоў, абавязацельстваў няма, ён больш свабодны, пачне душыць Беларусь. Няма рэсурсаў ні ў Расіі, ні ў Пуціна для таго, каб задушыць Беларусь. Гэта сабе на шкоду, і Расія ніколі на гэта не пойдзе», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён папрасіў успомніць той час, калі для Беларусі былі вельмі высокія цэны на энерганосьбіты. «Бо справа не столькі ў АЭП. Расія зразумела, што яшчэ год такой палітыкі ў адносінах да Беларусі, і Беларусь больш ніколі не будзе на баку Расіі, таму акуратна адступілі, — адзначыў ён. — Вы хочаце сказаць, што Пуцін другі раз на гэтыя граблі наступіць? Не». «Калі нехта спадзяецца, што Пуцін прыйшоў, і заўтра нас пачнуць душыць, пятлю на шыю накінуць — не дачакаюцца, мы будзем прагрэсіраваць толькі ў лепшы бок. Прынамсі, такога курсу мы будзем прытрымлівацца ў адносінах з Расійскай Федэрацыяй», — рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы.

Пытанні парламентарыяў датычыліся таксама кампенсацыі савецкіх укладаў, вяртання будаўнікоў у Беларусь, магчымасці пашырэння існуючых у Беларусі сацыяльных ільгот, дапамогі слабаабароненым сем’ям у падрыхтоўцы дзяцей да новага навучальнага года, павышэння зарплат дзяржслужачым. Прэзідэнт падрабязна спыніўся на перспектывах супрацоўніцтва Беларусі і Кітая.

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *