ШЭСЦЬСОТ ГАДОЎ РАЗАМ

Общество

Тэму лёсу яўрэяў на Чэрвеньшчыне, якой мы прысвяцілі старонку “Радзімазнаўств” у газеце за 1 і 8 лютага, сёння працягвае краязнаўца Уладзімір ДАРАГУЖ. Свой тэкст ён дапаўняе фотаздымкамі і спасылаецца на некаторыя гістарычныя звесткі.

 

“На пачатку дваццатага  стагоддзя дзве траціны насельнікаў Ігуменя складалі габрэі.

Адных ужо няма, а іншыя далёка.

Места смуткуе аб згубленых дзецях сваіх.”

Такі надпіс, спадзяюся, будзе на памятным знаку, што ўзвядуць некалі на рагу вуліц Карла Маркса і Луначарскага, там, дзе калісьці стаяла галоўная Ігуменьская сінагога.

На тэрыторыі сучаснай Беларусі першыя яўрэі з’явіліся яшчэ ў ХІ стагоддзі, але масавае прышэсце іх сюды пачалося ў канцы ХІV стагоддзя, выкліканае праследаваннямі ў Заходняй Еўропе. У нашай краіне — Вялікім княстве Літоўскім — талерантна, цярпіма ставіліся да людзей іншай веры, іншай культуры, і яўрэі набылі тут другую сваю радзіму. Перад Першай сусветнай вайной яны складалі 14 працэнтаў усяго насельніцтва беларускіх губерняў, большасць іх жыла ў гарадах і мястэчках, займаліся рамёствамі, гандлем, фінансавай справай, былі прадпрымальнікамі.

У 20-я гады ХХ стагоддзя яўрэйская мова — ідыш — была адной з чатырох дзяржаўных моваў БССР. Да 1936 года ў Чэрвені працавала яўрэйская школа, яна размяшчалася ў будынку, што на рагу вуліц Карла Маркса і Савецкай (старая музычная школа).

Новая трагедыя напаткала яўрэйскі народ у гады Другой сусветнай вайны. Генацыд, які ўчынілі нацысты, забраў па ўсяму свету жыцці мільёнаў людзей, толькі беларускіх яўрэяў загінула 300 тысяч. Але народ вытрымаў усе выпрабаванні, стварыў на гістарычнай радзіме сваю дзяржаву, моцную і, няхай дапаможа Бог, шчаслівую. Людзі адрадзілі сваю старажытную мову —  іўрыт — і зрабілі яе дзяржаўнай мовай Ізраіля.

Пра яўрэяў Чэрвеня я пісаў у артыкуле  «У памяці ажыло» («Раённы веснік», люты-красавік 2009 года). У прыватнасці, я там узгадваў свайго суседа каваля Боруха (Барыса) Гельфанда. Суседзі, знаёмыя звалі гэтага чалавека з цеплынёю — Бэрка. Напярэдадні вайны былі ў яго з жонкай чатыры сыны і дзве дачкі. Жыла сям’я ў вялізным драўляным доме, на высокім фундаменце, з чатырохскатным дахам. Дзесяткі два вялікіх вокнаў, у  доме прасторна, светла. Печы з белай кафлі, з літымі дзверкамі, высокія белыя дзверы паміж пакоямі. Жыла сям’я багата, так як і трэба жыць сям’і працавітага чалавека і добрага спецыяліста. Гэты дом (вуліца Пралетарская, 13) добра захаваўся, у  ім жылі пазней сем’і дырэктара лясгаса Зарубіцкага і дырэктара другой школы Белагорцава.

Ёсць меркаванні, што раней ў Гельфанда быў і другі дом, двухпавярховы, непадалёку ад гарадской плошчы.

Бэрка быў вялікі майстар кавальскага мастацтва. І што толькі яму не прыходзілася вырабляць: для гаспадароў — сякеры, розныя інструменты, завесы, клямкі, для гаспадынь —  вілкі і іншае кухоннае начынне, сярпы. А калі трэба адрамантаваць сельскагаспадарчую машыну, падкаваць каня ці  аздобіць вазок — калі ласка! Вырабляў ён і высокамастацкія агароджы, краты, ганкі і да т.п. Успомніце балкон дома на плошчы Свабоды, дзе зараз размяшчаюцца краязнаўчы музей і раённая  бібліятэка. А агароджа перад першай школай. А ганак знесенага ў сярэдзіне 80-х будынка колішняга банка. Анічога не засталося! Такія мы гаспадары, такія захавальнікі прыгожага. І толькі ўдалося ўратаваць ганак былой ашчадкасы (рог плошчы Свабоды і вуліцы Мікалая Зяневіча). Яго ўстанавілі на другім баку плошчы, ля будынка ЗАГСа.

У сорак першым,  калі пачалася вайна, суседзі раілі Бэрку: «Уцякай, бо фашысты знішчаюць яўрэяў». Не паслухаў: «Я добры спецыяліст, а немцам патрэбныя спецыялісты. Навошта мяне знішчаць».

У горадзе засталіся амаль усе жыхары, бо разлічвалі, што гэтыя немцы такія ж, як і тыя, што прыходзілі сюды ў 1918-м. Але гэта былі  ўжо зусім іншыя немцы, немцы, атручаныя чалавеканенавісніцкай гітлераўскай ідэалогіяй.  Пры перасяленні ў гета Бэрка, гэты чорнабароды волат,  аказаў супраціўленне  і  быў  жудасна замардаваны. Жыццёвы шлях  жонкі з трыма меншымі дзецьмі і астатніх вязняў  гета скончыўся вельмі хутка ў яме, на Старой Замятоўскай дарозе.

У лістападзе мінулага года краязнаўчы музей наладзіў выставу твораў вядомага мастака Анатоля Дзімітравіча Крывенкі. Выстава насіла назву «Травеньскія спогады». Краявіды беларускай зямлі, нацюрморты, шмат-шмат бэзу, але найбольшая частка экспанатаў — партрэты знакамітых беларусаў. Анатоль Дзімітравіч — сябра культурна-асветнага клуба «Спадчына», створанага ў Мінску ў 1984 годзе вялікім энтузіястам Анатолем Белым. Для прыватнага музея Белага, які знаходзіцца ў Старых Дарогах, Крывенка намаляваў каля 300 партрэтаў. Пасля заканчэння работы выставы мастак падараваў нашаму краязнаўчаму музею два партрэты — кампазітар Станіслаў Манюшка і каваль Барыс Гельфанд. Справа ў тым, што ўнук каваля, таксама Барыс, які жыве ў ЗША, нядаўна наведаў Мінск, сустрэўся з Крывенкам, жонцы якога ён прыходзіцца сваяком, даў яму здымкі — дзедаў і свой дзіцячы. Тады ж яны і Чэрвень наведалі ўпершыню.

У 1946 годзе па ініцыятыве ўраджэнца Ігуменя заслужанага вынаходніка Расійскай Федэрацыі Уладзіміра Фундатара тыя, хто засталіся жыць, меркавалі стварыць мемарыял на месцы растрэлу. Былі адлітыя з чыгуну  пліты з імёнамі загіблых, але аб гэтым даведаліся ўлады. Пліты былі адабраныя, і лёс іх дакладна невядомы. Я не падзяляю думку гісторыка Леаніда Смілавіцкага, што іх расцягнулі мясцовыя жыхары для хатніх патрэб. За гэтулькі гадоў хоць адна б з іх выявілася. Лічу, што меў рацыю былы работнік райкаму партыі Уладзімір Рыгоравіч Рапапорт. Неяк у васьмідзесятыя гады, незадоўга да  свайго ад’езду ў  Малдову, ён распавёў мне, што пліты былі зваленыя на складзе раённай друкарні, а затым скінутыя ў яму ля старой гасцініцы і закатаныя асфальтам. Добра было б іх знайсці для гісторыі…

Урэшце ў 1968 годдзе помнік быў урачыста адкрыты. Але ніводнага надпісу на яўрэйскай мове, ніводнай згадкі пра нацыянальнасць палеглых. А варта было б напісаць:

“Тут, ва ўрочышцы Глінішча, ляжаць дзве тысячы  ахвяраў Халакосту. Гэта былі звычайныя людзі, якія працавалі, кахалі, радаваліся сонцу і дажджу. Іх забілі фашысты 1 лютага 1942 года, забілі толькі за тое, што яны габрэі. Сярод іх было шмат дзяцей, з якіх выраслі б выдатныя навукоўцы, музыканты, шахматысты.

Свет павінен памятаць аб стратах і больш ніколі не дапусціць такога.”

 

На здымках: дзед і ўнук Гельфанды (мастак Анатоль Крывенка); мастак Анатоль Крывенка на выставе ў раённым краязнаўчым музеі; дом Бэркі Гельфанда.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *