АРЫЕНЦІР УЗЯЛІ НА ВАСЬМІТЫСЯЧНЫ РУБЕЖ

Общество

Па шматгадовай добрай традыцыі раённая арганізацыя прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу і райсельгасхарч ушаноўваюць лепшых аператараў машыннага даення кароў гаспадарак Чэрвеньшчыны, што аб’яднаны ў адмысловы клуб.

Удзельнікі пасяджэння падчас наведвання фермы "Грабёнка"

Па выніках працы за мінулы год у яго склад увайшлі шэсць аператараў машыннага даення, якія атрымалі ў сярэднім ад каровы больш чым па сем тысяч кілаграмаў малака (члены клуба), а таксама сем шасцітысячнікаў (кандыдаты ў члены клуба). На пасяджэнне клуба, месцам правядзення якога сёлета быў абраны сельскагаспадарчы вытворчы філіял «Аграбуд» ААТ «Мінскжалезабетон», таксама запрасілі аператараў пяцітысячнікаў і пераможцаў штогадовага раённага спаборніцтва за дасягненне высокіх паказчыкаў у вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі.

Сямейны дуэт Пархомчыкаў з эксперыментальнай базы "Натальеўск" узначальвае спіс клуба аператараў машыннага даення сямітысячнікаў

Пра набыткі ў малочнай галіне і перспектывы яе далейшага развіцця распавёў гасцям дырэктар СВФ «Аграбуд» Анатоль Загорцаў. Затым удзельнікі пасяджэння наведалі рэканструяваную ферму «Грабёнка», якая адпавядае самым сучасным патрабаванням тэхналогіі вытворчасці малака, вызначаецца выдатнымі ўмовамі працы і быту для жывёлаводаў.

Падводзячы вынікі дзейнасці клуба за мінулы год, першы намеснік начальніка райсельгасхарчу Віктар Ляснеўскі падзякаваў перадавікам за руплівасць і стараннасць. Разам з тым, ён звярнуў увагу на недастатковую дынаміку вытворчасці малака летась і падкрэліў, што выхаду на новыя рубяжы нароўні з далейшым тэхнічным пераўзбраеннем галіны, якое праводзіцца пры падтрымцы дзяржавы, і ўкараненнем новых тэхналогій, павінна паспрыяць адказнае стаўленне да тэхналагічных працэсаў спецыялістаў і кіраўнікоў гаспадарак.

Грашовую прэмію аператару машыннага даення сямітысячніцы Ганне Мініч з філіяла "АграБокс-Заатэх" уручаюць першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік райсельгасхарчу Іван Малахаў і старшыня раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў АПК Тамара Сакалоўская

Упэўненасць у тым, што лепшыя аператары машыннага даення не спыняцца на дасягнутым і сёлета выйдуць на васьмітысячны рубеж надояў малака выказаў першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік райсельгасхарчу Іван Малахаў. Шчырыя віншаванні і пажаданні пачулі жывёлаводы ад старшыні раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Тамары Сакалоўскай. Вопытам працы сваіх гаспадарак падзяліліся намеснік дырэктара філіяла «АграБокс-Заатэх» Валянціна Рубан і галоўны заатэхнік эксперыментальнай базы «Натальеўск» Уладзімір Жукаў.

Аператар машыннага даення шасцітысячнік Алег Бабачонак з сельгаспрадпрыемства "Ганута-Агра" пачаставаў усіх тортам уласнай выпечкі

Аператарам машыннага даення сямі- і шасцітысячнікам уручылі на пасяджэнні кветкі і грашовыя прэміі ад райвыканкама. Даярак-пяцітысячніц заахвоціла прэміямі раённая арганізацыя прафсаюза работнікаў АПК. Грашовыя прэміі таксама атрымалі пераможцы штогадовага раённага спаборніцтва за дасягненне высокіх паказчыкаў у вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі за мінулы год. Канцэртнымі нумарамі аздобілі ўрачыстасць самадзейныя артысты Грабёнскага сельскага Дома культуры.

На пасяджэнні прыняты зварот да ўсіх жывёлаводаў Чэрвеньшчыны і ўмовы маральнага і матэрыяльнага заахвочвання на гэты год, якія зацвердзіў райвыканкам. У адпаведнасці з імі, кіраўнікам гаспадарак раёна рэкамендавана ўстанавіць членам клуба надбаўку да заработнай платы за кошт сродкаў гаспадарак у памеры 20 працэнтаў, кандыдатам — 15. Той, хто сёлета надоіць у сярэднім ад каровы 8000 і больш кілаграмаў малака, атрымае грашовую прэмію ў памеры 600 тысяч рублёў. За надой больш за 7000 і 6000 кілаграмаў малака прадугледжаны прэміі ў памеры 400 і 300 тысяч рублёў, адпаведна.

Ігар АДАМОВІЧ.

Фота аўтара

 

ЗВАРОТ

удзельнікаў пасяджэння клуба аператараў машыннага даення сямітысячнікаў да ўсіх жывёлаводаў раёна

 

Паважаныя жывёлаводы Чэрвеньшчыны! У гэты адказны для вясковых працаўнікоў перыяд мы, удзельнікі сустрэчы, члены і кандыдаты ў члены клуба аператараў машыннага даення сямітысячнікаў, звяртаемся да ўсіх працаўнікоў жывёлагадоўчай галіны з заклікам накіраваць свае здольнасці, веды, уменне і майстэрства на выкананне праграмы «Малако-2012», якая дасць магчымасць выйсці на новы сацыяльна-эканамічны этап развіцця як працоўных калектываў, так і раёна ў цэлым.

Мяса-малочная галіна сёння — гэта той накірунак, які патрабуе штодзённых пастаянных клопату і ўвагі кіраўнікоў і спецыялістаў, работнікаў фермаў і комплексаў, абслугоўваючых арганізацый. Для таго, каб забяспечыць поўную патрэбу перапрацоўчых прадпрыемстваў у сыравінных рэсурсах жывёлагадоўлі, каб было ў дастатку прадуктаў харчавання на нашым стале, мы заклікаем вас накіраваць увесь тэхналагічны патэнцыял на павелічэнне вытворчасці малака за кошт сістэмнага, якаснага выкарыстання пашаў і рацыянальнай арганізацыі працы.

У 2012 годзе жывёлаводам і ўсім работнікам галіны неабходна атрымаць 60086 тон малака пры ўдоі ад фуражнай каровы 4424 кілаграмы. Вытворчасць мяса павінна скласці 5020 тон.

Прапануем лічыць выкананне акрэсленых планаў не толькі абавязацельствам, але і справай гонару і абавязку кожнага працоўнага калектыву, кожнага работніка — ад кіраўніка да жывёлавода.

Заклікаем усіх аператараў машыннага даення і даглядчыкаў жывёлы, усіх спецыялістаў галіны актыўна ўключыцца ў спаборніцтва за дасягненне высокіх вынікаў у вытворчасці мяса-малочнай прадукцыі ў кожнай гаспадарцы, на кожнай ферме і комплексе.

Забяспечым бесперабойную працу тэхналагічнага абсталявання, бяспеку працы, высокую арганізаванасць, дысцыпліну і прафесіяналізм! Не ўронім гонар жывёлавода. Штодзённымі стараннымі адносінамі да працы будзем садзейнічаць умацаванню галіны, далейшаму сацыяльна-эканамічнаму развіццю нашага раёна.

Прынята на пасяджэнні клуба аператараў машыннага даення сямітысячнікаў 5 красавіка 2012 года.


 

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *