Зверылi работу з патрабаваннямi статута

Общество

Амаль два гады, якія мінулі пасля шостага з’езда Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, былі для Чэрвеньскай раённай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў аграпрамысловага комплексу перыядам актыўнай дзейнасці па выкананню патрабаванняў Статута галіновага прафсаюза. Пра гэта і задачы па далейшаму ўдасканаленню работы пярвічных прафсаюзных арганізацый ішла зацікаўленая размова на пленуме райкама прафсаюза.

Выступаючы з дакладам, яго старшыня Тамара Сакалоўская зазначыла, што  Статут з’яўляецца асноўным дакументам, які рэгулюе жыццё прафсаюза, падрабязна акрэсліла накірункі работы гэтай аўтарытэтнай і шматлікай у раёне грамадскай арганізацыі. На сённяшні дзень у яе радах 4904 чалавекі. Яны аб’яднаны ў 36 пярвічных арганізацый, якія з’яўляюцца асноўнымі структурнымі падраздзяленнямі, своеасаблівым барометрам грамадскай думкі, настрою ў працоўных калектывах. А гэта 16 сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, 5 будаўнічых арганізацый, 10 абслугоўваючых арганізацый і ўстаноў, 4 арганізацыі навучальных устаноў, рыбная гаспадарка. 99,4 працэнта працуючых тут — члены прафсаюза. Актуальнасцю для кожнага з іх абмяркоўваемага пытання абумоўлена было шырокае прадстаўніцтва на пленуме.

У яго рабоце бралі ўдзел старшыня абкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Андрэй Някрэвіч, першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Іван Малахаў, начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай работы райвыканкама Наталля Дмухоўская, начальнік аддзела ідэалагаічнай работы райвыканкама Ірына Батура, намеснік начальніка ўпраўлення, начальнік аддзела па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Тамара Дзядзюк.

Умацоўваючы структурную дзейнасць пярвічных арганізацый, райкам і прафсаюзныя камітэты, па словах Тамары Сакалоўскай, прыярытэтнымі ў сваёй рабоце вызначылі сацыяльнае партнёрства з наймальнікамі, сацыяльна-эканамічную і прававую абарону членаў прафсаюза, удасканаленне ўнутрыпрафсаюзнай работы, забеспячэнне актыўнага ўдзелу членаў прафсаюза ў жыцці арганізацыі.

 

ДЫЯЛОГ ПАРТНЁРСТВА

 

Ва ўмовах, калі сацыяльна-эканамічнае становішча сельскіх працаўнікоў застаецца больш чым сціплым, райкам прафсаюза і камітэты пярвічных арганізацый мэтанакіравана  засяроджваюць свае намаганні на дапамозе людзям праз удасканаленне калектыўна-дагаварной работы. Тым самым яны дабіваюцца павышэння сацыяльнай абароны працаўнікоў у павелічэнні заработнай платы, матэрыяльнага стымулявання, стварэння належных умоў працы і быту, іншых дадатковых  льгот. Гэта на канкрэтных прыкладах пераканаўча засведчылі ў сваіх выступленнях Леанід Савошчык — інжынер-будаўнік, старшыня прафкама рыбгаса “Волма”, Таццяна Рак — намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце, член райкама прафсаюза, старшыня прафкама ААТ “Х з’езд Саветаў”, Таццяна Кароткая — майстар вытворчага навучання, член райкама прафсаюза, старшыня прафкама навучэнцаў Смілавіцкага сельскагаспадарчага ліцэя, Сяргей Пілецкі  — загадчык майстэрняў, грамадскі інспектар па ахове працы прафкама Смілавіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа, Алена Лізура — начальнік цэха, член райкама прафсаюза, старшыня прафкама ЗАТ “Турэц”, Нэлі Альшэўская — намеснік дырэктара па аграхімабслугоўванню, член райкама прафсаюза, старшыня прафкама райаграсервіса.

Па словах Тамары Сакалоўскай, дзейснай стала практыка шырокай галоснасці падчас заключэння калектыўных дагавароў. У іх распрацоўцы даецца магчымасць прымаць удзел усім членам калектыва. Пры гэтым прафсаюзныя камітэты імкнуцца замацаваць палажэнні, якія прадугледжваюць узаемныя з наймальнікам абавязкі па павышэнню эфектыўнасці вытворчасці і жыццёвага ўзроўню не толькі працуючых, але і тых, хто знаходзіцца на заслужаным адпачынку і па магчымасці ўносіць пэўны ўклад у развіццё вытворчасці. Спрыяе прадастаўленню сацыяльных льгот і гарантый таксама Тарыфнае пагадненне, заключанае паміж раённай прафсаюзнай арганізацыяй і ўпраўленнем сельскай гаспадаркі і харчавання. У выніку сёлета эканамічная эфектыўнасць калектыўных дагавароў у дачыненні да кожнага працаўніка за першае паўгоддзе склала ад 300 да 600 тысяч рублёў. Сюды ўваходзяць выплаты за стаж работы, да юбілейных дат, пры заключэнні шлюбаў, нараджэнні дзіцяці, выхадзе на пенсію, дапамога маладым спецыялістам, зніжэнне кошту харчавання, выплаты на пахаванне блізкіх сваякоў, апрацоўка прысядзібных участкаў, нарыхтоўка сена і іншыя.

 

ЛІЧБЫ  ГАВОРАЦЬ ЗА СЯБЕ

 

Паводле выступленняў удзельнікаў пленума важным накірункам прафсаюзнай арганізацыі з’яўляецца работа па абароне правоў і інтарэсаў працаўнікоў.

— У сувязі з інфляцыяй мы праяўляем настойлівасць у тым, каб налічвалася і выплачвалася індэксацыя зарплаты, — зазначыла Тамара Сакалоўская.

Апроч таго, сёлета за 11 месяцаў праведзены грамадскі кантроль у 27 калектывах, пасля чаго выдана 25 рэкамендацый, якія наймальнікі выканалі. Падчас гэтай работы абаронены правы і законныя інтарэсы 428 працаўнікоў-членаў прафсаюза. Ім наймальнікі даплацілі 71,8 мільёна рублёў. У Смілавіцкім аграрным каледжы 39 членаў прафсаюза за шкодныя ўмовы працы атрымалі 5388,8 тысячы рублёў, у райаграсервісе вадзіцелям даплацілі 870,2 тысячы рублёў да ўзроўню мінімальнай заработнай платы, у ААТ “Запольскае” шасці працаўнікам — 1297,2 тысячы рублёў за звыштэрміновую работу і да ўзроўню мінімальнай зарплаты, у ААТ “Раванічы” 76 працаўнікоў-членаў прафсаюза атрымалі 9310,8 тысячы рублёў даплаты за шкодныя ўмовы працы, у ААТ “Лядзенскі” вернуты незаконна ўтрыманыя з жывёлаводаў грошы і даплочана да ўзроўню мінімальнай заработнай платы 74 працаўнікам 6359,2 тысячы рублёў, у рыбгасе “Волма” ў адпаведнасці з калектыўным дагаворам 84 членам прафсаюза выплачана 41965,6 тысячы рублёў аднаразовай дапамогі да адпачынку, у ААТ “Раванічы” 76 чалавекам даплата за жнівень-кастрычнік і лістапад склала 10296,6 тысячы рублёў, у Чэрвеньскай ПМС 14 членам прафсаюза ў адпаведнасці з калектыўным дагаворам выплачана дапамога да адпачынку 3055240 рублёў.

Падобныя факты мелі месца і ў іншых працоўных калектывах. Падчас ажыццяўлення грамадскага кантролю за выкананнем наймальнікамі заканадаўства аб працы былі выяўлены і запатрабаваны да ўхілення наступныя парушэнні: нясвоечасовая выплата пры звальненні з работы; нявыплата сярэдняга заработку за два дні да пачатку адпачынку; непрадастаўленне выхадных дзён; фармальны суміраваны ўлік рабочага часу; няправільная аплата за работу звыш устаноўленай нормы; парушэнні калектыўнага дагавора па выплаце зарплаты.

Выяўляліся парушэнні і жыллёвага заканадаўства. У прыватнасці, спіскі чарговасці на атрыманне жылля не вывешваліся на стэндах, на чаргу ставілі без прадастаўлення неабходных дакументаў і іншае. Маюць месца факты, калі кіраўнік самавольна сваім рашэнне выдзяляе жыллё без згоды на тое прафсаюзнага камітэта.

Адказна ставіцца райкам прафсаюза да работы са зваротамі грамадзян. Тут штодзень вядуць прыём членаў прафсаюза, дапамагаюць у вырашэнні ўзнікшых пытанняў, даюць неабходныя кансультацыі. За 10 месяцаў разгледжана 28 пісьмовых зваротаў, 11 чалавек наведаліся сюды асабіста, 50 звярнуліся па тэлефоне.

 

ПАБАЧЫЦЬ І ПАПРАВІЦЬ

 

Як зазначалі ўдзельнікі пленума, гэта  не проста сфера дзейнасці чалавека ў працэсе вытворчасці, а вельмі важная ўмова, ад якой залежаць здароўе і жыццё. Таму райкам прафсаюза і пярвічныя арганізацыі трымаюць у полі зроку захаванне на вытворчасці бяспечных умоў працы. Тамара Сакалоўская распавяла, што канкрэтна робіцца, акрэсліла праблемныя пытанні.

Сёлета за 10 месяцаў праведзена 11 праверак выканання заканадаўства па ахове працы. Пасля іх наймальнікам выдана  дзевяць прадстаўленняў, паводле якіх неабходна ўхіліць 56 парушэнняў.

У раёне створана і працуе мабільная група, якая правярае стан бяспекі на вытворчасці падчас наведвання сельскагаспадарчых арганізацый. Найбольш характэрныя парушэнні, якія даводзілася выяўляць,  Тамара Сакалоўская назвала ў сваім выступленні з мэтай недапушчэння іх у далейшым. Гэтак жа паставілася яна і да недахопаў, якія маюць месца ў санітарным стане вытворчых і бытавых памяшканняў.

 

АЦЭНКА ЗДАВАЛЬНЯЮЧАЯ. ПРАЦА ПРАЦЯГВАЕЦЦА

 

Аналізуючы работу райкама і прафсаюзных камітэтаў па выкананню патрабаванняў Статута галіновага прафсаюза, удзельнікі пленума станоўча характарызавалі іх ролю ў арганізацыі працоўнага спаборніцтва, конкурсаў прафесійнага майстэрства, на лепшую ферму, лепшую прафсаюзную арганізацыю, лепшы калектыўны дагавор, падрыхтоўку і правядзенне святаў “Зажынкі”, “Дажынкі”, Дня працаўнікоў сельскай гаспадаркі, спартыўных спартакіяд, семінараў для прафсаюзных актывістаў, работу з маладымі спецыялістамі і навучэнцамі сельскагаспадарчых навучальных устаноў.

З гонарам узгадала старшыня райкама прафсаюза Тамара Сакалоўская ў сваім выступленні, што сёлета пераможцамі ў абласным аглядзе-конкурсе па быту на вытворчасці прызнана малочна-таварная ферма “Любішына” КСУП “Эксперыментальная база “Натальеўск”, грамадскі інспектар па ахове працы ААТ “Запольскае” Галіна Пінчук, ААТ “Х з’езд Саветаў“ Валянціна Цюлюпа, грамадскі інспектар прафкама Смілавіцкага аграрнага каледжа Сяргей Пілецкі, а таксама раённага агляду-конкурсу — малочна-таварная ферма “Агра-Бокс-Заатэх”.

Прыемнай была і вестка аб тым, што на гэты навучальны сяместр стыпендыя абласнога камітэта прафсаюза аграпрамысловага комплексу прызначана навучэнцы Смілавіцкага сельскагаспадарчага ліцэя Кацярыне Крывашэевай. Адпаведнае пасведчанне яна атрымала на пленуме з рук кіраўніка гэтай арганізацыі Андрэя Някрэвіча.

Не пакінулі ўдзельнікі пленума без увагі і дзейнасць раённай прафсаюзнай арганізацыі па ажыццяўленню  Дырэктывы №18 “Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у няблаганадзейных сем’ях”.

Аднагалосным рашэннем пленум адзначыў, што прафсаюзныя камітэты, апарат раённай арганізацыі прафсаюза аграпрамысловага комплексу забяспечваюць выкананне асноўных мэт і задач, прадугледжаных Статутам  галіновага прафсаюза. Прынятая пастанова абавязвае працягваць гэтую работу, засяродзіўшы ўвагу на ўхіленні акрэсленых у выступленнях праблемных пытаннях.

 

Аляксандр БУШЭНКА

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *