ПАБЫЛІ Ў ГАСЦЯХ, АБМЯНЯЛІСЯ ВОПЫТАМ

Спорт

Першы з пачатку года семінар у рамках вучобы кадраў мы ладзілі з выездам на раён. Тэму абралі актуальную: «Асаблівасці арганізацыі ва ўстановах культуры работы з дзецьмі, падлеткамі, моладдзю. Сумесная работа з установамі аховы здароўя, адукацыі, бібліятэкамі». Удзел у семінары-практыкуме ўзялі дырэктары ўстаноў культуры, мастацкія кіраўнікі, супрацоўнікі Чэрвеньскага цэнтра культуры і адпачынку. Прымалі нас чатыры клубныя ўстановы.

Аглядавую экскурсію па Любішынскаму сельскаму Дому культуры правяла яго мастацкі кіраўнік Наталля Пармон. Пазнаёміліся мы з кабінетамі гуртковай работы, зазірнулі ў міні-музей старажытнасці, трэнажорную залу.

У Дамавіцкім сельскім Доме культуры нас сустрэла песнямі частка калектыву «Вёсачка». Спявалі там і дзеці. Пра адметнасці сваёй працы, музейны куток распавялі дырэктар Ларыса Зыль і мастацкі кіраўнік Людміла Лепеш.

Затым накіраваліся ў Краснадарскі цэнтр вольнага часу і адпачынку, дзе нам прадэманстравалі прэзентацыю работы гэтай установы культуры з пачатку яе адкрыцця — вынік працы ўдзельнікаў камп’ютарнага гуртка. Потым дырэктар цэнтра Марына Пікулік сумесна з прадстаўнікамі мясцовых ФАПа і школы, добраахвотнымі памочнікамі зладзіла тэатралізаванае прадстаўленне па прапагандзе здаровага ладу жыцця «Не — тытуню і наркотыкам!»

У Раваніцкім сельскім Доме культуры ўдзельнікаў семінару сустрэлі хлебам-соллю. Тут пад кіраўніцтвам дырэктара Рыгора Ладуцькі і мастацкага кіраўніка Тамары Ладуцька работнікі ўстановы культуры, удзельнікі мастацкай самадзейнасці сумесна з прадстаўнікамі мясцовых школы і бібліятэкі падрыхтавалі культурна-забаўляльную праграму «Дарослыя і дзеці». Яна таксама прапагандавала здаровы лад жыцця, але больш — у лірычнай форме, атрымалася адметнай, душэўнай, пазнавальнай.

Там жа, у Раванічах, адбыўся «круглы» стол, падчас якога мы абмеркавалі ўсё ўбачанае, пачутае і падвялі вынікі семінару. Яго ўдзельнікі адзначылі важнасць сумеснай працы ўсіх зацікаўленых ведамстваў, узаемадапамогі, актыўнае ўзаемадзеянне паміж установамі культуры, аховы здароўя, адукацыі, якое, відавочна, не напаказ, а для дасягнення агульнай мэты ў справе выхавання падрастаючага пакалення, у арганізацыі вольнага часу.

Ларыса ШАЎЧЭНКА,

дырэктар Чэрвеньскага цэнтра культуры і адпачынку.

Фота аўтара

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *