ДАБРЫНЯ ТАКСАМА ДАПАМОГА

Общество

Я не жыла ў прытулку і мне складана зразумець, што адчуваюць тыя, хто праводзіць там дзяцінства. Чула, што «сіроцкага прытулку дзеці» жорсткія, б’юцца, могуць абразіць. Не ведаю, ці гэта праўда, але такія паводзіны можна і зразумець: жывуць без бацькоў, у «вялікай сям’і», дзе трэба выжываць. Ды і мінулае, мабыць, не вельмі вучыла ласкавасці…

У Беларусі шмат кінутых дзяцей, і з кожным годам іх не меншае. У Смілавічах ёсць сацыяльна-педагагічны прытулак, у якім дзеці жывуць па году альбо па некалькі месяцаў. Сюды трапляюць па розных прычынах: у некага бацькі п’юць гарэлку і ні аб чым не клапоцяцца, у іншых ляжаць у бальніцы, у кагосьці ніяк не скончыцца рамонт пасля пажару… Нядаўна прытулак наведалі амерыканцы, прывезлі падарункі, пыталіся, чым дапамагчы. Я вырашыла таксама пабываць у прытулку. Матэрыяльна дапамагчы мне, студэнтцы, асабліва няма чым. Але ў маіх сілах нешта не менш важнае — даць дзецям разуменне, што яны патрэбныя ў гэтым свеце.

…Адчыняю дзверы, а сэрца замірае, у галаве круціцца: як мяне ўспрымуць, ці захочуць са мною знацца, ці спадабаюцца цацкі, якія хачу падарыць? Перш за дзяцей мяне ласкава сустрэлі выхавальнікі. А потым у пакой для гульняў прыйшлі і дзеці. Я аддала ім цацкі. Яны так узрадаваліся! Некаторыя гулялі з новымі падарункамі, а малыя запраста садзіліся да мяне на калені. Выхаванцы прытулку аказаліся зусім не замкнутыя: не я пачала размаўляць першай, а яны. Кожны імкнуўся распавесці пра сябе, неяк прыцягнуць маю ўвагу. На пытанне, як жывецца ў прытулку, адказвалі: «Нармальна!», «Выхавальнікі добрыя, асабліва Валянціна Пятроўна!», «Кормяць смачна!» і «Сябры тут у кожнага ёсць». Дзяліліся цікавымі гісторыямі, што адбываюцца ў прытулку, і распавядалі, з-за чаго сюды трапілі. Аказалася, што некаторыя тут не першы раз.

 

Мой сябар

Каля мяне ўвесь час стаяў хлопчык гадоў дзевяці. Было відаць, што ён не супраць пасябраваць. Падумаўшы, ён дастаў з клеткі пацука і прапанаваў мне патрымаць. Я ўзяла грызуна, а хлопчык клапатліва заўважыў: «Трымайце моцна, а то можа ўцячы!» У яго быў такі пранізлівы, адкрыты погляд яркіх карых вачэй!.. І глядзеў ён на мяне праз трохі паламаныя акуляры, пераматаныя скотчам. Нельга было не замілавацца гэтым хлопчыкам. Так мы і пазнаёміліся.

Родны дом яго ў вёсцы ля Чэрвеняі. Хлопчык прызнаўся, што ў прытулку яму падабаецца, але ўсё роўна вельмі сумуе па маме, тату і маленькаму браціку. Пакуль вучыцца ў Смілавіцкай школе №2. «Не вельмі люблю вучыцца, але ўсё ж ёсць любімы прадмет, фізкультура», — распавёў ён. І ўжо зусім па-сяброўску, не саромеючыся, паказаў, якое ўмее рабіць «дзіва» — «стаяць» на галаве! Потым  павёў у свой пакой, паказаў ложак, дзе спіць. Аднекуль з’явілася скрынка, і малы дастаў з яе шэсть мяккіх цацак, акуратна паклаўшы іх на ложку. Відаць, ён вырашыў даверыць мне ўсё, што ў яго ёсць. «Тут у мяне мала цацак, а вось дома цэлая канапа!»- заверыў хлопчык.

Між тым лёс гэтага маленькага чалавека не такі светлы і просты, як яго погляд. У прытулку дзіця ўжо трэці раз. Адпраўляюць яго сюды, бо маці п’е. Бацькі не часта наведваюць сыночка. Але ён усё роўна іх любіць. «Бо яны — мама і тата!..» Калі я прапанавала перадаць ім прывітанне праз газету, хлопчык узрушыўся: «Я сам напішу на паперцы!» Вось яно, яго пасланне, кароценькае, наіўнае і кранальнае:…Пасля наведвання прытулку я зразумела, што вельмі неправільна вядуць сябе тыя «дамашнія» дзеці, што дазваляюць сабе ў школе здзекі і кпіны ў бок «прытульскіх». Ніхто, акрамя нерадзівых бацькоў, не вінаваты, што прытулкі не пустуюць. Так чаго ж кпіць з тых, хто і так пацярпеў ад жыцця і сумуе па сям’і, бацькам, цяплу?.. А яшчэ я зразумела, што дарэмна многія з нас думаюць, што нічым не могуць дапамагчы тым, хто жыве ў прытулку. Кожны можа нешта зрабіць. Няхай гэта будзе не матэрыяльная падтрымка. Можна проста прыйсці, пазнаёміцца і пагаварыць. Дзецям гэта патрэбна, мо, не менш за матэрыяльныя рэчы. Патрэбна ведаць, што яны не адны, што іх любяць і пра іх клапоцяцца.

Марыя СЯЦКО,

студэнтка 1 курса інстытута журналістыкі БГУ

АД РЭДАКЦЫІ:

Калі гэты матэрыял рыхтаваўся да друку, мы даведаліся, што хлопчыка, пра якога пісала Маша, узялі  ў прыёмную сям”ю. Цяпер у яго ёсць новыя тата і мама і, спадзяемся, што жыццё Машынага сябра складзецца шчасліва.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *