У ТУРЭЦКАЙ ШКОЛЕ ЎЖО І ПРА КЛУМБЫ ДБАЮЦЬ…

Общество

Так атрымалася, што ў Турэц я завітала якраз у той дзень напрыканцы сакавіка, які нечакана здзівіў-засмуціў нас даволі моцным снегам. І ніякіх клумбаў, вядома, на тэрыторыі тамтэйшай установы адукацыі не назіралася — усё вакол было белым.

Затое іх падчас вясновых вакацый планавалі — у кабінеце дырэктара Антаніны Даўгалявец. Яна разам з лабарантам Марыяй Свірыд счытвала інфармацыю са шматлікіх пакуначкаў з насеннем кветак, запісвала ў асобны блакнот назвы, колер, памер… У думках жа ўжо бачыла будучыя клумбы ў квецені, кожная з якіх, згодна з патрабаваннямі, павінна быць аформлена ў адной колеравай гаме. А напярэдадні Антаніна Даўгалявец высеяла ў скрынкі капрызулю петунію розных гатункаў,  рознакаляровую  цэлозію «Летнія вогнішчы», серабрыстую цынерарыю…

— Зараз, на вакацыях, крыху вальней, — патлумачыла дырэктар школы, — дык вось мы з Марыяй Сцяпанаўнай і разбіраемся з насеннем. Яго я набыла за сродкі фундатараў. Сёння, апрача ўсяго іншага, пералічваем скрынкі. Мяркуем, колькі чаго і куды пасеяць-пасадзіць. Шэсць толькі для расады сальвіі. А яе ж пасля яшчэ трэба пікіраваць. Будзем сеяць агератум белы, сіні, клешчавіну, цынію, астру, пампасную траву… Вось я для сябе складаю спіс — якой вышыні, колеру якая кветка, каб пасля ўдала скампанаваць. Напрыклад, да цыніі буду далучаць астру. А сальвія вельмі прыгожа глядзіцца з цынерарыяй.

Клумбаў на нашай тэрыторыі вельмі шмат. Без пералічэння і не скажаш, колькі канкрэтна. І кожная за кімсьці замацаваная. Ёсць асабістая ў мяне — я за яе адказваю. У тэхперсаналу, класных кіраўнікоў, прадметнікаў… Хто — з класам, хто — сам даглядае. І ўсё гэта, зразумела, у вольны час.

На жаль, мы не маем спецыяльнага памяшкання, дзе можна было б размясціць скрынкі з расадай. Здаецца, і будынак школы вялікі, і класаў шмат… А лішняга пакою — няма. Таму ставім на падаконнікі ў кабінетах.

Дарэчы,  папярэднічала масаваму высяванню насення яшчэ адна важная справа. Яго правярала на ўсходжасць лабарант Марыя Свірыд. Таму мы ўжо маем па некалькі даволі высокіх экземпляраў — хоць зараз на клумбу высаджвай. Увогуле, у нас працуюць пераважна жанчыны. А яны — захоплены кветкамі. Калі дома што лішняе — усё нясём у школу…

Ну, а пакуль сама дырэктар, апрануўшы белы халат, з дапамогаю лабаранта займаецца і пасадкамі, і планаваннем. Вясна… Самы час дбаць пра клумбы… Хаця б у думках, пакуль зямля ні падрыхтуецца ўзяць у свае цёплыя абдымкі кволыя парасткі. Каб выпесціць з іх Прыгажосць…

 

Святлана АДАМОВІЧ.

Фота аўтара

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *