Слава людзям у працу ўлюбёным

Общество

Такімі ўзнёслымі словамі пачалася самая важная ўрачыстасць, якая ладзілася ў мінулую суботу ў раёне, — ушанаванне  лепшых прадстаўнікоў розных галін народнай гаспадаркі па выніках іх работы за мінулы год.  У гэты дзень  гасцінна расчыніў свае дзверы раённы Цэнтр культуры і адпачынку для хлебаробаў і рабочых, будаўнікоў і настаўнікаў, прадпрымальнікаў і медыкаў, маладых і з вялікім вопытам — усіх, хто сваёй добрасумленнай працай, розумам, нахненнем уносіць важкі ўклад у развіццё і росквіт нашай Чэрвеньшчыны.

Падзяліць радасць працоўных здабыткаў з працаўнікамі нашага раёна завіталі шаноўныя госці, якія аказваюць на працягу вось ўжо многіх гадоў значную падтрымку ў развіцці сельскагаспадарчай галіны і вырашэнні сацыяльна-важных задач. Гэта   старшыня  камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванню Мінаблвыканкама  Віталь Грышанаў; генаральны дырэктар  ААТ «Аграпрамэнерга» Антон Януковіч; загадчыца аддзела па сацыяльна-эканамічнай рабоце Мінскага абласнога камітэта   прафсаюза работнікаў АПК Аксана Бельская; генеральны дырэктар ААТ «Мінскжалезабетон» Аляксандр Шабан; першы намеснік  генеральнага дырэктара ААТ «Гарадскі малочны завод №1 г. Мінска» Віктар Розель;  намеснік генеральнага дырэктара па агульных пытанняў СП «Унібокс» таварыства з абмежаванай адказнасцю Мікалай Старавойтаў; намеснік галоўнага інжынера, начальнік энергаэканамічнага аддзела  камунальнага ўнітарнага прадпрыемства «Мінсктранс» Вячаслаў Баншчык.

Са шчырымі вітальнымі словамі да ўсіх прысутных звярнуўся старшыня раённага выканаўчага камітэта Іван Муха:

— Падводзячы вынікі зробленаму за мінулы год,  мы не толькі аддаем даніну павагі нашым лепшым арганізацыям, перадавікам вытворчасці, ветэранам працы, якія на працягу многіх гадоў ўносілі значны ўклад у развіццё раёна, але і з аптымізмам глядзім у будучае.  Нас чакаюць новыя рубяжы. Наступны год будзе не менш напружаным і адказным. Усе намечанае, дзякуючы добрасумленнай, плённай  працы мы здзейснім. І для гэтага ў нас ёсць усё: майстэрства і высокі прафесіяналізм, адказнасць і  вопыт, а таксама дакладная праграма на перспектыву.

Высокую ацэнку поспехам, дасягнутым у нашым раёне, даваў кожны з выступаючых гасцей. Яны выказвалі ўпэўненасць, што з такімі працалюбівымі людзьмі, як на Чэрвеньшчыне, будуць і новыя працоўныя поспехі.

Чалавеку заўжды прыемна ўсведамляць, што яго праца будзе дастойна ацэнена. Таму асабліва хвалюючым момантам  свята стала ўзнагароджванне  Ганаровымі граматамі Мінскага абласнога выканаўчага камітэта  за плённую працу, прафесіяналізм, значны асабісты ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё раёна  дырэктара «ПМК -237» Сяргея Купровіча і  майстра цэха ААТ «Смілавіцкая валяльна-лямцавая фабрыка» Таццяну Лісоўскую; Ганаровай граматай Мінскага абласнога камітэта прафсаюза работнікаў АПК  за дасягненне высокіх вынікаў у працы, значны ўклад у павышэнне эфектыўнасці работы арганізацыі, актыўны ўдзел у грамадскім жыцці калектыву дырэктара філіяла «Аграбокс» СП «Унібокс» ТАА Андрэя Макаранка і ўдзячнасцямі галоўнага інжынера ААТ «Запольскае» Аляксандра  Савіцкага і трактарыста-машыніста ААТ «Х з»езд Саветаў» Васіля Няпеўнага. Высокія ўзнагароды ім уручылі Віталь Грышанаў і Аксана Бельская.

Шчырымі апладысментамі віталі прысутныя пераможцаў, што выходзілі на сцэну, каб атрымаць разам з віншаваннямі  Ганаровыя граматы і ад старшыні Чэрвеньскага раённага выканаўчага камітэта  Івана Муха. Іх прозвішчы друкуюцца на другой старонцы сённяшнага нумара  і будуць занесены на раённую Дошку гонару.

Акрамя віншаванняў, грамат і дыпломаў, грашовых прэмій героі свята атрымалі цудоўныя музычныя  падарункі ад  выхаванцаў Чэрвеньскай і Смілавіцкай школ мастацтваў, артыстаў раённага Цэнтра культуры і адпачынку, народнай музычнай капэлы «Ігуменскія крыніцы», вакальнага гурта «Чэрвеньскія балагуры», народнага аматарскага калектыва «Рэха».

Шматгадовая традыцыя ўшаноўваць  у раёне лепшых працаўнікоў — гэта  своеасаблівая даніна павагі  ўсім, хто працуе старанна, добрасумленна і плённа. І такіх выдатных людзей ў нашым раёне шмат!

Людміла РАБЕЦКАЯ

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *