ТАЛЕНАВІТЫ ПЕДАГОГ, ТВОРЧАЯ АСОБА

Общество

Амаль 34 гады таму пачала свой педагагічны шлях Людміла Міхайлаўна Сіманава, настаўніца рускай мовы і літаратуры СШ №2 г.п.Смілавічы.

Мара стаць педагогам жыла ў яе сэрцы з дзяцінства. Людміла Міхайлаўна лічыць, што свайму выбару прафесіі ў многім яна абавязана школьнаму бібліятэкару і настаўнікам-філолагам, якія прывілі ёй любоў да рускай паэзіі. Захапленне ёю, жаданне складаць вершы захавалася і да гэтага часу.

Пасля заканчэння школы Людміла Міхайлаўна Сіманава паступіла ў Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя М.Горкага на філалагічны факультэт, паспяхова вытрымаўшы вялізны конкурс (13 чалавек на месца). Авалодваць методыкай выкладання прадмета, удасканальваць педагагічнае майстэрства ёй дапамагалі цудоўныя выкладчыкі, якіх настаўніца заўжды прыгадвае з асаблівымі падзякай і цеплынёй. Яшчэ ў студэнцкія гады Людміла Міхайлаўна зразумела, што быць педагогам — гэта не толькі жаданне стаць ім, а яшчэ і вялізная ўнутраная культура, пастаянная работа над сабой, самаўдасканальванне… І што гэта не толькі прафесія, а і прызванне.

Пасля заканчэння ВНУ малады спецыяліст па размеркаванню прыехала на працу ў Смілавіцкае ПТВ-23, затым перайшла ў СШ №2 г.п. Смілавічы. З трыццаці чатырох гадоў працоўнага стажу дваццаць аддадзена роднай школе.

Людміла Міхайлаўна Сіманава — прафесіянал высокага класа, таленавіты педагог, граматны метадыст, творчая асоба. Друкавалася ў часопісе «Русский язык и литература», «Настаўніцкай газеце», газетах «Знамя юности», «Раённы веснік». Яе вучні неаднаразова станавіліся пераможцамі раённай алімпіяды па рускай мове і літаратуры, прымалі ўдзел у абласной алімпіядзе (як, напрыклад, у мінулым і гэтым навучальным годзе). За сваю добрасумленную працу настаўніца ўзнагароджана Ганаровымі граматамі аддзела адукацыі.

Людміла Міхайлаўна імкнецца дапамагчы школьнікам не толькі авалодаць тонкасцю рускай мовы, адчуць усю яе прыгажосць, але і словам, сказаным і прачытаным, выхоўваць вучняў, абуджаць у іх дабрыню, міласэрнасць, суперажыванне.

На працягу некалькіх апошніх гадоў Людміла Міхайлаўна з’яўлялася кіраўніком гуртка «Літаратурная гасцёўня», арганізаванага на базе Цэнтра дзіцячай творчасці. З удзячнасцю прыгадваюць вучні падрыхтаваныя гурткоўцамі паэтычныя кампазіцыі і вечарыны, прысвечаныя творчасці Раждзественскага, Высоцкага, Асадава, Тушновай, Сіманава, Шукшына. Не раз гасцямі тут былі самадзейныя паэты Генадзь Аўласенка з Чэрвеня і Раіса Вераціла з Жураўкавічаў.

Рыхтуючыся да мерапрыемстваў, адкрытых урокаў, Людміла Міхайлаўна дасканала прадумвае іх. Падбірае цікавы матэрыял, знаходзіць разнастайныя формы, прыёмы і метады работы з дзецьмі, выкарыстоўвае на занятках новыя педагагічныя і інфармацыйныя тэхналогіі.

З усёй адказнасцю ставіцца настаўніца да сваіх прафесійных абавязкаў. Шмат часу і сіл падчас адпачынку ўдзяляе рамонту кабінета. Там заўсёды ўтульна: з густам падабраныя шпалеры, на сцяне размясціліся карціны, сістэматызаваны і акуратна расстаўлены на кніжных паліцах дыдактычны і наглядны матэрыял. У мінулым навучальным годзе Людміла Міхайлаўна выпусціла свой любімы 11 «Б» клас. З якімі пяшчотай і цеплынёй яна прыгадвае кожнага з выхаванцаў!

Мы, калегі Людмілы Міхайлаўны, не адзін год папрацаваўшы побач з ёю, ведаем, колькі душэўных сіл, энергіі ўкладвае яна ў сваю педагагічную працу, як перажывае за вучняў, як ёй часта не хапае дня і часам даводзіцца заседжвацца над кнігамі і сшыткамі дапазна. Галоўныя якасці, якія прыцягваюць ў ёй навакольных, — гэта прыстойнасць, інтэлігентнасць, добразычлівасць, сціпласць, тактычнасць, здольнасць суперажываць.

Не раз мы задавалі сабе пытанне: адкуль Людміла Міхайлаўна бярэ сілы і энергію, калі яна ўсю сябе, да рэшты, аддае працы?! Хто перадаў ёй тыя якасці, якія мае?! Думаецца, гэта ўсё ідзе з сям’і. Бацькі (мама — урач, тата — старшыня пасялковага выканкама, на жаль, іх ужо няма) на ўласным прыкладзе выхоўвалі ў дзецях працалюбства, сумленнасць, адказнасць. Не выпадкова, мабыць, сваё жыццё  з педагагічнай дзейнасцю звязалі сястра Валянціна — педагог-метадыст з 35-гадовым стажам і брат (з якім — блізняты) Аляксандр — дэкан аднаго з факультэтаў Расійска-беларускага ўніверсітэта (г.Магілёў). З імі ў Людмілы Міхайлаўны цёплыя, сяброўскія адносіны… Пры сустрэчы ім ёсць пра што расказаць адно аднаму. А нядаўна Людміла Міхайлаўна падзялілася з намі радасцю: яе брату ў гонар 50-годдзя ўтварэння ВНУ прысвоілі званне «Ганаровы выкладчык вышэйшай прафесійнай адукацыі».

Людмілу Міхайлаўну Сіманаву мы ведаем не толькі як цудоўнага спецыяліста, любячую сястру, але і як клапатлівую маці, верную жонку, гасцінную гаспадыню.

… Калісьці на пачатку творчага шляху малады педагог Людміла Міхайлаўна напісала заметку ў газету «Знамя юности» пад назвай «Што такое шчасце?». І цяпер, праз шмат гадоў, мы задалі ёй такое ж пытанне і пачулі ў адказ: «Шчасце для мяне — гэта любімая работа, спакой і ўзаемаразуменне ў сям’і».

Сёння ў нашай дарагой сяброўкі, паважанай калегі цудоўны юбілей.  Жадаем ёй моцнага здароўя, дабрабыту, творчага натхнення, душэўнай цеплыні, жаночай чароўнасці і святочнага настрою!

Тамара РУХЛОВА, Ала КАРАЛЁВА, калегі,

настаўніцы рускай мовы і літаратуры

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *