Адроджаная традыцыя

Общество

Вельмі  ўсцешна, што Чэрвеньскі райвыканкам і раённы Савет дэпутатаў адрадзілі добрую традыцыю мінулых гадоў і пачалі прысвойваць самым дастойным землякам званне «Ганаровы грамадзянін раёна».

Сярод ганаровых грамадзян нашага раёна ёсць партызанскія камандзіры,   калгасныя старшыні, школьныя дырэктары, спартоўцы. Але, на вялікі жаль, у іх шэрагу няма ніводнага навукоўца. Няўжо Чэрвеньская зямля не дала свету людзей, чыя праца, чые адкрыцці значна прасунулі наперад навуку і не толькі айчынную, але і сусветную? Зусім  не так. Назаву некалькі імёнаў нашых сучаснікаў, якіх мы добра ведаем.

Аляксей Канстанцінавіч КАЎКА

(нарадзіўся ў 1937 годзе ў  в. Равецкі Бор  Чэрвеньскага раёна) — беларускі гісторык і літаратуразнаўца, грамадскі дзеяч. Доктар філалагічных навук (1991), кандыдат гістарычных навук (1971).

Скончыў БДУ (1961), Акадэмію грамадскіх навук пры ЦК КПСС (1971). 3 1954 на культурна-асветніцкай і камсамольскай рабоце. У 1971-79 і 1983-87 у Інстытуце эканомікі сусветнай сацыялістычнай сістэмы АН СССР,  у  1979-82 прадстаўнік Саюза савецкіх таварыстваў дружбы і культурных сувязяў з замежжам, саветнік пасольства СССР у Польшчы. 3 1987 галоўны рэдактар часопіса «Советское славяноведение», з 1989 у Інстытуце сусветнай літаратуры імя М. Горкага Расійскай АН.  Старшыня Рады Маскоўскага таварыства беларускай культуры імя Ф.Скарыны (1988-90).

Даследаваў гісторыю Польшчы, польскага рабочага руху, савецка-польскіх адносін. 3 канца 1970-х г. распрацоўвае праблемы адраджэння і станаўлення нацыянальнай самасвядомасці, творчасці Ф. Скарыны, Я. Купалы, К. Езавітава, І. Луцкевіча, В.Ластоўскага, М. Улашчыка і інш.  Укладальнік літаратурна-навуковых штогоднікаў «Скарыніч» (вып. 1-10, 1991-2011).

Жыве ў Маскве, але падтрымлівае трывалую сувязь з  Беларуссю. Штогод па некалькі разоў бывае ў Мінску, Чэрвені, супрацоўнічае з раённай бібліятэкай і краязнаўчым музеем,  друкуецца на старонках газеты «Раённы веснік».

20 верасня Аляксею Канстанцінавічу споўніцца 75 гадоў.

Міхаіл Міхайлавіч ПІКУЛІК

(нарадзіўся 19 красавіка 1948  года ў г. Чэрвені. — памёр 24 студзеня 2006 года ў Мінску), вучоны ў галіне герпеталогіі, экалогіі жывёл, аховы і выкарыстання жывёльнага свету. Член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (1994), доктар біялагічных навук (1993), прафесар (1998).

Пасля заканчэння з залатым медалём Чэрвеньскай сярэдняй школы №2 паступіў у  Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя М. Горкага, які скончыў з адзнакай у 1971 годзе. З 1976 г.  малодшы, затым старшы навуковы супрацоўнік, з 1985 г. намеснік дырэктара па навуковай рабоце, у 1995-2001 гг. дырэктар Інстытута заалогіі Нацыянальнай АН Беларусі, адначасова з 1988 г. загадчык лабараторыі.

Распрацаваў асноўныя палажэнні ландшафтнай герпеталогіі — новага навуковага кірунку, звязанага з вывучэннем характару і ступені ландшафтнай дыферэнцыяцыі фауны, межаў арэалаў, структуры насельніцтва і ўнутрывідавай зменлівасці амфібій і рэптылій. Правёў сістэмнае вывучэнне герпетафауны Беларусі.   Абгрунтаваў новыя падыходы да комплекснага выкарыстання герпетафауны як аб’екта экалагічнага маніторынгу, распрацаваў рэкамендацыі па аптымізацыі яе аховы. Пад яго кіраўніцтвам і пры непасрэдным удзеле праведзены даследаванні па ацэнцы дынамікі фауны, а таксама наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС у фарміраванні біялагічнай разнастайнасці дзікай фауны.

Міхаіл Міхайлавіч даследаваў фауну вялікай краіны. Але найбольшую частку душы аддаваў нашым мясцінам — басейну ракі Бярэзіны.

Ён аўтар больш за 230 навуковых прац.

Яўген Фёдаравіч ЛУНЕЦ

(1932-1987) нарадзіўся ў вёсцы Аляксандраўка Чэрвеньскага раёна.  У 1950 г.  ён скончыў Чэрвеньскую сярэднюю школу №1, у 1956 г. Мінскі дзяржаўны медыцынскі інстытут. З 1956 г. па 1960г. працаваў практычным лекарам у Чэрвеньскім раёне. З 1960 па 1963 г.  Я .Ф. Лунец займаўся ў аспірантуры па спецыяльнасці «Нейрахірургія», абараніў кандыдацкую дысертацыю. З 1964г. працаваў ардынатарам нейрахірургічнага аддзялення Мінскай абласной бальніцы. Са студзеня 1966 г. — малодшы навуковы супрацоўнік, з кастрычніка 1966 г. — старшы навуковы супрацоўнік, а з снежня 1967г. кіраўнік лабараторыі гіпаксіі галаўнога мозгу Беларускага навукова-даследчага інстытута неўралогіі, нейрахірургіі і фізіятэрапіі. З 1966г. працаваў над праблемай вострай ішэміі галаўнога мозгу.

У 1971г. Я.Ф. Лунец абараніў доктарскую дысертацыю.  Ён неаднаразова выступаў з дакладамі на міжнародных, усесаюзных і рэспубліканскіх з’ездах, канферэнцыях,сімпозіумах.

У 1975г. перайшоў на працу ў БДУ на пасаду прафесара кафедры фізіялогіі чалавека і жывёл і адначасова арганізаваў аддзел біяэнергетыкі праблемнай навукова — даследчай лабараторыі эксперыментальнай біялогіі. З 1977 па 1985 гг. быў загадчыкам кафедры . У пачатку 1980-х гг. выказаў ідэю аб магчымасці фармакалагічнай карэкцыі пашкоджаных органаў з дапамогаю антыаксідантаў. У гэты перыяд былі сінтэзаваны і абаронены аўтарскімі правамі больш за 15 новых злучэнняў.

Я. Ф. Лунец  апублікаваў больш за 80 работ, атрымаў 8 пасведчанняў на рацпрапановы. Пад яго кіраўніцтвам абаронены больш за 10 кандыдацкіх і адна доктарская дысертацыя.

29 красавіка гэтага года спаўняецца 80 гадоў з дня народзінаў нашага выдатнага нейрафізіёлага.

Мяркую, што Чэрвеньскі раённы выканаўчы камітэт і раённы Савет дэпутатаў неўзабаве прымуць рашэнне аб уганараванні гэтых нашых вядомых навукоўцаў званнем «Ганаровы грамадзянін Чэрвеньскага раёна».

Уладзімір Дарагуж,

краязнаўца

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *