ТРЭНЕР КОРЗУН І ПРЫЗНАННЕ ЯГО ЗАСЛУГ

Спорт

У светлым пакоі мінскай кватэры Леаніда Міхайлавіча Корзуна, дзе мы размаўляем, цёпла і ўтульна. А за акном каторую гадзіну не супыняецца, гулліва ўладарыць завіруха. Яна шчодра пасыпае запозненым снегам гарадскі асфальт, дамы і дрэвы. І ўсё гэта быццам набывае новае ўбранне, выклікаючы ў душы пачуццё абнаўлення.

— Зіма нарэшце завітала. Ці не прыгадваюцца Вам, Леанід Міхайлавіч, нейкія асабістыя асацыяцыі з яе прыходам?

— Прагулкі на лыжах, — апярэджвае яго адказ сваім мяккім пранікнёным голасам жонка Святлана Аляксееўна. — У нашай сям’і ўсе любяць катацца на лыжах…

Біяграфія Леаніда Міхайлавіча і Святланы Аляксееўны — частка лёсу Чэрвеньшчыны. А Чэрвеньшчына — частка іх жыцця. Тут яны пазнаёміліся ў далёкай маладосці, пабраліся шлюбам — выпускніца інстытута фізкультуры  і трэнер-выкладчык па футболу дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы. Тут яны шмат зрабілі для развіцця фізічнай культуры і спорту. Нарэшце, тут у лістападзе мінулага года Леаніду Міхайлавічу Корзуну прысвоілі званне «Ганаровы грамадзянін Чэрвеньскага раёна». Пасведчанне аб гэтым — на бачным месцы ў кніжнай шафе яго кватэры. Амаль поруч — пісьмовы стол, на якім прыгатаваныя для нашай размовы кніга «Летапіс футбольнага клуба «Мінск» са звесткамі аб трэнерскай рабоце Леаніда Міхайлавіча, шматлікія дыпломы, Ганаровыя граматы, памятны альбом, што прэзентавалі на ягоны юбілей сябры і ўдзячныя выхаванцы-спартсмены. На фотаздымках твары тых, з кім у розныя гады было знітавана жыццё Леаніда Міхайлавіча. І кожны — незабыўная старонка.

З таго дня, як прыйшоў Леанід Міхайлавіч у спорт, старонкі гэтыя спрэсаваны больш чым у паўвека.

Час не ведае стомы — ідзе ўперад, не можа спыніцца нават на хвіліну, яму няма калі азірнуцца назад. Чалавек можа.  Леанід Міхайлавіч пачынае ўзгадваць сваё жыццё найперш з чэрвеньскай вёскі Клінок. Яна заўсёды ў яго сэрцы. Там ён у 1937 годзе нарадзіўся. Там у яго дзіцячай памяці пакінулі цяжкія раны гітлераўцы. Іх вёску спалілі за сувязь з партызанамі, давялося гараваць у зямлянцы. Праз некаторы час забілі бацьку. Яны засталіся ўдваіх з маці. Адолець цяжкасці дапамаглі сваякі, да якіх пасля вайны пераехалі ў Чэрвень.

— Тут Вы і захапіліся спортам?

— Так. Спартыўнай школы не было, дык мы самі збіраліся на пляцоўцы, дзе цяпер стаіць царква, і гулялі. Варотамі служылі дрэвы. Шмат хто з падлеткаў бавіў тут час. Самі па сабе арганізаваліся каманды — тры ад вуліц і тры ад дзіцячых дамоў. Паміж імі пачалі праводзіць спаборніцтвы. Па правілах, з судзействам. Вельмі цікава яны праходзілі. Кожную каманду падтрымлівалі балельшчыкі. З лепшых тых ігракоў я арганізаваў зборную каманду Чэрвеня. Неўзабаве на спаборніцтвах школьных футбольных каманд Мінскай вобласці мы занялі першае месца. Перамаглі нават даволі моцныя па тым часе каманды Барысава, Слуцка, Салігорска. Пасля гэтага адразу пяць нашых футбалістаў узялі ў зборную каманду Мінскай вобласці. Яна выйграла ў рэспубліканскай школьнай спартакіядзе і стала чэмпіёнам Беларусі. З тых пяці чэмпіёнаў-чэрвеньцаў аднаго ўзялі ў каманду зборнай Беларусі на першынство СССР сярод школьнікаў. Гэта быў Аляксандр Баразна. А праз год ужо тры футбалісты Чэрвеня — Аляксандр Баразна, Аляксандр Самойлаў і Марат Манулік — гулялі ў складзе зборнай каманды школьнікаў Беларусі.

 

Ад аўтара:

У гэтым месцы Леанід Міхайлавіч эфектна ўздыхае. У яго вачах — жывы бляск радасці. Бачна, што прыемна ўспамінаць падзеі свайго спартыўнага жыцця.

— Пачытайце вось гэта… І гэта, — раз-пораз прамаўляе ён у размове і паказвае дыпломы, Ганаровыя граматы — адзнакі яго спартыўных заслуг.

Сярод іх — і ўсесаюзныя. У 1955 годзе ён і Канстанцін Ковель у складзе зборнай каманды Беларусі па футболу прымалі ўдзел у першай спартакіядзе СССР сярод сельскіх спартсменаў. Праходзіла яна ў Адэсе. А ў 1958 годзе Корзун удала заявіў аб сабе як лёгкаатлет на другой спартакіядзе СССР у Стаўрапалі. Вось яшчэ адно сведчанне — Дыплом за другое месца ў першынстве Мінскай вобласці па боксу…

— Ажно трыма відамі спорту займаліся?

— Мне падабаўся і ўдаваўся кожны з іх. Калі ў 1953 годзе, праз два гады пасля адкрыцця ў Чэрвені дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы, з’явілася секцыя боксу, шмат хто з хлапчукоў і юнакоў запісаўся ў яе. Нас трэніраваў Генадзь Сяргеевіч Цыгановіч. Ён арганізаваў каманду, і мы на першынстве Мінскай вобласці занялі другое месца. Я выступаў у паўлёгкай вазе. Пасля гэтага мяне і Яўгена Пяхоту ўзялі ў каманду Мінскай вобласці. Мне сказалі: калі ў адборачных спаборніцтвах пераможаш баксёра з Барысава, які выступаў у лёгкай вазе і быў на тры кілаграмы цяжэйшы за мяне, то паедзеш на чэмпіянат БССР. Мне гэта ўдалося. Баксёры ў Чэрвені былі таксама прыкметныя. Некаторыя з іх сталі майстрамі спорту — Міша Лычкоўскі, Саша Каўзуновіч…

— І ўсё ж большую частку свайго жыцця Вы аддалі падрыхтоўцы футбалістаў…

— Так. Мяне ўзялі на работу ў Чэрвеньскую дзіцяча-юнацкую спартыўную школу. Там я трэніраваў футбалістаў і адначасова сам трэніраваўся ў лёгкай атлетыцы. Неўзабаве  яшчэ пяць маіх выхаванцаў сталі чэмпіёнамі Беларусі сярод школьнікаў — Толя Турбал, Жэня Клімчык, Алег Глазко, Валодзя Кавалеўскі, Сцяпан Варабей.

— А ў ранейшых як склаўся спартыўны лёс?

— Найбольш ўдала ў Аляксандра Баразны. Ён гуляў у камандзе “Ураджай”, у складзе каманды “Беларусь-Мінск” (так называлася будучае “Дынама”). Прымаў удзел у спаборніцтвах вышэйшай лігі на першынстве СССР.

— Аб тым, што Ваша работа ў Чэрвені па падрыхтоўцы і выхаванні спартсменаў была плённай, сведчыць і Ганаровая грамата Мінскага аблвыканкама…

— Я і цяпер з прыемнасцю ўспамінаю, як мне яе ўрачыста ўручалі ў раённым Доме культуры.

Ад аўтара:

Зборная каманда дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы Чэрвеньскага раёна пад кіраўніцтвам Леаніда Міхайлавіча Корзуна неаднаразова была пераможцай і прызёрам чэмпіянатаў Мінскай вобласці, прадстаўляла зборную каманду Мінскай вобласці на першынстве БССР.   Дзесяць яго выхаванцаў станавіліся пераможцамі чэмпіянатаў Беларусі сярод школьнікаў, а затым  гулялі за каманды майстроў. На чэмпіянатах Беларусі Корзун быў гуляючым трэнерам у складзе футбольнай каманды юнакоў Чэрвеньскага раёна. Трынаццаць гадоў выступаў ён на спаборніцтвах у складзе зборнай каманды Чэрвеньскага раёна па футболу, лёгкай атлетыцы і боксу.

 

— Пасля Чэрвеня Вам давялося рыхтаваць спартсменаў у Мінску. Як гэта было?

— У 1970 годзе мяне запрасілі на працу ў футбольную школу моладзі, пазней яе перайменавалі ў футбольны клуб “Мінск”. Я быў ужо вядомым трэнерам у футбольным асяроддзі. Некалькі гадоў з’яўляўся старшым трэнерам па футболу Мінскай вобласці. Здольнасці мае ведалі, таму і запрасілі. Мелася і яшчэ адна прычына для пераезду ў Мінск. Святлана Аляксееўна, якая працавала ў Чэрвеньскай  дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе трэнерам дзяўчынак па спартыўнай гімнастыцы, прайшла конкурс на кафедру фізічнага выхавання Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

— І якую пасаду Вам прапанавалі?

— Трэнера па футболу. Праз некаторы час з’явіліся пэўныя вынікі, і мяне прызначылі старшым трэнерам.

— Колькі слоў скажыце пра тыя поспехі.

— Мае выхаванцы пачалі гуляць у зборнай камандзе школьнікаў Мінска, камандзе майстроў. У мяне захаваліся нават асабістыя карткі спартсменаў  некаторых з іх. Вось глядзіце — Сяргей Усціновіч гуляў у зборнай камандзе Беларусі на ўсесаюзнай спартакіядзе школьнікаў, стаў срэбраным прызёрам у спаборніцтвах на Кубак ЦК ВЛКСМ “Юнацтва”. Віця Карачун выканаў нарматыў майстра спорту па футболу, гуляў за мінскае “Дынама”, алма-ацінскі “Кайрат”. Віталь Петрусевіч таксама быў залічаны ў мінскае “Дынама”. Сяргей Шаліма ўваходзіў у маладзёжную каманду Беларусі…

— Сярод Вашых узнагарод —   нагрудны знак “Выдатнік прафтэхадукацыі СССР”.

— Атрымаў я яго, калі пасля футбольнай школы моладзі працаваў ужо ў сістэме прафадукацыі. А перайшоў туды ў 1977 годзе, у 107-е абласное вучылішча будаўнікоў кіраўніком фізічнага выхавання. З цягам часу ўгаварыў і жонку тут працаваць. Кантынгент навучэнцаў быў складаным, і дырэктар адным з выхаваўчых накірункаў вызначыў далучэнне іх да спорту. Для гэтага была створана адпаведная спартыўная база. Мы мелі стадыён, залы для заняткаў боксам, барацьбой, гульнявую і трэнажорную залы. У вучылішчы працавалі два трэнеры па футболу, трэнер па боксу, два трэнеры па веласпорту, трэнеры па стральбе і барацьбе. Дырэктар разам з завучам узначальвалі валейбольную каманду дарослых. Нашы навучэнцы дэманстравалі на спаборніцтвах добрыя вынікі і неўзабаве вучылішчу быў нададзены статус спартыўнага ўхілу.  Фізічнай падрыхтоўкай займаліся па праграме спартыўнай школы.

— Працы было шмат, — далучаецца да размовы Святлана Аляксееўна. — Увесь час у вучылішчы знаходзіліся, дома амаль не прыпыняліся. Калі адзін гатуе дзецям яду, то другі — з навучэнцамі. А іх было напачатку ажно 1200 чалавек.

— І колькі часу працавалі там?

— Я адзінаццаць гадоў, Леанід Міхайлавіч — 25.

— Сярод навучэнцаў былі добрыя спартсмены, — працягвае Леанід Міхайлавіч. — Дырэктар актыўна спрыяў гэтаму. Па спартыўна-масавай рабоце вучылішча стала адным з лепшых у рэспубліцы. У нас часта праводзілі адкрытыя ўрокі, абагульнялі вопыт. На спаборніцтвах сярод прафесіянальна-тэхнічных вучылішчаў Беларусі і СССР займалі прызавыя месцы. У прыватнасці, па футболу, лёгкай атлетыцы. Вучыліся вядомыя затым футбалісты рэспублікі — Мархель, Валковіч, Тайкоў, Качура. Яны гулялі на першынстве СССР у вышэйшай лізе.

Ад аўтара:

Сярод выхаванцаў Леаніда Міхайлавіча Корзуна — В.Шукан, кандыдат педагагічных навук, загадчык кафедры футбола і хакея Акадэміі фізічнага выхавання, віцэ-прэзідэнт Беларускай федэрацыі футбола; ураджэнец Чэрвеня Р.Фёдараў — былы старшыня Беларускай федэрацыі футбола, член камітэта УЕФА; В.Антонаў — член урада БССР; А.Усенка — Заслужаны трэнер Рэспублікі Беларусь, Ганаровы грамадзянін Чэрвеньскага раёна, пад кіраўніцтвам якога зборная каманда Беларусі неаднаразова станавілася чэмпіёнам свету і Еўропы сярод спартсменаў са слабым зрокам, і многія іншыя.

Шануючы кожную са шматлікіх узнагарод, Леанід Міхайлавіч ганарыцца Граматай Мінгарвыканкама за перамогу ў аглядзе-конкурсе дзіцяча-юнацкіх спартыўных школ Мінска. Тады ён быў прызнаны лепшым трэнерам. А ў 1996 годзе Міністэрства фізкультуры і спорту ўдастоіла   звання “Лепшы настаўнік года Рэспублікі Беларусь па фізічнай культуры”. Тады яму ўручылі і памятную з гэтай нагоды статуэтку.

 

— Вам, Леанід Міхайлавіч, давялося папрацаваць і ў Беларускім дзяржаўным універсітэце?

— Так. Пасля  вучылішча з верасня 2002 года па ліпень мінулага года — інструктарам-метадыстам “Рэспубліканскага цэнтра Алімпійскай падрыхтоўкі па футболу пры Беларускім дзяржаўным універсітэце”. Адтуль і пайшоў на пенсію. Цяпер у мяне іншыя клопаты — дачныя. Дарэчы, будавалі дачны дом пераважна самі.

— А ці ёсць у Вашай сям’і спартсмены?

— Сын закончыў Акадэмію фізічнай культуры і завочна аспірантуру. Працуе ў Беларускім дзяржаўным універсітэце. Там зараз і Святлана Аляксееўна. А дачка ў нас па адукацыі эканаміст. Маем унука і ўнучку.

 

Ад аўтара:

Працуючы ў Мінску, Леанід Міхайлавіч пастаянна падтрымліваў і падтрымлівае цесныя стасункі з Чэрвеньшчынай. Ён адзін з арганізатараў турніраў і спаборніцтваў на прыз сваіх выхаванцаў — былога выкладчыка фізічнай культуры Чэрвеньскага прафесійна-тэхнічнага вучылішча Мікалая Міцкевіча і Заслужанага трэнера Рэспублікі Беларусь А.Усенкі. Добрай традыцыяй стала ў яго разам са сваімі сябрамі-чэрвеньцамі штогод адзначаць калядныя святы, узгадваць тых, хто пайшоў з жыцця. А яшчэ — абавязкова наведвацца ў Чэрвень.

Аляксандр БУШЭНКА.

Здымкі з сямейнага альбома Леаніда Корзуна.

Фота Аляксандра БУШЭНКІ

 



1 комментарий по теме “ТРЭНЕР КОРЗУН І ПРЫЗНАННЕ ЯГО ЗАСЛУГ

  1. В те далекие 50-60 годы,(годы моего детства и юности),спорт в жизни жителей Червеня,занимал особое место.Любые соревнования,от школьных до районных,независимо от вида спорта,были настоящим праздником города.И футбол,среди всего этого, занимал особое место.Леню Корзуна знали все.Скромный и довольно тихий в жизни человек,на тренировках был требовательным и жестким тренером.Вот поэтому у него в команде,оставались настоящие футболисты.К моему сожалению, я не прошел эти испытания еще в самом начале, моей футбольной карьеры.Хочется пожелать Леониду Михайловичу крепкого здоровья и долгих лет жизни.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *