Лепшы машынны двор – у ААТ “Валевачы”

Аграрный сектор

Падведзены вынікі штогадовага раённага агляду добраўпарадкавання машынных двароў і гатоўнасці рамонтна-абслугоўваючай базы сельскагаспадарчых арганізацый для работы ў зімовых умовах, па падрыхтоўцы машынна-трактарнага парку да веснавых палявых работ 2012 года.

Падчас яго адмыслова створаная камісія, у склад якой увайшлі прадстаўнікі райсельгасхарчу, райаграсервіса, раённых інспекцый Дзяржтэхнагляду, прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, аддзела па надзвычайных сітуацыях, цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, прафсаюза работнікаў АПК, праверылі ў гаспадарках стан рамонтных майстэрняў і пунктаў тэхнічнага абслугоўвання, гаражоў для трактароў і аўтамабіляў, пляцовак для доўгатэрміновага захоўвання сельскагаспадарчай тэхнікі, стаянак рабочых машын, трактароў, аўтамабіляў, размяшчэння тэхнікі, якая чакае рамонту, складоў запасных частак, абменных вузлоў і агрэгатаў, вытворча-бытавых памяшканняў для механізатараў, іншых аб’ектаў, а таксама адпаведную дакументацыю.

Агляд засведчыў, што ў большасці гаспадарак прыняты меры па падрыхтоўцы рамонтных майстэрняў да работы ў зімовых умовах, тэхніка пастаўлена на доўгатэрміновае захоўванне, прадэфектавана, арганізаваны яе рамонт. У добрым стане ўтрымліваюцца машынныя двары ў ААТ «Валевачы», «Крыніца Ігуменшчыны», філіяле «Аграбокс» СП «Унібокс», СВФ «Аграбуд» ААТ «Мінскжалезабетон», эксперыментальнай базе «Натальеўск» і іншых сельгаспрадпрыемствах.

Разам з тым, у шэрагу гаспадарак да агляду падрыхтаваліся нездавальняюча. У прыватнасці, як паведамілі ў райсельгасхарчы, у КСУП «Ганута-Агра», сельгасфіліяле «Новыя Зелянькі» КУП «ГМЗ №1», Смілавіцкім аграрным каледжы агароджы мехдвароў не адрамантаваны. Тут адсутнічае тэхналагічны парадак, не ўсе аб’екты, пляцоўкі абазначаны таблічкамі з надпісамі па іх прызначэнню, нездавальняюча падрыхтаваны да работы ў зімовых умовах рамонтныя майстэрні, тэхнічнае абслугоўванне трактароў праводзіцца бессістэмна, тэхніка захоўваецца з парушэннямі нормаў Дзяржстандарту. Пэўныя недахопы таксама выяўлены падчас агляду ў філіяле КУП «Мінсктранс» СГК «Велікаполле».

Па выніках агляду першае месца прысуджана ААТ «Валевачы», другое — філіялу «Аграбокс», трэція — СВФ «Аграбуд» і ААТ «Крыніца Ігуменшчыны».

Пераможцы будуць узнагароджаны Ганаровымі дыпломамі райвыканкама, а таксама грашовымі прэміямі ў памеры 40, 30 і 20 базавых велічынь за першае, другое і трэція месцы, адпаведна.

Ігар АДАМОВІЧ

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *