ЭКАНАМІЧНЫ ЭФЕКТ СКЛАЎ АМАЛЬ 1,9 МІЛЬЯРДА РУБЛЁЎ

Экономика

Беражлівым выкарыстаннем энергарэсурсаў  вызначаўся мінулы год для большасці працоўных калектываў раёна. На працягу яго ажыццёўлена 46 энергазберагальных мерапрыемстваў з 48 прадугледжаных

адпаведнай праграмай. Акрамя таго, дадаткова рэалізаваны 33 мерапрыемствы. Гэта паспрыяла выкананню ўстаноўленага прагнозам паказчыка па энергазберажэнню. Пры заданні мінус 7,3 працэнта, ён забяспечаны на ўзроўні мінус 6 працэнтаў. Эканамічны эфект ад ажыццяўлення мерапрыемстваў склаў 1,1 тысячы тон умоўнага паліва  — амаль 1,9 мільярда рублёў.

Выконваліся работы па замене абсталявання на менш энергаёмкае, па ўстаноўцы шклопакетаў, энергазберагальных свяцільнікаў. Ва ўмовах падаражання імпартуемых энерганосьбітаў павялічвалася выкарыстанне мясцовых відаў паліва. Іх доля ў агульным аб»ёме спажывання кацельна-пячнога паліва з улікам рэалізацыі насельніцтву склала 58,3 працэнта пры заданні на год 44,6 працэнта. У выніку зменшылася спажыванне імпартуемых відаў паліва: мазута — на 1005 тон (на 42,3 працэнта),  пячнога паліва — на 111 тон (48,3 працэнта), прыроднага газу — на 48 тысяч кубічных метраў (0,6 працэнта).

На працягу года ў гаспадарчы абарот уведзена 17 збудаванняў дзяржаўнай уласнасці, якія не выкарыстоўваліся,  і адно знесена. Гэтым забяспечана выкананне даведзенага адпаведнага задання. Кошт прададзеных аб»ектаў склаў 2,3 мільярда рублёў.

Вынікі года засведчылі і недахопы ў ажыццяўленні Дырэктывы №3 па эканоміі і беражлівасці. У прыватнасці, з 45 арганізацый, якім даводзіўся  прагнозны паказчык па энергазберажэнню, 11 не забяспечылі яго выкананне. Паводле ацэнкі раённага выканаўчага камітэта, на пасяджэнні якога разгледжана пытанне «Аб ходзе рэалізацыі ў 2011 годзе  Дырэктывы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 14 чэрвеня 2007 года №3 «Эканомія і беражлівасць — галоўныя фактары эканамічнай бяспекі  дзяржавы», нездавальняюча была арганізавана работа  па прыцягненню ў гаспадарчы абарот збудаванняў, якія не выкарыстоўваюцца ў  сельскагаспадарчых арганізацыях. Па-ранейшаму вялікая колькасць аб»ектаў знаходзіцца ў незавершаным будаўніцтве са звыштэрміновымі тэрмінамі працягласці яго. Больш неабходна выкарыстоўваць  мясцовыя віды паліва.

У адпаведнасці з распрацаванымі мерапрыемствамі  сёлета будзе працягвацца работа  па выкананню даведзеных паказчыкаў па энергазберажэнню, зніжэнню выдаткаў на вытворчасць прадукцыі і паслуг.

А.РУЖЫН

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *