КНІГА Ў МАІМ ЖЫЦЦІ

Общество

Ніна МІЛЬКЕВІЧ, пенсіянерка, в.Горкаўская Слабада:

Па прафесіі я — матэматык. Па гэтай прычыне мне не хапала часу на літаратуру. Яна была ў мяне, так бы мовіць, другаснай… Часцей за ўсё я разгадвала красворды, галаваломкі, думала начамі і днямі… А цяпер, на пенсіі, задалася мэтай — чытаць.

Я не кажу, што ў дзяцінстве не сябравала з кнігамі… Нават школьнаму бібліятэкару дапамагала. Тады і высветліла, што там ёсць кнігі, якія… ніхто не чытаў. Памятаю адну — «Наступит снег». Толькі хто аўтар — не ведаю. Яна была тоўстай. Старонак, мо, 570. І, відаць, па гэтай прычыне ніхто яе не хацеў браць. А я яе прачытала. Памятаю, як акуратна аддзяляла не разрэзаныя нікім пасля друкарні старонкі… Таксама падчас вучобы ў школе чытала літаратуру па праграме, класіку. Вось такое месца займала тады кніга ў маім жыцці. Затым яе амаль не было, бо дзеці, праца, гаспадарка… Спецыяльную літаратуру, канешне ж, чытала. Але не мастацкую.

Зрэшты, калі была ў раддоме тры разы (трое дзяцей), чытала «запоем». Людзі казалі: «Як вы многа чытаеце!» А я апраўдвалася, што не, дома няма калі гэтым займацца… Хаця падавалася, што я такая аматарка заўзятая… У санаторыі, калі была, чытала. Так што кніга ўжо ў сталыя гады вярнулася ў маё жыццё.

Многа вершаў ёсць добрых, задушэўных. Так хочацца з кімсьці пагаварыць, абмеркаваць іх, а дзесьці і паспрачацца з аўтарамі. Калі ў бібліятэку пайду, там пагавару… А так… Няма з кім.

Люблю чытаць творы рэальныя, жыццёвыя. Па гэтай прычыне фантастыку не люблю і не чытаю. Бо таго, апісанага, не было і не будзе. Я — рэаліст, прагматык. Вось чытаю «Трывожнае шчасце» — і думаю: «Недзе ж гэта было… Недзе жыла такая дзяўчына…» І я за яе перажываю.

Без кнігі жыць нельга. Калі прыязджаюць унукі на вакацыі, прапаную ім пачытаць. Кажу: «Паўгадзіны чытайце. Тады прыедзеце і раскажаце маме, класнаму кіраўніку… Каб ведалі, што вы не толькі гулялі…»

Зрэшты, калі не чытаеш, дык жа і з задачай па матэматыцы не справішся. Таму кажу ўсім чытачам «раёнкі»: «Чытайце кнігі! У іх ёсць шмат пытанняў і шмат адказаў».

Фота Святланы АДАМОВІЧ

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *