Масленіцу адгулялі, зіму праводзілі

Общество

З даўніх часоў нашы продкі ўспрымалі вясну як пачатак новага жыцця. Славілі яны Сонца, якое дае жыццё і сілы ўсяму жывому — блін лічыўся сімвалам Сонца: такі ж жоўты, круглы і гарачы. І здаўна яны шумна і весела адзначалі Масленіцу — час развітання з зімой і сустрэчы з вясной, якая нарэшце прынясе сонечнае цяпло і ажыўленне ў прыродзе.

Прайшлі стагоддзі. Але старажытнае свята не сышло ў нябыт. Яно і цяпер, як вясёлыя провады зімы, асветлена радасным чаканнем блізкага цяпла. Яно і цяпер з’яўляецца калектыўным лекарам — ачышчае нашы душы і вяртае добры настрой.

У суботу народнае гулянне Масленіца ладзілі ў чэрвеньскім лесапарку «Загор’е». З-за адлігі і мокрага снегу, які прайшоў напярэдадні ноччу, сцежкі-дарожкі, што вядуць сюды з горада, ператварыліся ў слотнае месіва, таму шмат хто з жыхароў райцэнтра не наважыўся выправіцца на свята. Але той, хто завітаў у лесапарк, не пашкадаваў.

Былі тут і цудоўныя песні ў выкананні самадзейных артыстаў устаноў культуры раёна, і частаванне духмянымі блінцамі. Дзеці з задавальненнем каталіся на коніку ды слізгалі са стромкай снежнай гары. Даволі хутка апусцеў і слуп з прывязанымі да яго вяршыні папяровымі кубікамі, у якіх «хаваліся» назвы рэальных прызоў. А скончылася Масленіца традыцыйным спальваннем пудзіла Зімы.

Ігар АДАМОВІЧ.

Фота аўтара

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *