ЗАПРАШАЕ «РОДНЫ КУТ» У ВАЛЕВАЧАХ

Общество

У мінулы аўторак новы магазін №95 Чэрвеньскага райспажыўтаварыства распачаў тут сваю работу. Традыцыйную стужачку перарэзалі старшыня райспажыўтаварыства Сяргей Веракса, намеснік старшыні райвыканкама па эканоміцы Алена Шлома і старшыня  Мінскага абласнога саюза спажывецкіх таварыстваў Валерый  Марынічаў (злева направа). На адкрыццё магазіна сабралася даволі шмат вяскоўцаў. Пакупнікоў цікавіла, ці зможа задаволіць ён іх попыт. І не расчараваліся. Прыгожы будынак не толькі знешне. Для зручнасці тут зрабілі прыстасаванне для паркоўкі веласіпедаў. Прыемна ўразіла і светлая гандлёвая зала ў сто квадратных метраў з халадзільным абсталяваннем, шматлікімі стэлажамі, напоўненымі разнастайнымі прадуктамі харчавання, прамысловымі таварамі. Прадаўцы Дзіяна  Яроцкая, Вольга  Куценка разам з загадчыцай Людмілай Скорынай з радасцю абслугоўвалі сваіх  пакупнікоў, якія набывалі хлеб і каўбасы, алей і крупы, чай і цукеркі, малако, масла… Некаторыя прыглядаліся да навагодніх ёлачных цацак і сувеніраў, цікавіліся посудам і бялізнай, мыючымі сродкамі. А самай першай пакупніцы пашанцавала: загадчыца магазіна ўручыла ёй у якасці падарунка бутэльку шампанскага. Так што будзе з чым жанчыне святкаваць Новы год ды з удзячнасцю ўзгадваць райспажыўтаварыства.

Раней у Валевачах былі толькі дзве прыватныя  гандлёвыя кропкі, і многія вяскоўцы за некаторым неабходным таварам накіроўваліся за некалькі кіламетраў у суседнюю Карпілаўку. Цяпер жа ў гэтым няма патрэбы. Будынак новага магазіна ўзведзены ў бойкім месцы — паблізу дырэкцыі мясцовай гаспадаркі, побач з аддзяленнем «Беларусбанка» і сельскага Дома культуры.

У Валевачоўскі «Родны кут» наведаўся і старшыня райвыканкама Іван Пятровіч Муха (на здымку злева). Ён агледзеў гандлёвую залу, пацікавіўся некаторымі пытаннямі, паслухаў водгукі  пакупнікоў і застаўся задаволены.

Эма МІКУЛЬСКАЯ.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *