У тэлефоннай размове Люда паведаміла, што нарадзіла дачушку першага лютага вагой 2 кілаграмы 900 грамаў і 48 сантыметраў ростам. У аўторак, сёмага лютага, іх выпісалі з другога сталічнага радзільнага дома, і дзяўчынка за гэты час нават прыбавіла ў вазе.
Адчуваюць сябе мама і дачушка добра. Разам са шчаслівымі бацькамі радуюцца з’яўленню немаўляці ўсе родныя Людмілы, шматлікія сябры.
Пра тое, што ў яе сям’і будзе прыбаўленне, Люда казала нашаму карэспандэнту падчас інтэрв’ю ў снежні мінулага года, але “не для друку”. І вось цяпер прыемная нагода паведаміць чытачам газеты гэтую навіну.
Назвалі дачушку Анастасія. Гэтае імя старажытнагрэчаскага паходжання і азначае “вяртанне да жыцця”. Яго маюць героі многіх рускіх казак. Дзяўчынцы з такім імем прадвызначана быць самай прыгожай, самай разумнай, самай пяшчотнай…
Пажадаем, каб Анастасія расла здаровенькай, а яе мама, наша знакамітая зямлячка, хутка набралася сіл для ўдзелу ў чарговых Паралімпійскіх гульнях, якія адбудуцца ў верасні ў Лондане. Цікава, што ліцэнзію на гэтыя спаборніцтвы Люда заваявала на чацвёртым месяцы цяжарнасці.
Аляксандр БУШЭНКА.
Фота Эмы МІКУЛЬСКАЙ