Пасол вярнуўся, або Як мы бусла сустракалі

Общество

Наш клас знаходзіцца на другім паверсе школы, а непадалёку ад яе стаіць воданапорная вежа, і нам яе добра бачна з вокнаў. На вежы — буслянка. Трэці год мы назіраем за буслінай сям’ёй. Кожную вясну з нецярпеннем чакаем вяртання іх у Ляды.

Сёлета зімою мы разглядалі карту свету, каб зразумець, дзе гэта тая Афрыка, у якую, як даведаліся, адлятаюць буслы. Як жа далёка знаходзііца тая краіна Алжыр, пра якую ў кніжках пішуць, што там зімуюць нашы сябры!.. Аказваецца, бывае нават, некаторым не хапае сілы вярнуцца на радзіму…

Таму мы з вялікім хваляваннем гэтай вясною чакалі: ці ж прыляціць наш бусел, ці хопіць яму сілы? Усё паглядалі ў вокны, а яго не было… І вось на адным перапынку нарэшце заўважылі, што ён прыляцеў!  Як раз у гэты час праходзілі па чытанню верш Сяргея Грахоўскага «Паслы» пра прылёт буслоў. Мы схапілі нашы кніжкі і хорам усе дзевяць чалавек пачалі чытаць яму праз вакно гэты верш. Не ведаем, ці ён чуў, але доўга кружыў над школай і над усім наваколлем, быццам аглядаў сваю старонку, вітаўся з усімі.  А потым пайшоў пешшу па вёсцы! Быццам гаварыў: «Я дома!» Ён ведае, што ніхто не пакрыўдзіць, таму і такі смелы. Настаўніца сказала: «Добра, што калі ён  прыляцеў, быў перапынак, а то сарваўся б урок!..»

Потым мы ўсе разам пачалі разважаць, чаму бусел — сімвал Беларусі. І вырашылі так: ён прыгожы, чысты і белы, і Беларусь наша такая ж. Яшчэ таму, што як буслы закрываюць ад навальніцы сваіх буслянят, так і людзі на нашай Радзіме падчас бяды, напрыклад, у вайну, закрываюць сваіх дзяцей, як могуць. Народ наш добразычлівы і клапатлівы, і буслы такія ж, нават галінкі ўсе паблізу гняздоўя падбяруць, вучаць нас, каб навокал было чыста!.. А яшчэ буслы дужыя і адданыя Радзіме, нездарма ж пралятаюць тысячы кіламетраў цяжкага шляху з цёплага выраю. Мы вырашылі, што раз наш бусел падае нам такі добры прыклад, то нам трэба вельмі старацца: рабіць добрыя справы, не крыўдзіць адзін аднаго. І яшчэ абавязкова трэба добра вучыцца.

Вучні трэцяга класа Лядзенскай школы

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *