НА КАРАБЛЯХ ПАД ВЯСЁЛКАВЫМ ВЕТРАЗЕМ — ПА АКІЯНУ ЖЫЦЦЯ…

Общество

У захапляльнае падарожжа запрасілі гэтым разам арганізатары традыцыйнага, дванаццатага па ліку конкурсу «Лепшая шматдзетная сям’я Чэрвеньскага раёна» і вядучая Святлана Разумоўская яго ўдзельнікаў. Дзевяць сямейных караблёў, распусціўшы ветразі колеру вясёлкі, спаборнічалі ў пераадоленні рыфаў — творчых заданняў. Ну, а вынік залежаў ад зладжанасці дзеянняў іх каманд, падтрымкі, узаемавыручкі і ўзаемадапамогі.

СЯМ'Я НАТАЛЛІ КАНСТАНЦІНАЎНЫ І ВІТАЛЯ ЛЕАНІДАВІЧА ЛУХВЕРЧЫКАЎ ЗАНЯЛА ПЕРШАЕ МЕСЦА Ў РАЁННЫМ КОНКУРСЕ "ЛЕПШАЯ ШМАТДЗЕТНАЯ СЯМ'Я-2012"

Распачаўся конкурс прадстаўленнем удзельнікаў, журы і выступленнем яго старшыні — начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Міхаіла Самца. Ён пажадаў кожнаму сямейнаму экіпажу поспехаў і зазначыў, што пераможцы і прызёры атрымаюць узнагароды, за якія варта пазмагацца.

Напачатку ўсе канкурсанты дэманстравалі свае візітоўкі. А папярэднічалі гэтаму цёплыя словы з вуснаў вядучай Святланы Разумоўскай у адрас кожнай сям’і і кароткі аповед-прадстаўленне ад тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

СЯМ'Я БАБОВІЧАЎ

Пад нумарам адзін па выніках жараб’ёўкі выступала сям’я БАБОВІЧАЎ з Валевачоўскага сельсавета. Мама Вольга Пятроўна і тата Уладзімір Мікалаевіч карыстаюцца заслужаным аўтарытэтам сярод насельніцтва аграгарадка Валевачы, і небеспадстаўна. Вольга Пятроўна — цудоўная гаспадыня. У доме заўсёды чыста і ўтульна, смачна пахне хатняй ежай. Як сапраўдны мужчына, Уладзімір Мікалаевіч захапляецца рамонтам тэхнікі. А дадаюць радасці трое сыноў — Дзмітрый, Мікіта і зусім яшчэ маленькі Сашачка. Нядаўна спраўдзілася мара сям’і — ім выдзелілі ўчастак для будаўніцтва ўласнага дома. Ну, а на сцэне сямейны экіпаж Бабовічаў распавёў пра сябе вершамі.

Прадстаўляючы ўдзельнікаў пад нумарам два, Святлана Разумоўская зазначыла:

— Усе людзі хочуць быць шчаслівымі. На першы погляд здаецца, што ўяўленне пра шчасце ў кожнага сваё. Хаця, на самай справе, за рэдкім выключэннем, шчасце кожнага звязана з сям’ёй. Так склалася і ў Марыны Іванаўны МАЗУРКЕВІЧ з в.Заполле. Муж, дзеці, уласны дом, утульны і чысты… Што можа быць лепш за гэта? У сям’і выхоўваецца трое дзяцей — дзве цудоўныя дочачкі, Вікторыя і Кацярына, і доўгачаканы сыночак Руслан. Мама коратка распавяла пра сям’ю. Дзяўчынкі расказалі беларускія вершыкі. І нават малы штосьці сказаў у мікрафон.

СЯМ’Я БРУЦКІХ

Парадкавы нумар тры быў намаляваны на ветразі сямейнага карабля БРУЦКІХ з Раваніцкага сельсавета. Больш за дваццаць гадоў таму Сяргей Пятровіч і Ірына Анатольеўна зразумелі, што проста не могуць жыць адзін без аднаго. І з таго часу яны — разам. Здаецца, што няма такіх цяжкасцяў, з якімі б яны не справіліся. Задор і аптымізм бацькоў перадаліся тром цудоўным сынам — Максіму, Кірылу і Мацвею. Хлопчыкі — пастаянныя ўдзельнікі ўсіх школьных мерапрыемстваў, раённых аглядаў-конкурсаў і алімпіяд. І бацькі, і дзеці ў сям’і не толькі працалюбівыя, але і таленавітыя. Яны бачаць, цэняць і ствараюць прыгажосць вакол сябе.

Выступленне Бруцкіх таксама было вершаваным. Ды яшчэ і аздобленым мелодыяй, якую выводзіў на трубе адзін з сыноў. «І гэта наш сямейны дом!» — хораша, дружна, хорам зазначылі яны напрыканцы сваёй візітоўкі.

Пад нумарам чатыры на сцэну выйшла сям’я ГАМЕЗАЎ з Калодзежскага сельсавета, за якую гучна «хварэлі» на працягу ўсяго конкурсу старшыня сельвыканкама Людміла Пасудзеўская з групай падтрымкі. У Ганны Віктараўны і Андрэя Міхайлавіча нарадзіліся трое цудоўных дзяцей — сын Стас, дочкі Каця і Паліна. Старэйшыя дзеці захапляюцца творчасцю: малююць, майструюць вырабы, займаюцца канструяваннем. Ганна Віктараўна любіць вязаць. Андрэй Міхайлавіч, нягледзячы на нялёгкую працу механізатара, захапляецца рыбалкай і грае на гармоніку. Іх выступленне вылучалася сярод іншых вершаваных аповедаў пра сям’ю тым, што было па-беларуску — у адзіных. Ды яшчэ тата ўзяўся сам яго чытаць, тлумачачы для гледачоў, за каго — якія словы. Атрымалася настолькі забаўна, што прысутныя раз-пораз смяяліся ды падтрымлівалі выступоўцу гучнымі апладысментамі.

Пад наступным нумарам, пятым, выступала сям’я ШЭМЕТАЎ з Руднянскага сельсавета, пра якую не аднойчы распавядаў «Раённы веснік». Пра тое, што дабрыня і клопат, укладзеныя ў дзіцячую душу, абавязкова вернуцца бясцэнным багаццем, любоўю і павагай, Людміла Яўгенаўна і Ігар Яўгенавіч ведаюць не па чутках. У гэтай сям’і — пяцёра дзяцей. Уладзіслаў, Аліна, Алена, Дзмітрый і Анастасія сябруюць паміж сабой, любяць і паважаюць сваіх бацькоў. У сям’і вялікая гаспадарка, і дзеці з малых гадоў прывучаны да працы. Мама сям’і, Людміла Яўгенаўна, узнагароджана ордэнам Маці.

Дарослыя пра дзяцей і адзін пра аднаго распавялі простымі словамі. Дзеці прачыталі вершы. Праўда, не ўсіх угаварылі выступіць са сцэны, некаторыя саромеліся і старанна адварочваліся ад мікрафона.

Парадкавы нумар шэсць для прадстаўлення дастаўся сям’і ПЫЖ з Кліноцкага сельсавета. Яўгенія Вячаславаўна і Генадзь Пятровіч з агарагарадка Турэц вельмі любяць сваіх дзяцей. Данііл, Антон і Станіслава заўсёды стараюцца радаваць сваіх маму і тату. У сям’і цёплыя, добразычлівыя адносіны. Шмат увагі ўдзяляецца культурнаму развіццю дзяцей. І гэтая сям’я карыстаецца павагай сярод аднавяскоўцаў.

Пра сябе яны распавялі, як і абсалютная большасць канкурсантаў, вершамі.

Без таты давялося выступаць сямейнаму экіпажу пад нумарам сем — СЯЗОНЧЫКАМ з Чэрвеня, бо Руслан Іванавіч у сілу сваёй прафесіі часта бывае ў камандзіроўках. І ўсе штодзённыя клопаты пра сям’ю тады кладуцца на плечы Вольгі Анатольеўны. Ініцыятыўная і аптымістычная, яна паспявае ўсюды: і ў грамадскім жыцці ліцэя, дзе працуе, паўдзельнічаць, і ў народным тэатры сыграць, і ў гарадскіх святах, спартыўных спаборніцтвах сябе паказаць. Падтрымліваюць яе ва ўсіх пачынаннях трое дзяцей. Сын Яўген займаецца ў секцыі вольнай барацьбы і ў школе мастацтваў. Дачка Людміла — удзельніца вакальнага гуртка «Юнік» раённага цэнтра культуры і адпачынку. А сынок Косцік яшчэ зусім маленькі, але заўсёды ўважліва сочыць за тым, што робяць старэйшыя. У гэтай сям’і ўсе дружныя і заўсёды гатовы падтрымаць адзін аднаго.

Апошняе яны і прадэманстравалі падчас выступлення, дзе былі вершаваныя радкі, гранне сынам на трубе «Падмаскоўных вечароў», спяванне хорам песні пра сям’ю на матыў «Брэменскіх музыкантаў».

Сімвалічна, што выступленне пад нумарам восем дасталася сям’і з васьмі чалавек — ЛУХВЕРЧЫКАМ са Смілавіцкага пассавета. У Наталлі Канстанцінаўны і Віталя Леанідавіча з в.Жураўкавічы — шэсць дачок-прыгажуняў: Вольга, Паліна, Мілана, Дана, Арына і Марыя. Бацькі цвёрда ўпэўнены ў тым, што не ўсё ў гэтым свеце вымяраецца матэрыяльнымі каштоўнасцямі. Таму стараюцца развіваць духоўны свет сваіх дзяцей. Старэйшыя дзяўчынкі — старанныя вучаніцы, з задавальненнем наведваюць заняткі ў школе мастацтваў і ў нядзельнай. І, канешне ж, дапамагаюць маме. Мір і згода, якія пануюць у сям’і, даюць дзецям адчуванне шчасця і ўпэўненасці ў заўтрашнім дні. У 2011 годзе Наталля Канстанцінаўна ўзнагароджана ордэнам Маці.

У трэці раз гэтая сям’я брала ўдзел у конкурсе. І з кожным разам — усё большым складам. У 2010 годзе бацькі са сцэны паведамілі, што чакаюць блізнятаў. А зараз — вось яны, маленькія, забаўныя. Ні секунды не пастаяць на месцы. Усюды бегаюць, усё імкнуцца пакратаць альбо просяцца на ручкі. Не толькі да мамы з татам, але і да сёстраў.

Выступленне гэтага сямейнага экіпажа атрымалася яркім і запамінальным. У іх і назва каманды была, і дэвіз. Цікавая песня з рухамі, якую спявалі ўсе разам, і кранальная пра маму, выкананая… мамай. Першыя спробы ігры дачок на домры і піяніна… Ну, а тата напрыканцы зазначыў, што, па яго меркаванні, мужчына павінен больш рабіць, чым гаварыць. І выказаў прапанову: у самім конкурсе добра было б штосьці змяніць. Напрыклад, запрашаць у якасці гледачоў тых, хто толькі зарэгістраваў шлюб альбо яшчэ збіраецца гэта зрабіць.

Аб’яўлены апошні, дзявяты нумар — і на сцэну ўзнімаецца сям’я ГРЫГАРЭНКАЎ з Чэрвеньскага сельсавета. Віталь Віктаравіч і Святлана Ільінічна — ураджэнцы Украіны. Але воляю лёсу іх сямейны карабель прышвартаваўся ў вёсцы Грабянец. І сёння ў іх — пяцёра дзяцей: Аляксей, Валянцін, Віталь, Міраслава і Мар’яна. Сваім прыкладам бацькі вучаць іх працалюбству, добразычлівасці, узаемавыручцы. І такое выхаванне дае свае плады. Усе дзеці ў гэтай сям’і выхаваныя, добрыя, акуратныя. Яны заўсёды дапамагаюць бацькам весці вялікую хатнюю гаспадарку. Старэйшыя сыны разам з татам нават сабралі сапраўдны трактар! Намаганні бацькоў ацаніла дзяржава. Зусім нядаўна Святлана Ільінічна атрымала ордэн Маці.

Цікава глядзелася падчас выступлення мужчынская частка сям’і, апранутая ў амаль аднолькавыя чорныя камізэлькі. І яны распавялі пра сябе вершамі.

Дваццаць хвілін на кава-паўзу, і вось ужо вядучая Святлана Разумоўская запрашае на сцэну па аднаму самаму эрудыраванаму прадстаўніку ад сям’і — для ўдзелу ў традыцыйным конкурсе «Эрудыт-лато». На сцэну ўзняліся чатыры таты, чатыры мамы і адзін сын. Тут былі і спрэчныя пытанні, і спрэчныя моманты… Але, у рэшце рэшт, перамога аддадзена тату з сямейства Бруцкіх.

Для падвядзення вынікаў асобных этапаў конкурсу шматдзетных сем’яў на сцэну запрасілі дырэктара тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Людмілу Шаркову. Яна зазначыла, што для таго, каб ніводная сям’я не засталася без падарункаў, спецыялісты цэнтра цесна супрацоўнічалі з арганізацыямі і прадпрыемствамі раёна, асабліва — сельскагаспадарчымі. І ўжо нават мінчане ведаюць пра раённы конкурс. Гэтым разам падтрымаць і заахвоціць сям’ю Бабовічаў прыехалі старшыня аб’яднанай прафсаюзнай арганізацыі ААТ «БПС-Банк» Васіль Грэк з прадстаўнікамі банка. Яны прывезлі ім кветкі і падарункі.

Затым Людміла Шаркова перадала слова Аксане Качановіч, якая да нядаўняга часу ўзначальвала аддзел па справах моладзі, а зараз з’яўляецца начальнікам аддзела культуры райвыканкама. Яна зазначыла, што недарэмна эмблемай сённяшняга мерапрыемства з’яўляецца сонца і карабель з вясёлкавым ветразем. Бо жыццё шматдзетнай сям’і сапраўды падобна да вясёлкі — такое ж шматколернае і яркае. І кожны дзень у сем’ях свецяць свае сонейкі — дзеці. Асобныя ўзнагароды ад аддзела па справах моладзі райвыканкама атрымалі маладыя сем’і — Гамезы, Шэметы і Пыж.

Далей Людміла Шаркова агучыла вынікі хатняга задання, якое ўключала ў сябе тры творчыя конкурсы. Так, дзеці дашкольнага ўзросту ўдзельнічалі ў конкурсе малюнкаў. Падарункамі заахвочаны маленькія пераможцы — Дзіма ШЭМЕТ, Мікіта БАБОВІЧ і Каця ГАМЕЗА. Дзеці школьнага ўзросту пісалі сачыненні пра сваю сям’ю. Лепшымі прызнана творчасць Кірыла БРУЦКАГА, Олі ЛУХВЕРЧЫК і Жэні СЯЗОНЧЫКА. За перамогу ў «Эрудыт-лато» сям’я БРУЦКІХ атрымала вялікае дывановае пакрыццё. А ў конкурсе » Умелыя рукі» пераможцамі сталі сем’і ЛУХВЕРЧЫКАЎ, ГРЫГАРЭНКАЎ і МАЗУРКЕВІЧАЎ.

Сваё захапленне сямейнымі экіпажамі выказала галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама, сакратар раённай арганізацыі рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Белая Русь» Марына Патапенка. Ад гэтай арганізацыі ўдзельнікі конкурсу таксама атрымалі падарункі.

На іх проста не хапала рук, калі сем’і ўзнімаліся на сцэну за дыпломамі. А падвёў агульныя вынікі конкурсу старшыня журы — начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Міхаіл Самец.

За актыўны ўдзел узнагародзілі сем’і ГРЫГАРЭНКАЎ, СЯЗОНЧЫКАЎ, ПЫЖ, ШЭМЕТАЎ, ГАМЕЗАЎ і МАЗУРКЕВІЧАЎ. Ну, а прызёры і пераможцы, апрача ўсяго іншага, атрымалі і грашовыя прэміі. Трэцяе месца заваявала сям’я БАБОВІЧАЎ з Валевачоў, другое — сям’я БРУЦКІХ з Раванічаў. А званне «Лепшая шматдзетная сям’я-2012» і права прадстаўляць наш раён на абласным конкурсе ў маі атрымала сям’я ЛУХВЕРЧЫКАЎ з Жураўкавічаў.

Напрыканцы Міхаіл Самец выказаў пажаданне, каб да наступнага конкурсу старшыні сельвыканкамаў лепш падрыхтавалі выступленні сем’яў. А вядучая Святлана Разумоўская пажадала шчаслівага плавання сямейным караблям пад рознакаляровымі ветразямі па акіяну жыцця.

 

Святлана АДАМОВІЧ.

Фота аўтара.

 

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *