У СМІЛАВІЧАХ — «КАЛЯДНЫЯ СУСТРЭЧЫ»

Общество

Больш за 100 юных спартсменаў сабраў у СШ №2 Смілавічаў традыцыйны міжрэгіянальны лёгкаатлетычны турнір «Калядныя сустрэчы». Акрамя навучэнцаў Чэрвеньскай СДЮШАР і яе смілавіцкага філіяла ў гэтых масавых спаборніцтвах узялі ўдзел вучні Запольскай школы, каманды спартыўных школ з Барысава, Жодзіна і Узды. Яны выяўлялі мацнейшых у бегу на 30 метраў, скачках у вышыню і даўжыню.

Па выніках першынства яго гаспадары, смілаўчане і чэрвеньцы, занялі 22 прызавыя месцы. Пры гэтым адразу пяцёра з іх вызначыліся ва ўсіх трох відах праграмы. Гэта смілаўчане Паша Клімовіч, Каця Буйневіч і Аляксандра Валчок, а таксама Насця Балоціна і Насця Цалуйка з Чэрвеня. Дзве ўзнагароды заваявала выхаванка Чэрвеньскай СДЮШАР з вёскі Раванічы Таня Дзянько. На п’едэстал гонару ў розных дысцыплінах таксама ўзышлі Максім Захарчук і Ягор Ваяводзін з Чэрвеня, Маша Слабко, Дзяніс Ісаенка, Мацвей Голуб, Юля Вількоўская, Жэня Шатэрнік і Саша Канапацкая са Смілавічаў.

Па традыцыі на турніры прайшоў спецыяльны забег для дашкольнікаў. Удзел у ім узялі маленькія смілаўчанкі Насця Альховік і Дарына Пятровіч.

Пераможцы і прызёры спаборніцтваў узнагароджаны Дыпломамі ад Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі, прызамі аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкама, а таксама спонсараў — прыватных унітарных прадпрыемстваў «Міскевіч» і «Чапурко».

На здымках: моманты спаборніцтваў па бегу і скачках у вышыню, пераможцы і прызёры турніру з Чэрвеня і Смілавічаў.

Ігар АДАМОВІЧ.

Фота аўтара

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *