Да зорак – праз выпрабаванні…

Общество

12 красавіка – Сусветны дзень авіяцыі і касманаўтыкі.

Калісьці за савецкім часам свята гэтае было надзвычай папулярным. Зрэшты, як і многія іншыя — чырвоныя даты календара, знамянальныя, адметныя… Прынамсі, я і мае аднакласнікі, тагачасныя школьнікі, падчас іх адчувалі законны гонар, бо былі «народжаныя ў СССР». А Юрый Гагарын на многія дзесяцігоддзі стаў, без перабольшання, народным кумірам усіх пакаленняў.

Але мяняліся часы. І шмат іншых падзей прымусілі хвалявацца, перажываць, захапляцца, смуткаваць… А эпахальныя, такія, як палёт чалавека ў космас, бы адсунуліся на другі план, згубілі сваю вастрыню, сталі звыклымі ўжо…

Але мяркую, што зараз гэтая цікавасць мае ўсе шанцы адрадзіцца. Прынамсі, для чэрвеньцаў. Ды і ўсёй Беларусі — таксама. Бо зараз у Зорным гарадку — памятаеце, шаноўныя сябры? — рыхтуецца да палёту ў космас наш зямляк, мой аднакласнік, палкоўнік ваенна-паветраных сіл РФ Алег Навіцкі.

Як паведамляў ужо «Раённы веснік», ён, камандзір экіпажу касмічнага карабля «САЮЗ-ТМА-06», чый старт прызначаны на восень гэтага года, разам з калегам і сябрам, касманаўтам Раскосмасу Яўгенам Тарэлкіным і астранаўтам НАСА Кэвінам Фордам рыхтуецца да дубліравання асноўнага экіпажу МКС-31/32 (Генадзь Падалка, Сяргей Рэвін і Джозэф Акаба), старт якога па пэўных прычынах перанесены на май.

Зараз усе дні нашага земляка ў Зорным гарадку праходзяць дастаткова напружана. Частыя трэніроўкі, бясконцыя залікі… Вось сапраўды: да зорак — праз выпрабаванні… Пра складанасць іх мяркуем, напрыклад, па інфармацыі пра заліковую трэніроўку па комплексу сродкаў жыццядзейнасці на трэнажоры расійскага сегмента Міжнароднай касмічнай станцыі (МКС), якую Алег Навіцкі і Яўген Тарэлкін прайшлі на пачатку сакавіка.

Яна доўжылася ажно 8 гадзін! Касманаўты-выпрабавальнікі выканалі аперацыі па эксплуатацыі сродкаў забеспячэння газавага саставу, водазабеспячэння, сістэмы забеспячэння харчаваннем, супрацьпаветранай абароны, санітарна-гігіенічнага абсталявання. Алег Навіцкі і Яўген Тарэлкін з дапамогай трэнажору нават прыгатавалі сабе абед! Не зямны, вядома, а з прадуктаў з бартавога рацыёну харчавання. Словам, усё, як у рэальным космасе!

Дарэчы, лічба «8» гэтым разам сталася якойсьці магічнай. 8 гадзін напружанай працы, дзе ні на хвіліну нельга расслабіцца… 8 няштатных сітуацый, з якімі павінны былі справіцца касманаўты-выпрабавальнікі — прафесійна і ў тэрмін. А напрыканцы ім і ўвогуле давялося надзець процівагазы — падчас ліквідацыі пажаранебяспечнай сітуацыі. Дым у службовым модулі быў цалкам рэальным!

Вынікі трэніроўкі падвяла камісія ў складзе прадстаўнікоў Цэнтра падрыхтоўкі касманаўтаў і Ракетна-касмічнай карпарацыі «Энергія». Паводле іх ацэнкі, Алег Навіцкі і Яўген Тарэлкін паспяхова выканалі ўсе пастаўленыя задачы. А значыць, яны гатовы да эксплуатацыі комплексу сродкаў жыццядзейнасці расійскага сегмента Міжнароднай касмічнай станцыі.

Не менш адказнай атрымалася і экзаменацыйная трэніроўка на пачатку красавіка. Падчас яе дублюючы экіпаж у складзе Алега Навіцкага і Яўгена Тарэлкіна паспяхова справіўся з ручным кіраваннем спуску на спецтрэнажоры ТС-18.

Так што заўтра, у Сусветны дзень авіяцыі і касманаўтыкі, варта прыгадаць нашага настойлівага, мужнага, мэтанакіраванага земляка і ў думках усім разам пажадаць яму поспехаў! І няхай той пазітыў і добрая энергетыка дасягнуць Зорнага гарадка і стануць яму падтрымкай.

З надыходзячым прафесійным святам цябе, Алег, ад усіх нас — тваіх землякоў, аднакласнікаў, чытачоў «Раённага весніка»! Моцнага табе здароўя, паспяховага пераадолення ўсіх перашкод, годнай вытрымкі выпрабаванняў. Мы табою ганарымся!

 

Святлана АДАМОВІЧ

Здымак з фотаархіву Алега НАВІЦКАГА

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *