СЁЛЕТА ЯМУ СПОЎНІЛАСЯ Б ПЯЦЬДЗЕСЯТ…

Общество

У Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў кветкі на магілу Уладзіміра Паўловіча з вёскі Дамавіцк, які загінуў у Афганістане, усклалі начальнік фінансавага аддзела райвыканкама Таццяна Бушкевіч, старшыня Калодзежскага сельвыканкама Людміла Пасудзеўская, галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама Марына Патапенка і намеснік дырэктара ПСГ «Дамавіцкі» па ідэалагічнай рабоце Любоў Клындзюк.

Любоў Іванаўна, якая вучылася з Уладзімірам у адным класе, і сёння не можа ўспамінаць пра яго без слёз:

— Вова быў гарэзлівы, вясёлы, жыццярадасны хлопец. Ён вельмі любіў іграць на гітары, сам складаў песні, запісваў іх на магнітафон і прыносіў у клас слухаць.

Памятаю, як выпраўлялі Вову ў войска. У нас была традыцыя праводзіць навабранцаў з вёскі да старога моста, а яго правялі да самай Асінаўкі… Вова пісаў нам з войска лісты, прысылаў фотаздымкі. Ніхто нават падумаць не мог, што ён загіне за лічаныя месяцы да дэмабілізацыі…

Не забыцца, як бегла па Дамавіцку і галасіла ад гора маці Вовы, Ніна Кірылаўна. Як тры дні ўся вёска чакала цынкавую труну з целам земляка, і як стаяла вялікая чарга ў хату, каб развітацца з ім. Так хацелася верыць, што гэта памылка, што не ён у труне…

Шкада, вельмі шкада Вову. Мог бы жыць, мець сям’ю, дзяцей, а сёлета яму споўнілася б пяцьдзесят. Няхай жа ён будзе хоць на тым свеце шчаслівы…

Фота

Ігара АДАМОВІЧА

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *