«ЗОРКА МАКСІМА ЎЗЫШЛА НАД ЗЯМЛЁЮ»

Духовность

Пад такой назвай у актавай зале Чэрвеньскай школы мастацтваў ладзілі вечарыну, прысвечаную 120-ым угодкам слыннага беларускага паэта Максіма Багдановіча. На яе завіталі сябры аматарскіх аб’яднанняў «Ветразь», «Журавінка», «Бонда», супрацоўнікі аддзела культуры, бібліятэкі, музея, раённага цэнтра культуры і адпачынку, выкладчыкі школы мастацтваў, вучні і проста прыхільнікі таленту творцы, аматары паэзіі.

… На працягу ўсяго мерапрыемства яго вочы, здавалася, пільна ўглядаліся ў прысутных — з партрэта на сцэне, з музейных фотаздымкаў на экране… Не па-юнацку сур’ёзныя, мудрыя, разважлівыя вочы, якія, здавалася, зазіралі прама ў душу да кожнага. Магія асобы Максіма Багдановіча — таемнай, трагічнай, неразгаданай у чымсьці да гэтага часу, чароўнасць яго радкоў — летуценных, кранальных, сардэчных — панавалі падчас вечарыны. І ўсё, што адбывалася там, так лёгка і нязмушана клалася на сэрца, заварожваючы і захапляючы…

Напачатку пра Максіма Багдановіча з экрана гаварылі класікі — Янка Брыль, Якуб Колас, Максім Танк, Ніл Гілевіч… Гэта былі важкія словы мэтраў беларускай літаратуры пра калегу, які і ў маладым узросце зрабіў так многа, каб назаўсёды застацца ў памяці не аднаго пакалення…

Яго празаічны твор «Музыка» кранальна прадэкламаваў на памяць Дзіма Колтун пад шчымлівыя гукі скрыпкі Святланы Кузьміч (на здымку). А затым слова ўзяла вядучая (яна ж — аўтар сцэнарыя і рэжысёр мерапрыемства) Ларыса Шаўчэнка, якая ў мастацкай форме пазнаёміла прысутных з асноўнымі біяграфічнымі звесткамі і вехамі творчасці Максіма Багдановіча, блізкага і дарагога нам яшчэ і таму, што тут, у Ігумені, нарадзілася яго маці. Верш Святланы Адамовіч «Марыля», прысвечаны ёй,  прадэкламавала Святлана Ждановіч. А на экране ў гэты час дэманстраваўся фотаздымак з фондаў Чэрвеньскага раённага краязнаўчага музея, дзе знята Марыля Мякота разам з маленькім Максімам.

Пра прыезд паэта пасля заканчэння гімназіі ў Вільню, гісторыю напісання верша «Пагоня», прадстаўленне Багдановіча творчай інтэлігенцыі Беларусі літаральна за некалькі месяцаў да яго трагічнай смерці распавёў і прадэкламаваў згаданы верш Уладзімір Дарагуж.

А пасля са слоў вядучай і вершаваных радкоў Багдановіча паступова вымалёўваўся вобраз чулага юнака з надзвычай уразлівай душой. Верш «Страцім-лебедзь» прачыталі Кацярына Дзямахіна і Аляксандр Шыфрын, «Родны край» — Наталля Маланка… Голас за кадрам прадставіў літаратурнае чытанне твораў «Маладыя гады», «Набягае яно», «Я хацеў бы спаткацца з Вамі…».

Прыемнай неспадзяванкай сталіся відэазапісы з канцэртаў «Песняроў» на вялікім экране, адшуканыя Уладзімірам Дарагужом, дзе яны спяваюць песні на словы Максіма Багдановіча. Сапраўды, стае музычнасці ў яго вершах. А як прыемна было бачыць маладых, поўных сіл і творчых задум Уладзіміра Мулявіна, Валерыя Дайнэку, Леаніда Барткевіча ды іншых удзельнікаў калектыву. Яшчэ маладыя, яшчэ ўсе разам… «Па-над белым пухам вішняў», «Вераніка», «Зорка Венера», «Слуцкія ткачыхі»… Пасля кожнага відэазапісу хацелася гучна апладзіраваць — таленту паэта, кампазітараў, выканаўцаў, паяднаных беларускай песняй. І ўвогуле, бы на сапраўдным канцэрце «Песняроў» пабылі…

А калі Ларыса Шаўчэнка аб’явіла, што мерапрыемства скончана, з залы пачуліся ўздыхі і словы: «А так не хочацца…» Сапраўды, сорак пяць хвілін праляцелі неўпрыкмет. Але хацелася наталяцца крыштальнай чысцінёй паэзіі Максіма Багдановіча яшчэ і яшчэ…

Дарэчы, вельмі шкада, што так мала вучняў завітала на мерапрыемства. А ім варта было б пачуць і ўбачыць усё гэта. Магчыма, вечарыну трэба паўтарыць і для іх таксама? Годнае мерапрыемства… Душэўнае… Якраз тое, чаго не стае ў будзённай мітусні ці не большасці з нас…

Святлана АДАМОВІЧ.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *