НЕ ВАРТА РУШЫЦЬ ТОЕ, ШТО МАЕ ДАЧЫНЕННЕ ДА ГІСТОРЫІ

Общество

Сёлета 11 студзеня на старонках газеты “Звязда” адбылася навуковая сустрэча па пытаннях беларускай анамастыкі (уласных імёнах у мове). Вельмі своечасовае і патрэбнае мерапрыемства. Пасля яго я правёў у Смілавічах невялікае апытанне. Шмат хто прачытаў цалкам старонку. І ўсе мае суразмоўцы катэгарычна не былі згодны з высновамі кандыдата гістарычных навук Ігара Капылова аб тым, што назва вуліц Леніна, К.Маркса, Кірава і шэраг іншых савецкіх найменняў не нясуць ніякай культурна-гістарычнай функцыі. Я таксама рашуча не згодны. Савецкі час не варта выкідаць з нашай гісторыі — ён быў. Асобы яго непарыўна павязаны з гістарычнай плынню, таму вынішчаць іх з усіх куткоў — варварства. Як бы мы не адносіліся да Леніна, ён вялікая харызматычная асоба і след яго ў беларускай гісторыі застаўся. Ён яшчэ аб’ектыўна не ацэнены.

Мясцовыя краязнаўцы змагаюцца як за вяртанне забытых вялікіх імён дочак і сыноў нашага народа, так і за захаванне існуючых — у прыватнасці, тапонімаў. Сапраўдныя радзімазнаўцы заўжды выступаюць супраць махання шабляй і сучасных ідэй славутага “пралеткульта”. Прапаноўцы аб зменах той ці іншай назвы не ўлічваюць і эканамічныя стасункі як асобнага грамадзяніна, так і дзяржаўных, грамадскіх арганізацый, грэбуюць пачуццямі вялікай колькасці людзей.

Ці думаюць, напрыклад, прапаноўцы змяніць назву раённага цэнтра Акцябрскі ў Рудабелку аб дзесятках тысяч людзей, якія нарадзіліся ў гэтым рэгіёне? І ці ўсе жадаюць гэткай навацыі? І ў што выльецца яна? На мой погляд, акцыя магчыма толькі пры правядзенні раённага рэферэндуму. Змена назвы, узнікненне новай павінна выспець паступова ва ўмовах сацыяльна-эканамічнага развіцця. Толькі ў такім разе яна будзе паспяховай і абгрунтаванай.

Ёсць “гарачыя галовы” і ў нашым раёне. Пры магчымасці яны імгненна замянілі бы Чэрвень на Ігумен, назвы сучасных вуліц райцэнтра. А што далей? Яны чамусьці лічаць, што маюць выключнае права на такія прапановы, а астатнія павінны іх слухаць і прымаць да выканання. Толькі свае высновы бачаць правільнымі. Шаноўныя ініцыятары памыляюцца. Колькі дарослых жыхароў раёна — столькі і думак, інтарэсаў. Патрэбна іх улічваць — гэта аб’ектыўнасць. Ігнараванне — суб’ектыўнасць, чыстай вады “рэвалюцыйная” мэтазгоднасць. Людзям не патрэбны назвы-аднадзёнкі.

Чэрвень — гучная і прыгожая назва, не мае палітычнага сэнсу. Не за гарамі час, калі ёй споўніцца стагоддзе. На мой погляд, яна добра прыжылася. Адначасова чэрвеньцы памятаюць і назву Ігумен. У гэтым мне бачыцца сувязь, пераемнасць. Да таго ж, на змену патрэбна шмат грошай — дзяржаўных і асабістых. Хіба няма ў нас праблем, на вырашэнне якіх можна было б выкарыстаць гэтыя сродкі?

Маецца шмат варыянтаў захавання гісторыі Ігуменскай зямлі праз назвы розных аб’ектаў. Вось два прыклады: СВК “Крыніца Ігуменшчыны”, “Ігуменская завея”. Чаму б не назваць гандлёвую палатку “Ігуменскі купец”. Доўжыць можна шмат. Галоўнае — не секчы з-за вуха. Сляды гісторыі неабходна захоўваць і перадаваць нашчадкам.

Краязнаўства не толькі канкрэтызуе гістарычныя працэсы, але і садзейнічае захаванню. І ёсць, на маю думку, яшчэ адна вельмі важная функцыя — змагацца з пераліцоўваннем гісторыі.

Іван ЯРАШЭВІЧ,

краязнаўца, г.п.Смілавічы

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *