СТАРТАВАЛА СПАРТАКІЯДА ПРАЦОЎНЫХ КАЛЕКТЫВАЎ

Спорт

У нядзелю ў чацвёртай гарадской школе прайшоў першы этап спартакіяды працоўных калектываў раёна. У барацьбу за перамогу ўключыліся каманды чэрвеньскага будаўнічага ліцэя, смілавіцкіх аграрнага каледжа і сельгасліцэя, СДЮШАР, аддзела адукацыі райвыканкама, ПМК-237, райбальніцы, лясгаса, «Беларусбанка», дома-інтэрната для дзяцей-інвалідаў, раённых электрасетак, аддзела па надзвычайных сітуацыях, вузла электрычнай сувязі, спажывецкага таварыства, камунгаса, ААТ «Раванічы», «10 з’езд Саветаў» і «Запольскае».

У камандным заліку пераможцамі сталі: па шахматах і стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі — аграрны каледж, па валейболу — раённыя электрасеткі, па гіравому спорту — ААТ «10 з’езд Саветаў», па настольнаму тэнісу — СДЮШАР.

У асабістым заліку першыя месцы занялі: Леанід Буйло з аграрнага каледжа і Галіна Ляшкова з «Беларусбанка»- па шахматах; Сяргей Варвашэвіч з сельгасліцэя, Віталь Луферчык і Сяргей Арганаў з «Беларусбанка», Іван Атрашэўскі і Іван Ігумнаў з ААТ «10 з’езд Саветаў» — па гіравому спорту; Алена Прадзед з аграрнага каледжа — па стральбе; Віктар Ганчарык з раённага вузла электрычнай сувязі і Аксана Даўгаполава з аддзела адукацыі райвыканкама — па настольнаму тэнісу.

Другі этап спартакіяды адбудзецца ў бліжэйшую нядзелю ў Чэрвеньскім прафесійным будаўнічым ліцэі. У праграме спаборніцтваў — міні-футбол, армрэслінг, шашкі, дартс і перацягванне каната.

 

МЯЧ НАД СЕТКАЙ

У спартыўнай зале Смілавіцкага сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя прайшоў валейбольны турнір памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў. Удзел у ім бралі 9 каманд: дзве — з сельгасліцэя, тры — са Смілавіцкага аграрнага каледжа, а таксама «Юнацтва» з Новых Зелянькоў, выпускнікі Хутарскай школы, моладзь вуліцы Барыкіна з Чэрвеня і каманда «Беларусбанка».

Перамагла ў спаборніцтвах першая каманда сельгасліцэя. Другое месца заняла трэцяя каманда аграрнага каледжа, трэцяе — «Юнацтва» з Новых Зелянькоў.

Пераможцы турніру ўзнагароджаны медалямі, пераходным кубкам і грашовым прызам аддзела фізічнай культуры спорту і турызму райвыканкама. Прыз лепшага іграка турніру атрымаў Уладзімір Коршунаў з першай каманды ліцэя.

 

НА БАРЦОЎСКІХ ДЫВАНАХ

У Брэсце прайшоў чэмпіянат Беларусі па вольнай барацьбе сярод юніёраў. У вагавай катэгорыі 84 кілаграмы трэцяе месца заняў на ім былы выхаванец Чэрвеньскай спартшколы Максім Казачонак.

5 навучэнцаў Чэрвеньскай СДЮШАР вызначыліся на абласной спартакіядзе па вольнай барацьбе ў Смалявічах. Першыя месцы занялі Аляксандра Захожая, Ягор Акуліч і Ерамей Сямко, другое — Аляксей Клімовіч, трэцяе — Дзмітрый Качаткоў.

 

НАПЕРАДЗЕ — ЯШЧЭ ПЯЦЬ ГУЛЬНЯЎ

У суботу чэрвеньскі «Будаўнік» правёў у спартыўнай зале «Мінск-Арэны» заключны матч першага этапу чэмпіянату Асацыяцыі аматарскага футбола Мінска па міні-футболу з камандай «Мінск Сіці». Гульня скончылася перамогай нашых футбалістаў — 13:8 (5 мячоў забіў Сяргей Канцур, 3 — Уладзімір Тарасік, 2 — Аляксей Сасункевіч, па аднаму — Сяргей Купровіч, Вячаслаў Целяціцкі і Віталь Мельцар).

Такім чынам, захапіўшы лідарства ў спаборніцтвах з першага тура, «Будаўнік» нікому яго не саступіў. На другім этапе шэсць мацнейшых каманд у гульнях паміж сабой прадоўжаць барацьбу за званне чэмпіёна. Усе набраныя ачкі застаюцца.

 

СТАНОВІШЧА МАЦНЕЙШЫХ КАМАНД ПЕРАД ДРУГІМ ЭТАПАМ

Каманды            Г             В           Н             П             М                           А

«Будаўнік»         17           14           1              2              128:59    43

«Б-12»                 17           13           0              4              122:58     39

«Мінск Юніён»    17         12           1              4              131:85     37

«АграТэх»          17           12           0              5              108:59     36

«Мінск Гэлаксі»  17         11           2              4              154:112   35

«Лібертас»         17           10           1              6              137:100   31

 

 

Падборку спартыўных навін падрыхтаваў

Ігар АДАМОВІЧ.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *