Да пасяўной гатовы!

Общество

Гаспадаркі Чэрвеньшчыны завяршаюць падрыхтоўку да веснавых палявых работ. Аб тым, што зроблена ў ААТ «Валевачы», распавёў «Раённаму весніку» дырэктар гаспадаркі Пётр Малахаў:

Механізатары ААТ "Валевачы" Сяргей Гірынскі, Максім Мазнічэнка і Уладзімір Пачасуй паставілі трактары на лінейку гатоўнасці

— На лінейку гатоўнасці пастаўлена амаль дваццаць адзінак пасяўной і глебаапрацоўчай тэхнікі. Таксама маем высокі працэнт падрыхтаванасці трактароў. Пераважную большасць прычапных агрэгатаў адрамантавалі самі механізатары, якія за імі замацаваныя. Паспяховаму выкананню ўзнаўленчых работ паспрыялі стымулюючыя ўмовы аплаты працы за тэрміны і якасць рамонту.

Гатовыя да сяўбы ўсе тры нашы камбінаваныя пасяўныя агрэгаты. Іх магутнасці дастаткова, каб засяваць 100 гектараў зерневых у дзень і завяршыць яравую сяўбу за два тыдні. Тым больш, што зябліва мы ўзаралі з восені ў поўным аб’ёме.

Iнжынер па сельгасмашынах Сяргей Занкевіч і галоўны інжынер Уладзіслаў Палухін

Каб эканомна і эфектыўна расходаваць каштоўныя мінеральныя ўгнаенні, замяняем тэхніку, якая ўжо не адпавядае сучасным патрабаванням да якасці выканання работ. Летась набылі РУМ і самаходны энергетычны сродак «Раса» для падкормкі азімых, да гэтай пасяўной —  новую машыну для ўнясення мінеральных угнаенняў фірмы «Амазонія».

Насенне падрыхтавалі на 100 працэнтаў. Зараз актыўна назапашваем мінеральныя ўгнаенні. На іх набыццё выдаткавалі каля 100 мільёнаў рублёў уласных сродкаў.

Галоўны аграном ААТ "Валевачы" Сяргей Бартніцкі ля інфармацыйнага стэнда на машынным двары гаспадаркі, дзе размешчана ўся дакументацыя, неабходная для правядзення веснавых палявых работ

Паклапаціліся мы і пра ўмовы для механізатараў, слесараў. У майстэрні адрамантавалі душавы пакой, а таксама бытавое памяшканне, якое абставілі новай мэбляй. Так што нашым сейбітам будзе дзе пераапрануцца, адпачыць, памыцца. Мяркую, што гэта паспрыяе іх добраму настрою на пасяўную.

Занатаваў

Ігар АДАМОВІЧ.

Фота аўтара




 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *