Народны каляндар. Красавік

Общество

Гэта чацвёрты месяц Грыгарыянскага календара. Складаецца з 30 дзён. У выданнях Ф. Скарыны падаецца народная назва красавіка — кветень. Назва, якая ужываецца ў сучаснай беларускай літаратурнай мове, узнікла ў 1912  годзе. У народзе казалі:

Красавік сініць і дзьме, бабам цяпло нясе, а мужык пазірае ды галавою ківае.

У красавіку грымот – цёплы будзе год.

Калі ў красавіку дождж праходзіць, сонца грэе – тады ўсякі не збяднее.

У красавіку хрысціяне святкуюць вельмі вялікае свята — Уваскрэсенне Хрыстова (Вялікдзень). Гэта рухомае свята,  сёлета ў католікаў яно прыпадае на 8 красавіка, а ў праваслаўных — на 15.

У жыцці нашых продкаў-язычнікаў Вялікдзень адзначаўся ў гонар Бога Сонца – Даждзьбога. Менавіта адтуль і прыйшла гэтая назва ў сучасную беларускую лексіку. Вясеннія шматкантрастныя “паводзіны” прыроды выклікалі ў старажытных людзей уяўленні аб барацьбе прыродных стыхій: ціхіх і ветраных дзён, снегападу і дажджоў, цемры і святла, холаду і цяпла. Актыўнае сонечнае цяпло ў красавіку днём суправаджалася журчаннем ручаёў і спевам жаўрукоў, ноччу ж, наадварот, у свае правы ўступала цемра, пад пакровам якой яшчэ заўважна праяўляў свае здольнасці мароз. Так паўтаралася многія суткі. Але час ночы і цемры няўмольна звужаўся, працягласць дня станавілася большай за ноч, што давала магчымасць чалавеку разважаць аб пераканаўчай перамозе Сонца над цемрай. На новае кола жыцця пад сонечнымі промнямі адраджалася зямелька. Вітаючы перамогу Сонца (Даждзьбога) і пачатак аднаўлення прыроды, нашы продкі-язычнікі спраўлялі свята вялікага дня — Вялікдзень.

Што тычыцца хрысціянскага свята Ўваскрэсення Хрыстова, то згодна існуючаму паданню, у пятніцу іудзеі асудзілі Сына Божага на смерць праз распяцце яго на крыжы. У суботу прыхільнікі Ісуса Хрыста выпрасілі ў іудзейскага цара дазвол на пахаванне і перанеслі яго цела ў пячору, заваліўшы ўваход вялізным каменем. А ў нядзелю, калі Маці Божая з сваімі сяброўкамі прыйшла, каб апрануць свайго сына-нябожчыка ў пасмяротнае адзенне і зрабіць адпаведнае ўбранне яго пасмяротнага ложа, Анёл у белым адзенні абвясціў ёй і жанчынам, што Ісус Хрыстос уваскрэс. Менавіта таму, як толькі пачынаецца нядзеля (апоўначы з суботы на нядзелю) у царквах і касцёлах робіцца тройчы абыход вакол храма, пасля чаго свяшчэннікі ўрачыста абвяшчаюць: “Хрыстос уваскрэс!” Са словамі “Хрыстос уваскрэс!” на працягу нядзелі і наступных двух дзён, сустракаючыся са сваімі знаёмымі, роднымі, сябрамі, вітаюцца ўсе хрысціяне, на што адказваюць “Ваісціну ўваскрэс!” і цалуюцца.

У народным жыцці гэта свята мае свае адметнасці. Так, напярэдадні да чацвярга, які называюць “чысты чацвер”, старанна прыбіралі ў хаце, мылі падлогу, вокны, бялілі ці абклейвалі шпалерамі хату, мыліся ў лазні. А ў суботу зранку завешвалі на абразы — набожнікі, замешвалі ў дзяжы цеста на пірагі і з абеда распальвалі ў печы. Кожная гаспадынька рыхтавала святочныя стравы: смажыла мяса, каўбасу, варыла цыбульнае шалyпінне і фарбавала ў яго адвары велікодныя яйкі.

“Свята Вялічка — з красным яічкам”, — гавораць у народзе. Яйка сімвалізуе сусветную прастору, кругаварот і бясконцасць жыцця. Нашы продкі афарбоўвалі велікодныя яйкі ў розныя колеры, рабілі яйкі-пісанкі. Такому яйку надавалася магічная сіла: з ім выганялі першы раз на пашу жывёлу, каб засцерагчы яе ад злых чараў ведзьмакоў, закопвалі ў першую баразну ці на ўскрайку нівы, каб тая добра радзіла, і г. д. Са спрадвечных часоў у нашым народзе шырока вядома традыцыя адорваць адзін аднаго на Вялікдзень святочнымі яйкамі. 3 прыняццем хрысціянства гэтая традыцыя была пераасэнсавана. Паводле  біблейскіх паданняў Святая Марыя Магдаліна, даведаўшыся аб пакаранні смерцю Ісуса Хрыста, прынесла ў падарунак рымскаму імператару Ціберыю чырвонае яйка, як знак нявіннасці Сына Божага і сімвалічнае сведчанне таго, што з гэтага часу ўвесь Сусвет нясе на сабе адбітак яго нявінна пралітай крыві. Магчыма, што гэтая падзея і стала прычынай таго, што велікодныя яйкі фарбуюць ў чырвоны колер.

Вечарам у суботу людзі спяшаюцца ў храм “на ўсенашную”. 3 сабою бяруць па кавалачку  мяса, пірага, а таксама яйкі, соль і інш. На заканчэнне “усенашнай” свяшчэннікі асвячаюць “пасху”. У нядзелю кожная гаспадыня накрывае святочны стол. Папярэдне памаліўшыся, сняданак пачынаюць з асвечанага яйка, солі і пірага.

Заўжды вельмі радаснымі і жаданымі велікодныя дні былі для дзетак. Да іх у госці прыходзілі хросныя бацька і маці, дзядзькі, цёткі, якія кожнаму з дзяцей прыносілі чырвонае яйка.

Абыходы дзеткамі ці дарослымі двароў у сваёй вёсцы на Вялікдзень маюць вельмі старажытнае паходжанне. Такіх хадакоў у розных рэгіёнах называюць валачобнікамі, кукольнікамі і інш. “Валачобнікі — людзі Божыя…”, — падкрэслівалася ў песнях. Лічылі, што абыходы імі двароў прыносілі пладавітасць жывёлы, ураджайнасць на палях, засцярогу падвор’я ад розных прыродных стыхій. Падыходзячы пад акно, валачобнікі спявалі песні, ухваляючыя гаспадара, гаспадыню, іх дзяцей. Кожны радок песні суправаджаўся прыпевам “Хрыстос уваскрос, Сын Божы!”, “Слава табе, Божа, на ўвесь свет!”. Гаспадары надзялялі валачобнікаў яйкамі, пірагамі і іншай стравай са святочнага стала.

У многіх мясцовасцях у першы велікодны дзень выходзілі з хат, каб убачыць усход сонца. Гаварылі, што ў гэты час сонца быццам “іграе на ўсходзе”, пераліваецца рознымі колерамі. Паўсюдна беларусы мыліся раніцай крынічнай вадой, у якую клалі чырвонае яйка, каб быць увесь год  здаровымі.

Паводле сайтаў Інтэрнэта

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *