ПУСТЫЯ БУДЫНКІ ШУКАЮЦЬ ГАСПАДАРА

Общество

Сёлета ў пытанні аб уцягненні ў гаспадарчы абарот невыкарыстоўваемай дзяржаўнай маёмасці павінна быць пастаўлена кропка.  Трэба знайсці гаспадара для ўсіх такіх аб’ектаў, выканаўшы тым самым адпаведнае даручэнне Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (пратакол даручэнняў ад 23.12.2011 № 27).

У Мінскай вобласці новых уласнікаў павінны знайсці 349 аб’ектаў камунальнай уласнасці. Ці рэальна выкананне гэтых планаў? Цалкам рэальна, калі ўлічыць памылкі мінулых гадоў, выяўленыя Камітэтам дзяржаўнага кантролю Мінскай вобласці.

Вынік праверак, праведзеных у Барысаўскім, Валожынскім, Пухавіцкім, Капыльскім і Маладзечанскім райвыканкамах, несуцяшальны — эфектыўная работа па ўцягненні ў гаспадарчы абарот невыкарыстоўваемай дзяржаўнай маёмасці не наладжана, а значная колькасць невыкарыстоўваемых аб’ектаў у каляндарных графіках папросту адсутнічала.

Па выніках работы за мінулы год 24 запланаваныя аб’екты так і не былі ўцягнуты ў гаспадарчы абарот. І гэта без уліку тых аб’ектаў, якія ў планы не трапілі.

Напрыклад, з 2005 года ў камунальнай уласнасці Пухавіцкага раёна на балансе аддзела па фізічнай культуры, спорту і турызму лічылася 2 невыкарыстоўваемыя аб’екты былога ваеннага гарадка (казарма і сталовая). Аднак толькі ў чэрвені 2011 г. (праз 5 год), будынак сталовай быў уключаны графік уцягнення ў гаспадарчы абарот невыкарыстоўваемай маёмасці.

У Маладзечанскім райвыканкаме не былі ўключаны ў каляндарныя графікі 5 невыкарыстоўваемых аб’ектаў камунальнай уласнасці раёна, у тым ліку два будынкі кацельняў, і будынкі былых базавай і пачатковай школы.

На працягу мінулага года зацверджаныя каляндарныя графікі неаднаразова падвяргаліся карэкціроўцы, што дазваляла фармальна выканаць прадугледжаныя ў іх мерапрыемствы.

Так, у Мінскай вобласці на 1 лістапада 2011 г. у адпаведнасці з графікамі падлягаў уцягненню ў гаспадарчы абарот 521 невыкарыстоўваемы аб’ект. На 1 снежня ўжо 498 аб’ектаў, а на 1 студзеня 2012 г.  495 аб’ектаў.

Напрыклад, у Вілейскім раёне ў выніку карэкціроўкі графіка колькасць аб’ектаў, якія падлягаюць уцягненню ў гаспадарчы абарот, знізілася на 23,5% (з 34 у пачатку да 26 на канец года). У выніку Вілейскі раён на 01.11.2011 (да адпаведных карэкціровак) выконваў графікі ўцягнення ў абарот толькі на 29%, а пасля праведзенай карэкціроўкі план быў выкананы на 100%.

Пры карэкціроўцы графікаў змяняліся ў тым ліку і спосабы ўцягнення ў абарот невыкарыстоўваемай маёмасці — у некаторых выпадках замест продажу аб’ект прадугледжвалася закансерваваць. Так, у Валожынскім раёне колькасць аб’ектаў для продажу скарацілася з 19 да 6 (болей чым у 3 разы), а аб’ектаў, якія падлягаюць кансервацыі, павялічылася з 4 да 15.

Такая ж сітуацыя ў Дзяржынскім, Крупскім, Лагойскам, Любанскім, Маладзечанскім і Стаўбцоўскім раёнах.

Пры гэтым зацягванне тэрмінаў уцягнення ў абарот дзяржаўнай маёмасці не дазваляе папаўняць даходы бюджэту. Да значных страт бюджэту вядзе таксама і змяненне спосабу ўцягнення ў абарот будынкаў.  Некаторыя з іх маглі быць прададзены на аўкцыёне, аднак былі перададзены бясплатна. Тут ёсць над чым падумаць і кампетэнтным органам.

На працягу 2011 года таксама былі выяўлены факты несвоечасовай выплаты ў бюджэт 50 працэнтаў сродкаў, атрыманых ад здачы ў арэнду дзяржаўнай маёмасці.

Напрыклад, аддзелы культуры і адукацыі Пухавіцкага райвыканкама ў парушэнне заканадаўства працяглы час не пералічвалі ў раённы бюджэт сродкі, атрыманыя ад здачы ў арэнду дзяржаўнай маёмасці. У выніку бюджэт мог недалічыцца болей 40 млн. руб.

Усяго па выніках праведзеных у 2011 годзе паверак за парушэнні заканадаўства пры распараджэнні дзяржаўнай маёмасцю Камітэтам да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты  тры службовыя асобы (аштрафаваны на 2,1 млн. руб.), 22 юрыдычныя асобы (18,2 млн. руб.). У бюджэт спагнана болей 5 млрд. рублёў.

Таксама трэба звярнуць увагу на тое, што важна не столькі прыняць рашэнне аб перадачы аб’екта, колькі забяспечыць яго эфектыўную работу.

Аднак маюць месца выпадкі, калі нібы ўцягнуты ў абарот аб’ект па-ранейшаму не выкарыстоўваецца   будынкi як стаялі занядбанымі, так і стаяць. Карысці ад такога ўцягнення ў абарот ніякай — ні новых рабочых месцаў, ні падаткаў у бюджэт. Мяркуем, мясцовыя органы ўлады не будуць у гэтай сітуацыі бяздзейнічаць, а актывізуюць пошукі болей эфектыўных уласнікаў.

Застаецца спадзявацца, што ў 2012 годзе ўсе планы будуць выкананы, а дапушчаныя памылкі застануцца ў мінулым.

 

Упраўленне кантролю органаў выканаўчай улады і каардынацыі дзейнасці кантралюючых органаў

Камітэта дзяржаўнага кантролю Мінскай вобласці

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *